Рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» 18 чэрвеня даслала ў Міністэрства фінансаў праект указу аб спрашчэньні рэгуляваньня і стымуляваньні працы індывідуальных прадпрымальнікаў.
Чаму праект прапанавалі цяпер?
Паводле лідэра «Пэрспэктывы» Анатоля Шумчанкі, найбліжэйшым часам чыноўнікі плянуюць абмеркаваць зьмены артыкула «Адзіны падатак» у Падатковым кодэксе. У лісьце да Мінфіну «Пэрспэктыва» просіць далучыць сяброў арганізацыі да абмеркаваньня і прапануе сваю дапамогу ў іншых пытаньнях, зьвязаных з прадпрымальніцкай дзейнасьцю.
Праект указу «Пэрспэктыва» распрацавала ў 2016 годзе, але чыноўнікі яго раз за разам адпрэчвалі, нягледзячы на зьмены тых ці іншых момантаў. У новым законапраекце большасьць ранейшых патрабаваньняў ня згадваецца.
10 патрабаваньняў «іпэшнікаў» да ўладаў, якія дагэтуль ня выкананыя
Як рыхтавалі праект указу?
Ідэі, як спрасьціць падаткаабкладаньне для «іпэшнікаў», былі сабраныя ў «Народны праект», які абмяркоўваўся падчас сустрэчаў і форумаў прадпрымальнікаў.
У чым інавацыі?
Паводле дзейнага Падатковага кодэксу адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў замяняе сплату падаходнага і экалягічных падаткаў, ПДВ, падатку за здабычу прыродных рэсурсаў, мясцовых падаткаў і збораў.
У праекце «Пэрспэктывы» палажэньне аб фіксаваным зборы застаецца нязьменным. «Іпэшнік», які сплачвае падаткі па іншым альгарытме, зможа перайсьці на фіксаваны збор або з моманту, калі прапанаваны ўказ набудзе сілу, або калі пазьней, то раз на квартал.
Што яшчэ прапануюць зьмяніць?
- Прыцягваць да працы ня больш за тры фізычныя асобы, выкарыстоўваць для розьнічнага гандлю ў сукупнасьці ня больш за чатыры гандлёвыя пункты.
- Зьняць адказнасьць з прадпрымальнікаў, калі выплачаны падатак на даданую вартасьць (ПДВ) па накладных.
«Гэта асноўная пятля, якая вісіць на шыі ІП. Ты можаш працаваць і пяць гадоў, а потым прыйдзе праверка і ўбачыць, што подпісы, напрыклад, неарыгінальныя, зьдзелкі не было па віне расейскага боку — і канфіскуе ўсю выручку. І штрафы будуць дзясяткі тысяч даляраў», — тлумачыў Шумчанка.
У пасланьні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу 24 красавіка кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў «дакладнай рэалізацыі» рашэньняў па разьвіцьці прадпрымальніцтва.
Ён сказаў, што цяпер вядзецца «вялікая праца» па актуалізацыі заканадаўства з улікам дэкрэту «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва». Лукашэнка папярэдзіў распрацоўнікаў: «Ня сьмейце скажаць ні дух, ні літару прынятых рашэньняў».
Паводле кіраўніка краіны, «ва ўсім павінен вяршэнстваваць прынцып эканамічнай эфэктыўнасьці».
Лідэр індывідуальных прадпрымальнікаў: «Мы пакуль ня можам дастукацца да Лукашэнкі»