Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менгарвыканкам забараніў пікеты супраць акумулятарнага заводу пад Берасьцем ля адміністрацыі прэзыдэнта


Мітынг «Берасьцейкі супраць сьвінцу» ў Берасьці, 29 красавіка
Мітынг «Берасьцейкі супраць сьвінцу» ў Берасьці, 29 красавіка

Жыхары Берасьця і Берасьцейскага раёну падавалі заяўкі на пікеты ў Менску супраць будаўніцтва ў Берасьцейскай вобласьці акумулятарнага заводу. Частку заявак Менгарвыканкам ужо адхіліў, піша БелаПАН.

Дзьве адхіленыя заяўкі тычыліся пікетаў на пляцоўцы каля адміністрацыі прэзыдэнта. Усяго падавалі 6 заявак — тры ля адміністрацыі, яшчэ тры — ля Дома ўраду на плошчы Незалежнасьці. Лёс астатніх чатырох заявак пакуль невядомы.

Напэўна, заяўкі адхілілі таму, што ў Беларусі забаронена ладзіць масавыя мерапрыемствы ў радыюсе 50 мэтраў ад будынкаў органаў дзяржаўнага кіраваньня.

Як расказаў праваабаронца Раман Кісьляк, пікетамі ў Менску берасейцы хацелі зьвярнуць увагу на будаўніцтва заводу «АйПаўэр», бо «берасьцейскія чыноўнікі спрабуюць замяць незадаволенасьць людзей супраць гэтай небясьпечнага вытворчасьці».

Раней у адміністрацыю прэзыдэнта накіравалі больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця — як сьцьвярджаецца ў пэтыцыі, тыя «нядобрасумленна выконваюць свае прамыя службовыя абавязкі, ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду, якая чыніцца навакольнаму асяродзьдзю і здароўю людзей».

Мітынг «Берасьцейцы супраць сьвінцу» ў Берасьці, 29 красавіка
Мітынг «Берасьцейцы супраць сьвінцу» ў Берасьці, 29 красавіка

У Берасьці далёка не заўсёды дазваляюць мітынгі супраць будаўніцтва заводу. 29 красавіка прайшоў дазволены мітынг, але і да яго, і пасьля ладзіліся несанкцыянаваныя флэшмобы. Так, на мінулым тыдні праціўнікі будаўніцтва заводу «гулялі ў футбол» на плошчы Леніна ў цэнтры Берасьця. Мітынг, які плянаваўся 10 чэрвеня ў цэнтры Берасьця, забаранілі.

У Ленінскім судзе Берасьця ідзе суд над праціўнікамі заводу Дзьмітрыем Бекалюком і Алегам Ярмоленкам, якіх вінавацяць у арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства. У час паседжаньня 6 ліпеня прысутныя масава паказвалі судзьдзю плякаты з карцінай нідэрляндзкага мастака Герарда Давіда «Суд Камбіса» («Зьдзіраньне скуры з прадажнага судзьдзі»).

«Ня хочам, каб нас патруцілі». 37 тысяч жыхароў Берасьця пратэстуюць супраць будаўніцтва новага заводу

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці ідуць ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі. Штонядзелі пратэстоўцы выходзяць на цэнтральную плошчу ў Берасьці.​

Будаваць акумулятарны завод пад Берасьцем у канцы 2017 году пачала кампанія «АйПаўэр» Віктара Лемяшэўскага. Падрадчыкам выступае Аньхойская замежнаэканамічная будаўнічая карпарацыя (Кітай).

Завод будуецца каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназуе, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.

27 сакавіка суд Маскоўскага раёну Берасьця адмовіў грамадзянам і грамадзкаму аб’яднаньню «Экадом» у задавальненьні пазову супраць ТАА «АйПаўэр» і Берасьцейскага аблвыканкаму.

Пазоўнікі прасілі спыніць будоўлю акумулятарнага заводу, пакуль ня будзе паўторнага грамадзкага абмеркаваньня актуальнай справаздачы пра ацэнку яго ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе.

Лекарку зь Берасьця звольнілі пасьля мітынгу супраць акумулятарнага заводу

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG