Эканамічны суд Берасьця прысудзіў блогерам Сяргею Пятрухіну і Аляксандру Кабанаву штраф па 245 рублёў кожнаму. Апроч таго, яны мусяць запісаць выбачэньні і выкласьці на сваім канале ў Youtube.
Як кажа Аляксандар Кабанаў, маецца на ўвазе самы першы відэаролік пра акумулятарны завод, запісаны блогерамі 5 студзеня 2018 году.
На відэа ішла гаворка пра тое, што пад Берасьцем пачалі будаваць акумулятарны завод і гэта стала навіной для берасьцейцаў.
За гэтае відэа завод «Айпаўэр» падаў пазоў на Пятрухіна і Кабанава аб абароне дзелавой рэпутацыі.
«Апроч штрафу, мы павінны выдаліць ролік і прынесьці выбачэньні. Цікава, што нас абавязалі выдаліць ролік яшчэ з розных сайтаў, дзе ён разьмешчаны ня намі. Мы да гэтых сайтаў ня маем ніякага дачыненьня і выдаліць адтуль проста ня можам.
У гэтым роліку мы выказалі меркаваньне людзей і сваё асабістае. Якое дачыненьне гэта мае да дзелавой рэпутацыі, не зразумела. З нашага боку сьведкамі былі і спэцыялісты, навукоўцы, і жыхары вёсак, разьмешчаных каля акумулятарнага заводу. І ўсе пацьвердзілі правільнасьць нашых словаў. А суд прыняў рашэньне, якое яму спусьцілі зьверху, у іх варыянтаў не было», — кажа Аляксандар Кабанаў.
Просьбу ад прабачэньні перад заводам «Айпаўэр» блогеры Аляксандар Кабанаў і Сяргей Пятрухін мусяць запісаць на відэа і выкласьці на сваім канале «Народны рэпартэр» у Youtube.
Аляксандар Кабанаў сказаў Свабодзе, што яны «не плянуюць выдаляць ролік і прыносіць выбачэньні», а будуць кансультавацца зь юрыстамі і абскарджваць гэты прысуд.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трываюць ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі. Штонядзелі пратэстоўцы выходзяць на цэнтральную плошчу ў Берасьці.
Будаваць акумулятарны завод пад Берасьцем у канцы 2017 году пачала кампанія «АйПаўэр» Віктара Лемяшэўскага. Падрадчыкам выступае Аньхойская замежнаэканамічная будаўнічая карпарацыя (Кітай).
Завод будуецца каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназуе, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.