Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Крычалі валіць прэч». Хто напаў з нажамі на цыганскі лягер у Львове


Лягер цыганоў у Львове, які быў атакаваны 23 чэрвеня 2018 году
Лягер цыганоў у Львове, які быў атакаваны 23 чэрвеня 2018 году

Ва Украіне ў ноч на нядзелю адбыўся чарговы напад на цыганскі табар, у выніку адзін чалавек загінуў, трое былі параненыя.

Паліцыя затрымала некалькі падазраваных: падлеткаў, якія заявілі аб датычнасьці да нейкай раней невядомай арганізацыі «Цьвярозая і злая моладзь»

Што адбылося

У ноч на 24 чэрвеня маладыя людзі з нажамі напалі на цыганскі лягер на ўскрайку Львову. Па розных зьвестках, тых, хто нападаў было ад 10 да 17 чалавек. Паліцыю выклікалі самі жыхары табару.

У выніку нападу пацярпелі чацьвёра цыганоў. 24-гадовы мужчына ад атрыманых ранаў памёр, адзін 19-гадовы хлопец знаходзіцца ў шпіталі.

«Напалі на жытло, білі мяне. У яго быў нож і малаток. Нас было каля 10 чалавек і тых, хто нападаў, дзесьці столькі ж. У табары былі дзеці. Яны нападалі на нас з нажамі. Я ў гэты лягер прыехаў у суботу, а ўвечары адбылося гэта. Тыя, хто нападаў, крычалі валіць адсюль прэч», — распавёў карэспандэнту Радыё Свабода 19-гадовы Давід Пол, які цяпер знаходзіцца ў шпіталі.

Давід — грамадзянін Украіны цыганскага паходжаньня з Мукачава. Ён кажа, што калі ўсё адбылося, ён спаў у часова прыстасаваным з падручных матэрыялаў жытле. Цяпер яго стан стабільны.

«Пацыент атрымаў колатыя раны грудной клеткі і правага пляча. Ён быў праапэраваны. Яму прапаноўваюць дадатковае абсьледаваньне», — распавёў лекар 8-й камунальнай бальніцы Львову Ўладзімір Баляс.

Таксама падчас нападу пацярпелі 10-гадовы хлопчык і 30-гадовая жанчына. Пасьля аказаньня мэдычнай дапамогі лекары іх адпусьцілі. Усе яны прыехалі ў Львоў з Закарпацьця.

«Цьвярозая і злая моладзь»

Падазраваныя ў нападзе заявілі, што ўваходзяць у нейкую арганізацыю «Цьвярозая і злая моладзь».

Раней яна не фігуравала ў СМІ. Telegram-канал гэтай арганізацыі быў створаны ў красавіку сёлета, на дадзены момант у яго ўсяго 76 падпісчыкаў.

У канале больш за 300 паведамленьняў і малюнкаў нацысцкага характару. Сярод іх цытаты Гітлера і Ніцшэ. Нягледзячы на тое, што арганізацыя ўкраінская, усе малюнкі — на расейскай мове, у некаторых выкарыстоўваўся старажытнарасейскі шрыфт «іжыца». Ёсьць сумневы ў тым, што яго сталі б выкарыстоўваць для сваіх тэкстаў украінскія нацыяналісты, бо ва ўкраінамоўнай прасторы «іжыца» выкарыстоўваецца ў асноўным у карыкатурах на расейскую тэму.

Тэксты аўтары каналу спрабавалі пісаць на ўкраінскай, але са структуры пастоў бачна, што іх перакладалі з расейскай празь перакладчык.

Кіраўнік Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Грыцак заявіў, што за нападам у Львове можа стаяць Расея. «Папярэдні аналіз паказвае, што падобная арганізацыя ёсьць і ў РФ. За гэтым можа стаяць Расея», — сказаў ён падчас брыфінгу 25 чэрвеня.

«Мы разумеем, што расейцы ўвесь час спрабуюць згуляць на, так бы мовіць, нацыянальных пытаньнях», — дадаў ён.

Ніводная з расейскіх нацыяналістычных арганізацыяў аб датычнасьці да нападу на лягер пакуль не заяўляла.

Хто затрыманы

У пракуратуры лічаць, што да нападу датычныя 11 жыхароў Львову і бліжэйшых вёсак. Паводле падазрэньня ў нападзе затрымалі восем чалавек: семярым выканаўцам ад 16 да 17 гадоў, чалавеку, якога паліцыя лічыць арганізатарам — 20 гадоў.

Паводле Крымінальнага кодэксу Ўкраіны, наўмыснае забойства, учыненае групай асоб з папярэдняй змове, караецца пазбаўленьнем волі да 15 гадоў або пажыцьцёвым зьняволеньнем. Але ці будзе нападнікам прад’яўленае абвінавачваньне менавіта паводле гэтага артыкулу — пакуль невядома.

Паводле інфармацыі паліцыі, напад на цыганскі лягер быў загадзя сплянаваны — падлеткі ведалі свае пазыцыі, дзеяньні і заданьні.

Старшы інспэктар упраўленьня па забесьпячэньні правоў чалавека паліцыі Ўкраіны Аксана Санагурская паведаміла тэлеканалу «Громадські», што раней праваахоўныя органы атрымалі распараджэньне патруляваць цыганскія паселішчы ва ўзмоцненым рэжыме. Аднак канкрэтна пра табар, які знаходзіўся ў лесе на ўскраіне Львову, паліцыя ня ведала.

Міжнародная рэакцыя

У пасольстве ЗША ва Ўкраіне заклікалі прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.

«Шакаваны нападам на лягер цыганоў у Львове. Злачынцы павінны быць прыцягнутыя да адказнасьці. У Эўропе, у тым ліку ва Ўкраіне, няма месца расізму і гвалту», — гаворыцца ў паведамленьні амбасады ў Твітары.

Занепакоенасьць выказалі і ў праваабарончай арганізацыі Amnesty International.

«На працягу доўгага часу мы фіксавалі цэлую хвалю гвалту з боку радыкальных груп. Рэакцыя на гэтую хвалю, у тым ліку на пагромы цыганскіх лягераў, за мяжой была вельмі магутнай. Была заява ААН, былі заявы шэрагу дыпляматаў, амбасадаў і палітыкаў. Былі адназначныя заявы міжнародных арганізацый, у прыватнасьці Amnesty International з нагоды нядаўняга нападу на ромаў з патрабаваньнем расьсьледаваньня. Сьвет бачыць, што адбываецца ва Ўкраіне», – сказала прэсавая сакратарка Amnesty International Ukraine Марыя Гур'ева ў эфіры тэлеканала «Прамы».

Напад асудзілі і ў Радзе Эўропы. «Мы ў жаху з-за таго, што гэтым разам загінуў чалавек. Спадзяемся на поўнае і адкрытае расьсьледаваньне», – напісаў у Твітэры прадстаўнік генэральнага сакратара Рады Эўропы Дэніэл Гольтгэн.

Гісторыя нападаў

Гэта ня першы напад на цыганскі лягер ва Ўкраіне за апошнія тры месяцы.

21 красавіка Сяргей Мазур, які назваў сябе каардынатарам арганізацыі «С14», паведаміў пра «дэмантаж» стыхійнага паселішчы цыганоў на Лысай гары ў Кіеве і «бясьпечным спаленьні» намётаў жыхароў. Акрамя таго, ён анансаваў «новыя рэйды».

Паліцыя адкрыла дзьве крымінальныя справы паводле артыкулаў «Парушэньне раўнапраўя грамадзян у залежнасьці ад іх расавай, нацыянальнай прыналежнасьці або адносінаў да рэлігіі» і «Хуліганства».

9 траўня на месцы стыхійнага паселішчы цыганоў на ўскраіне Львову адбыўся пажар. Паліцыя адкрыла крымінальную вытворчасьць паводле артыкулу «Хуліганства». Пра пажар 10 траўня паведаміла амбудсмэн Людміла Дзянісава. Паводле яе інфармацыі, лягер падпалілі невядомыя, былі зьнішчаныя рэчы цыганоў, а самі жыхары лягеру пакінулі гэтае месца.

Дзянісава зьвярнулася з запытам у паліцыю Львоўскай вобласьці, пасьля чаго і зьявілася афіцыйнае паведамленьне аб пачатку крымінальнай вытворчасьці. Аднак праваахоўнікі заявілі, што ніхто з пацярпелых не зьвярнуўся да іх з заявай.

22 траўня адбыўся напад на цыганоў у Тэрнопальскай вобласьці. Тады група маладых людзей, некаторыя зь якіх былі чальцамі праварадыкальных арганізацыяў, у тым ліку «Правага сэктару», сілай разагналі лягер, у якім было каля 30 дзяцей і 15 дарослых. Некалькі пацярпелых напісалі заявы ў паліцыю, але ад мэдычнай дапамогі і судова-мэдычнай экспэртызы яны адмовіліся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG