У Тайляндзе трэці дзень працягваецца выратавальная апэрацыя. На паверхню выведзенае дзявятае дзіця, у пячоры пакуль яшчэ застаюцца трое падлеткаў і іх трэнэр.
У нядзелю ратавальнікам удалося вывесьці зь пячоры чатырох дзяцей, а ў панядзелак — яшчэ чатырох. Як паведаміў раніцай у аўторак на прэс-канфэрэнцыі кіраўнік каардынацыйнага штабу апэрацыі Наронгсак Асатанакорн, ён спадзяецца, што апэрацыя хутка будзе завершаная:
«Нашы ратавальнікі здолелі адпрацаваць тэхналёгію, і цяпер вывад кожнага дзіцяці займае толькі дзьве гадзіны», — падкрэсьліў ён. Аднак, калі будзе завершаная апэрацыя, начальнік штабу гаварыць адмовіўся, сказаўшы толькі, што ў сераду ратавальнікі плянуюць працаваць каля 20 гадзін.
Інфаграфіка Reuters пра тое, як праходзіць выратавальная апэрацыя:
Ён таксама ня змог сказаць, ці будуць у сераду выратаваныя ўсе пяць чалавек, але заўважыў, што штаб паспрабуе выратаваць усіх.
Паводле яго, на месцы працуюць 100 ратавальнікаў, уключаючы 18 дайвэраў з розных краін сьвету.
23 чэрвеня 12 чальцоў дзіцячай футбольнай каманды ва ўзросьце ад 11 да 16 гадоў і іх трэнэр схаваліся ў тайляндзкай пячоры ад дажджоў, але апынуліся ў пастцы: уваход у пячору неўзабаве затапіла з-за ліўняў. Хлопчыкаў удалося знайсьці толькі празь дзевяць дзён, пры гэтым уваход у пячору па-ранейшаму знаходзіцца пад вадой, і дабрацца да дзяцей можна толькі праз вузкае «жарало», у якім зь цяжкасьцю зьмяшчаецца адзін чалавек.
Сама пячора Тхам Луанг складаецца з вузкіх праходаў, якія вядуць да грота, і расьцягнутая на 10 кіламетраў.
Вось ужо два дні кожнае дзіця праз вузкае затопленае «жарало» ва ўмовах нулявой бачнасьці выводзяць двое вадалазаў. Адзін зь іх трымае балён са сьціснутым паветрам, якім можа дыхаць дзіця, другі – накіроўвае групу ва ўмовах практычна нулявой бачнасьці. Сытуацыю ўскладняе тое, што некаторыя дзеці ня ўмеюць плаваць.