Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Футбольныя каманды Швэйцарыі і Расеі: этнічная разнастайнасьць супраць аднароднасьці


Расейская зборная па футболе
Расейская зборная па футболе

Многія каманды на сёлетнім чэмпіянаце сьвету па футболе характарызуюцца вялікай этнічнай разнастайнасьцю. На думку некаторых, узорам у гэтым зьяўляецца каманда Швэйцарыі, — піша аглядальнік Свабоды Піт Баумгартнэр.

У складзе каманды Швэйцарыі 14 гульцоў з 23-х або нарадзіліся за межамі Швэйцарыі, альбо зьяўляюцца нашчадкамі імігрантаў.

Швэйцарыя — не адзіная каманда, якая прыехала на чэмпіянат сьвету ў Расеі са значнай колькасьцю гульцоў зь ліку мігрантаў і этнічных меншасьцяў сваёй краіны.

Больш за тры чвэрці каманды Францыі (18 гульцоў) паходзяць з розных імігранцкіх грамадаў краіны, бэльгійцы маюць 11 такіх гульцоў, брытанцы — 10, немцы — 6.

Замежнікі не патрэбныя

У Расеі жывуць мільёны імігрантаў — галоўным чынам з краін Цэнтральнай Азіі, але шмат выхадцаў таксама з Украіны і Малдовы. Пры гэтым каманда Расеі на чэмпіянаце складаецца пераважна з этнічных расейцаў і некалькіх тытульных этнасаў, такіх як асэтыны.

Акрамя натуралізаванага бразыльца Марыё Фэрнандэса і некалькіх гульцоў, чые бацькі ў савецкія часы прыехалі з Украіны і Беларусі, у зборнай Расеі няма нерасейскіх гульцоў.

«Расея мае сурʼёзныя праблемы зь інтэграцыяй мігрантаў. Так што ня дзіўна, што расейская зборная значна меней разнастайная, чым у большасьці эўрапейскіх краін», — кажа Слава Маламуд, амэрыканскі калюмніст расейскага выданьня «Советский спорт».

Маламуд адзначае, што Пітэр Одэмвінгіе — сын нігерыйскіх імігрантаў, які нарадзіўся і вырас у Расеі — адмовіўся выступаць за зборную Расеі некалькі гадоў таму, вырашыўшы замест гэтага гуляць у Нігерыі.

Петэр Одемвінгіе (зьлева)
Петэр Одемвінгіе (зьлева)

Многія з мільёнаў мігрантаў, якія жывууць у Расеі, маюць сацыяльныя і эканамічныя перашкоды, якія часта замінаюць ім займацца спортам, адзначае калюмніст.

Ён выказаў меркаваньне, што расізм таксама адыгрывае ролю ў адсутнасьці меншасьцяў у зборнай Расеі.

«Многія расейцы схільныя разглядаць разнастайнасьць камандаў эўрапейскіх краінаў, такіх як Францыя, Нямеччына, Вялікабрытанія і Швэйцарыя, як прыкмету слабасьці адпаведных нацый і эрозіі традыцыйных культур» — сказаў Слава Маламуд.

Паводле яго, у Расеі ёсьць меркаваньне, што Эўропа гіне пад хваляй барбараў, і гэта, лічыць Маламуд, ёсьць часткай афіцыйнай ідэалёгіі Расеі.

Да прыкладу, санкт-пецярбурскі «Зэніт», адзін з лепшых клюбаў РФ да нядаўняга часу, практыкаваў неафіцыйную палітыку «не запрашаць чарнаскурых гульцоў, таму што фаны клюбу былі ўстойліва супраць гэтага, кажа Маламуд.

Эўрапейская футбольная фэдэрацыя, УЕФА, раней у гэтым месяцы наклала штраф на «Зэніт» за тое, што ў сакавіку падчас матчу Лігі Эўропы супраць нямецкага клюбу Лейпцыгу заўзятары расейскай каманды выкрыквалі расісцкія крычалкі, сьпявалі песьню «Забі чорнага».

Заўзятары санкт-пецярбурскага "Зэніту"
Заўзятары санкт-пецярбурскага "Зэніту"

Але Расея не адзіная каманда на чэмпіянаце сьвету, у якой назіраецца брак этнічнай разнастайнасьці: у камандах Гішпаніі, Швэцыі, Даніі і Ірану таксама вельмі мала прадстаўнікоў меншасцяў.

Акрамя таго, зборныя з былых югаслаўскіх рэспублік — Сэрбіі і Харватыі — на гэтым чэмпіянаце сьвету складаюцца практычна цалкам з сэрбаў і харватаў, адпаведна.

Швэйцарскія недабразычліўцы

У той жа час два зь лепшых гульцоў швэйцарскай каманды таксама з былой Югаславіі: Шакіры, які нарадзіўся ў Косаве, і Хака — чые бацькі зьяўляюцца этнічнымі альбанцамі. Яны абодва 22 чэрвеня забілі па адным голе, каб перамагчы Сэрбію 2:1.

Абодва пасьля таго, як яны забілі свае галы, зрабілі жэсты рукой «двайны арол», якія асацыююцца з альбанскім сьцягам.

Гульцы швэйцарскай зборнай Граніт Хака (зьлева) і Хердан Шакары паказваюць "двайнога арла" пасьля забітых голаў камандзе Сэрбіі, 22 чэрвеня 2018
Гульцы швэйцарскай зборнай Граніт Хака (зьлева) і Хердан Шакары паказваюць "двайнога арла" пасьля забітых голаў камандзе Сэрбіі, 22 чэрвеня 2018

Нягледзячы на тое, што амаль 25% людзей, якія жывуць у Швэйцарыі, замежнага паходжаньня, ня ўсе швэйцарцы задаволеныя сваёй мультыкультурнай камандай.

Роджэр Копэль, чалец правага крыла Швэйцарскай народнай партыі (SVP), называе замежных гульцоў у зборнай краіны «загартаванай трупай замежных наймітаў з бальканскім акцэнтам».

SVP мае большасьць месцаў у парлямэнце краіны.

Іншы чалец партыі быў засмучаны жэстамі футбалістаў альбанскага паходжаньня. «Гэтыя два галы былі забітыя Косавам, а не Швэйцарыяй», — напісала ў Твітэр Наталі Рыклі, член Нацыянальнай рады Швэйцарскай народнай партыі.

Але міністар замежных спраў Швэйцарыі Ігнаціа Касіс, які нядаўна адмовіўся ад свайго італьянскага грамадзянства, абараняў гульцоў, сказаўшы, што гэта нармальна, што яны не забываюць краіну свайго паходжаньня.

Разнастайнасьць у Эўропе і ў Афрыцы

Даволі цікавая асаблівасьць: 17 гульцоў у камандзе Марока і 11 — у камандзе Тунісу — нарадзіліся ў Эўропе, у Францыі і Нідэрляндах. Яны адпрэчылі краіны свайго нараджэньня, каб гуляць за бацькаўшчыну сваіх бацькоў ці бабуль і дзядуляў.

«Шмат хто з гульцоў зараз выбіраюць гульню за Марока замест гульні за Галяндыю. Магчыма, мы, галяндцы, робім нешта няправільна, калі гэтыя людзі не адчуваюць сябе, як дома, у краіне, дзе нарадзіліся» — кажа Франк ван Экерн, дасьледчык спорту ва ўнівэрсытэце Ўтрэхта ў Нідэрляндах.

Спартовы аглядальнік Слава Маламуд адзначае, што этнічная разнастайнасьць мае месца ў асноўным у камандах больш багатых краін: Францыі, Нямеччыны, Бэльгіі і Нідэрляндаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG