Як паведаміў агенцтву БелаПАН праваабаронца Раман Кісьляк, 7 чэрвеня шэсьць жыхароў Берасьця і Берасьцейскага раёну падалі ў Берасьцейскі гарвыканкам заяву.
У ёй яны апавясьцілі мясцовую ўладу, што 10 чэрвеня на адной з пляцовак у цэнтры гораду маюць намер давесьці да жыхароў рэгіёну зьмест адказу ўрадавай камісіі на калектыўны зварот супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу, пад якім падпісаліся амаль 37 тысяч жыхароў Берасьця і Берасьцейскага раёну. Яны лічаць, што завод пагражае іх здароўю.
Паводле слоў праваабаронцы, 8 чэрвеня чатырох з шасьці падпісантаў заявы выклікалі ў пракуратуру Берасьця позвамі. З позваў вынікала, што актывістам неабходна зьявіцца для дачы тлумачэньняў, зьвязаных з парушэньнем заканадаўства аб парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў.
«У пракуратуры ім вынесьлі афіцыйныя папярэджаньні аб недапушчальнасьці парушэньня закону „Аб масавых мерапрыемствах“, палічыўшы інфармаваньне масавай акцыяй, што неправамерна, — сказаў Кісьляк. — Актывістаў грамадзкай кампаніі супраць гэтага заводу вяжуць па руках і нагах. Не даюць зьбіраць подпісы, перашкаджаюць інфармаваньню жыхароў Берасьця пра зьмест адказу чыноўнікаў на калектыўны зварот».
Праваабаронца падкрэсьлівае, што пасьля правядзеньня 29 красавіка санкцыянаванага ўладамі мітынгу «Брэстаўчанкі супраць сьвінцу», на які сабралася каля дзьвюх тысяч чалавек, праціўнікаў акумулятарнага заводу запалохвалі і чынілі супраць іх рэпрэсіі. «Улады кінулі ўсе сілы, каб зьбіць грамадзкую актыўнасьць супраць гэтага заводу», — лічыць Кісляк.
1 чэрвеня ў Берасьцейскі райвыканкам пададзеная заяўка на правядзеньне двух пікетаў «Брэстаўчанкі супраць сьвінцу» — 19 і 26 чэрвеня побач з будоўляй.
5 чэрвеня ў Брэсцкі гарвыканкам пададзеная заяўка на сем пікетаў супраць акумулятарнага заводу: 22, 23, 25, 27, 28, 29 і 30 чэрвеня на пешаходнай пляцоўцы на адной з вуліц у цэнтры гораду.
Раней у Берасьцейскі гарвыканкам былі пададзеныя заяўкі на правядзеньне ў цэнтры гораду трох акцый супраць акумулятарнага заводу: двух мітынгаў (31 сакавіка і 10 чэрвеня), а таксама дэманстрацыі і мітынгу «Марш супраць сьвінцу» (3 чэрвеня). Мясцовая ўлада іх забараніла на падставе таго, што ў адпаведнасьці з рашэньнем гарвыканкаму, на гэтых пляцоўках не дапускаецца правядзеньне масавых мерапрыемстваў.
***
Будаўніцтва акумулятарнага заводу пачалося на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне «Брэст». Будаўніцтва вядзе ТАА «АйПаўэр» — рэзыдэнт СЭЗ, падрадчык — кітайскае ТАА «Аньхойская зьнешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя». На заводзе плянуецца наладзіць поўны цыкл вытворчасьці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.
Амаль 37 тысяч подпісаў супраць будаўніцтва заводу былі перададзеныя ў Адміністрацыю прэзыдэнта ў лютым. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту будаўніцтва заводу. 17 траўня на гэты адказ камісіі была накіраваная адпаведная скарга на імя Аляксандра Лукашэнкі.