Пабачыў сьвет новы падручнік па беларускай мове для студэнтаў-мэдыкаў «Беларуская мова. Прафесійная лексіка для медыкаў». Ягоны аўтар Віктар Варанец, намесьнік дэкана мэдыка-псыхалягічнага факультэту Горадзенскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту, сказаў Свабодзе, што імкнуўся ахапіць самае асноўнае і беларускае ў мэдыцыне.
«Трэба было абагульніць практыку ўжываньня беларускай мовы ў мэдыцынскай сфэры»
Віктар Варанец сказаў Свабодзе, што патрэба ў выданьні новага падручніка з прафэсійнай лексыкай для студэнтаў-мэдыкаў зьявілася ўжо даўно. У кожнай мэдычнай ВНУ існуе абавязковы курс беларускай мовы, але тэрміналёгіі адзінай не было.
«Кожны ўнівэрсытэт рабіў сваю мэтадычку, і ёй карысталіся выкладчыкі і студэнты, — кажа Варанец. — Але на практыцы тэрміналёгія ў гэтых падручніках часам розьнілася».
Як прыклад Варанец прыводзіць тое, што ў адным з падручнікаў ужываўся тэрмін «бядро», а ў іншых — «сьцягно».
«Да абавязковых патрабаваньняў я адаптаваў розныя спосабы выкладаньня»
Што датычыць зьместу падручніка, то ён, паводле аўтара, не адступае ад тыпавой праграмы і ў ім найперш ёсьць абавязковыя рэчы.
«Гэта разьдзел гісторыі мэдыцыны, нормы беларускай мовы, тэрміналёгія, утварэньне тэрмінаў і г.д., — кажа Варанец. — А дзеля таго, каб студэнт адчуваў карані сваёй прафэсіі, я ўвёў у падручнік разьдзел „Гонар беларускай мэдыцыны“».
У гэтым разьдзеле аўтар зьмясьціў тэксты пра мэдыкаў, якія зрабілі значны ўнёсак у разьвіцьцё беларускай мэдыцыны пачынаючы з ХVІІІ стагодзьдзя.
Ноў-хаў: беларуская лацінка і ўрыўкі з твораў нобэлеўскага ляўрэата
Паводле Варанца, абсалютная бальшыня студэнтаў, калі пачынае знаёміцца з гісторыяй мэдыцыны, адкрывае для сябе, што існавала беларуская лацінка.
«У падручніку для параўнаньня зьмешчаны алфавіт кірылічны і лацінскі, а таксама ўрывак з казкі на лацінцы, — кажа Варанец. — І самае цікавае, калі студэнты чытаюць тэкст на беларускай лацінцы, то праз 10 хвілін кажуць, што гэта даволі звыкла для іх. Такім чынам многія даведваюцца, што працяглы час лацінка была не чужая для беларускай мовы».
Іншае ноў-хаў у падручніку Варанца — артыкулы для пісьмовага перакладу і пераказу з расейскай на беларускую мову.
«Для перакладу яшчэ 15 гадоў таму я абраў тэксты з мэдычнай тэрміналёгіяй нашага нобэлеўскага ляўрэата Сьвятланы Алексіевіч, — кажа аўтар. — Гэта ўрыўкі з кнігі „Цынкавыя хлопчыкі“. Па-першае, трэба ведаць сваіх аўтараў, а па-другое, у яе ёсьць цудоўнае апавяданьне мэдычнай сястры з аўганскае вайны».
Беларуская мова не чужая студэнтам і мэдыцыне
Новы падручнік Варанца выйшаў накладам 300 асобнікаў. Ён кажа, што гэта нармальна, бо цяпер кожны ўнівэрсытэт будзе самастойна замаўляць сабе неабходны наклад.
Паводле яго, цяпер беларуская мова выкладаецца на першым курсе — усяго 34 гадзіны на год. На чацьвёртым курсе ёсьць факультатыў для ахвочых па беларускай мове, а на шостым курсе — абавязковыя лекцыі для выпускнікоў.
«Студэнты вельмі прыязна ставяцца да беларускай мовы, — кажа Варанец. — У нас існуе стэрэатып, што беларуская мова нічога агульнага ня мае з мэдыцынай. А я з свайго досьведу бачу, што яны вельмі добра спалучаюцца».
Паводле Віктара Варанца, у яго няма пэсымізму наконт далейшага лёсу і ўжываньня беларускай мовы. На восень Варанец рыхтуе выданьне расейска-беларускага слоўніка-даведніка лекавых расьлін.
Гісторыя пытаньня
- З 1922 па 1930 год у Менску публікавалася кніжная сэрыя «Беларуская навуковая тэрміналёгія», у якой былі надрукаваныя 16 тэрміналягічных слоўнікаў, у тым ліку па анатоміі, псыхалёгіі.
- У 1925 годзе была створана Тэрміналягічная камісія па праблемах мэдычнай лексыкі. Першая праца — «Nomina Anatomica Alborutenica» (анатамічныя назвы ў трох тамах) — выдадзена ў 1926–1929 гадах. Затым распачалі працу над фізіялягічнай і інфэкцыйнай тэрміналёгіяй, але яна не была скончана. Рукапісныя матэрыялы захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь.
- У 1932 годзе пад рэдакцыяй прафэсара, загадчыка катэдры хірургіі мэдычнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Савелія Рубашова быў выдадзены першы навучальны дапаможнік па хірургіі «Клінічная хірургія». У 1933 годзе загадчык катэдры ЛОР-хваробаў С.М. Бурак выдае дапаможнік «Склерома верхніх і ніжніх дыхальных шляхоў», у 1934 годзе накладам 3000 асобнікаў «Хваробы вуха, носа, горла».
- Пасьля 1938 году выданьне мэдычных падручнікаў і манаграфій на беларускай мове прыпынілася.
- Праца ў гэтым напрамку аднавілася толькі зь вяртаньнем беларускай мове статусу дзяржаўнай у 90-х гадах.
- У трохтомных «Руска-беларускім слоўніку» пад рэдакцыяй Кандрата Крапівы, які ўключаў больш за 5 тысяч тэрмінаў, мэдычных было толькі 70.
- У 1993 годзе ў выдавецтве «Тэхналёгія» выйшаў «Кароткі расейска-беларускі фізіялягічны слоўнік».
- У 1995 годзе ў тым жа выдавецтве выйшаў «Кароткі расійска-беларускі фармакалагічны слоўнік» (укладальнікі С.Прыхожы, А.Стасевіч, А.Юркін, А.Сітнік, І.Каваленка).
- У 2001 годзе ў Горадні выйшаў «Руска-беларускі, беларуска-рускі слоўнік медыцынскіх тэрмінаў», укладальнік Віктар Варанец.
- У 2005 годзе выйшаў электронны «Руска-беларускі слоўнік медыцынскіх тэрмінаў», які ўключаў больш за 5 тысяч тэрмінаў, зь якіх 2 тысячы — уласна беларускія (такія, як нырка, шаленства, сьцягно).
- Даволі шмат дапаможнікаў выходзіць у мэдычных ВНУ краіны.
- Прафэсар Менскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Аляксандар Арцішэўскі выдаў першы ў гісторыі беларускі падручнік па гісталёгіі і эмбрыялёгіі, апублікаваў больш за 200 навуковых працаў, падрыхтаваў арыгінальныя альбомы для студэнтаў-мэдыкаў: «Гісталогія», «Эмбрыялогія», «Цыталогія».
- У 2004 годзе Гомельскі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт выдаў навучальны дапаможнік па беларускай мове для студэнтаў мэдычных ВНУ пад рэдакцыяй В.Кліменкі, дзе ёсьць разьдзелы: мэдычная тэрміналёгія, лексыка, стылістыка і нават крыжаванкі.
- У 2010 годзе Гарадзенскія дзяржаўны мэдунівэрсытэт выдае дапаможнік «Беларуская мова. Прафесійная лексіка» для студэнтаў лячэбнага, пэдыятрычнага, мэдыка-псыхалягiчнага, мэдыка-дыягнастычнага факультэтаў. Укладальнік — Віктар Варанец.
- У 2016 годзе Віктар Варанец выпусьціў «Дыялектны слоўнік мэдыцынскіх тэрмінаў Беларусі».