У Маскоўскім судзе Берасьця адмовілі ў пазове лекарцы абласной лякарні Тацяне Фесікавай. Яна хацела аднавіцца на працы, зь якой яе звольнілі пасьля ўдзелу ў мітынгу супраць акумулятарнага заводу.
Тацяна Фесікава хацела вярнуцца на працу ў Берасьцейскую абласную лякарню, спагнаць кампэнсацыю за змушаны прагул, а таксама маральную кампэнсацыю ў памеры 500 рублёў.
Лекарку зь Берасьця звольнілі пасьля мітынгу супраць акумулятарнага заводу
Аднак суд адмовіў у пазове на падставе таго, што Фесікава, сумяшчаючы гэту працу зь іншай, «не заявіла аб сабе як аб асноўным працаўніку і не паведаміла адказчыку пра адсутнасьць у яе асноўнага месца працы».
Мітынг «Берасьцейкі супраць сьвінцу» адбыўся 29 красавіка. На ім выступіла і Тацяна Фесікава, якая выказала засьцярогу ў сувязі з узьвядзеньнем акумулятарнага заводу пад Берасьцем.
«Нам тут жыць». Да 2000 берасьцейцаў выйшлі на мітынг супраць «бруднага» заводу. ФОТА
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трываюць ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі. Штонядзелі пратэстоўцы выходзяць на цэнтральную плошчу ў Берасьці.
Будаваць акумулятарны завод пад Берасьцем у канцы 2017 году пачала кампанія «АйПаўэр» Віктара Лемяшэўскага. Падрадчыкам выступае Аньхойская замежнаэканамічная будаўнічая карпарацыя (Кітай).