Нямецкія выданьні Bild і Süddeutsche Zeitung абвінавацілі зборную Расеі ў выкарыстаньні допінгу на Чэмпіянаце сьвету па футболе.
Яны заявілі, што перад кожнай гульнёй расейскія футбалісты ўдыхалі танізуючае рэчыва, якое дапамагала ім атрымліваць фізычную перавагу над супернікамі.
У якасьці доказу журналісты апублікавалі фота расейскіх гульцоў, якія затуляюць насы далоньню. Здымкі былі зробленыя ў падтрыбунных памяшканьнях. Як сьцьвярджаюць выданьні, расейскія спартоўцы ўдыхалі аміяк, які дапамагае стымуляваць дыханьне і паляпшае рух кіслароду ў крыві.
Журналісты пры гэтым прызнаюць, што аміяк не зьяўляецца забароненым рэчывам.
Пазьней у Süddeutsche Zeitung зьявіўся камэнтар прадстаўніка расейскай каманды, які пацьвердзіў факт выкарыстаньня аміяку перад матчам з Гішпаніяй.
Лекар зборнай Расіі Эдуард Бязвуглаў пракамэнтаваў сайту championat.com матэрыял нямецкіх журналістаў:
«Гаворка ідзе пра звычайны нашатырны сьпірт, які выкарыстоўваецца ў сусьветным спорце шмат гадоў самымі рознымі краінамі».