Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэтае жабрацкае існаваньне забівае». Магілёўскі актор паказаў, колькі зарабіў за месяц


Уладзімер Пятровіч
Уладзімер Пятровіч

Актор Магілёўскага драматычнага тэатру Ўладзімер Пятровіч заклікаў суграмадзян «паказаць, колькі мы зарабляем». На сваёй старонцы ў Фэйсбуку ён апублікаваў разьлікоўку з травеньскім заробкам. За 25 працоўных дзён яму налічылі 348 рублёў 42 капейкі.

«Няхай адкажуць, дзе растыражаваная СМІ заработная плата ў 921 рубель?!» — падпісаў зварот магілёўскі актор.

У разьлікоўцы пазначана: Уладзімер Пятровіч — вядучы майстар сцэны. Яго аклад — 160 рублёў 62 капейкі. 348 рублёў актору «набегла» з надбаўкамі. Разам з авансам «на рукі» ён атрымае 297 рублёў 86 капеек.

Актор заяўляе, што зьбіраўся раздрукаваць разьлікоўку вялікім фарматам і выйсьці зь ёю на плошчу, каб гэтак прыцягнуць увагу да жабрацкага жыцьця актораў. Але, кажа, такі намер адклаў, бо «канчаткова не сасьпеў».

«Гэтае жабрацкае існаваньне забівае», — абураецца актор.

«Калі ў мяне пытаюць, колькі зарабляю, то я ўнікаю адказу. І не таму, што гэта камэрцыйная таямніца, а таму, што ў памер заробку людзі ня вераць. Для многіх прафэсія актора прэстыжная, і лічаць, што мы ў грашах купаемся. А насамрэч — у жабрацтве. Аклад вядучага майстра сцэны ніжэйшы за пражытковы мінімум — 160 рублёў», — тлумачыць ён.

Юбілей тэатру не дадаў да заробку бонусаў

Уладзімер Пятровіч працуе ў Магілёўскім тэатры 38 гадоў. Ён паставіў 20 разнаплянавых спэктакляў і сыграў больш за сотню роляў. Ён першым паставіў спэктакль паводле твору нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч «Час сэканд-хэнд». Апошняя ягоная пастаноўка — «Таямніцы старой ратушы».

Фрагмэнт са спэктаклю «Трышчан ды Іжота». Фота Ўладзімера Пятровіча
Фрагмэнт са спэктаклю «Трышчан ды Іжота». Фота Ўладзімера Пятровіча

Прэм’ерай гэтага спэктакля 15 траўня магілёўскі тэатар адзначыў 130-годзьдзе. Тыя самыя 348 рублёў 42 капейкі Ўладзімеру Пятровічу налічылі якраз за месяц, калі тэатар сьвяткаваў юбілей.

Па словах актора, юбілейны месяц не дадаў прыкметных бонусаў да заробку, бо занятасьцю ў тэатры лічыцца ўдзел у спэктаклі.

«У гэты час я выпускаў „Таямніцу старой ратушы“, і выходзіць, што нібыта „не працаваў“, бо рэпэтыцыйныя балы напалову меншыя, чым за спэктакль. Вядома ж, мне нешта налічылі, але меней, чым тым, хто быў заняты ў пастаноўцы», — кажа ён.

Акторы падпрацоўваюць, рамантуючы кватэры

Па яго словах, мэханізм налічэньня заробку актору надта блытаны, і таму, хто не дасьведчаны ў нюансах тэатральнай бугальтэрыі, разабрацца ў іх цяжка. Акрамя тарыфнай стаўкі, кажа ён, актор атрымлівае балы за працу.

«Калі шмат актораў трупы набрала шмат балаў, то ім усім выплацяць невялікую суму, бо іх шмат. У адваротным выпадку сума будзе большая, але выплаты будуць вагацца між 60–70 рублямі», — кажа Ўладзімер Пятровіч.

Фрагмэнт з спэктаклю «Легенда пра Магілёў». Фота Ўладзімера Пятровіча
Фрагмэнт з спэктаклю «Легенда пра Магілёў». Фота Ўладзімера Пятровіча

У актораў, працягвае ён, нефіксаваны працоўны дзень. Яго графік залежыць ад таго, ці ёсьць у пэўны дзень спэктакль, і тады да яго прывязваюцца рэпэтыцыі.

«Мы можам некуды выяжджаць, — тлумачыць актор, — а 7-й раніцы і вярнуцца апоўначы, і гэта будзе лічыцца працоўным днём».

Разьлічваць на падпрацоўку ў творчай галіне, кажа ён, магілёўскім акторам не выпадае. У Менску ж такія магчымасьці ёсьць на тэлебачаньні, кінастудыі, у рэкляме. Іх скарыстоўваюць тамтэйшыя акторы.

«Магілёўскія ж акторы шукаюць занятак у іншых сфэрах, — кажа суразмоўца. — Напрыклад, некаторыя рамантуюць кватэры. Але зразумела, што на спэктаклі яны прыходзяць стомленыя, у іх няма той энэргіі, якую б яны маглі мець, не працуючы ўбаку ад тэатру».

У нас усё скочваецца да маргінальнасьці і дэградацыі

Усё ж, нягледзячы на цяжкасьці, Уладзімер Пятровіч лічыць, што беларускія тэатры не застануцца без актораў. Гэтая прафэсія, на яго думку, пакуль застаецца запатрабаванай, хоць ранейшых конкурсаў на яе амаль няма.

«У 18–25 гадоў чалавек захоплены і поўны ідэяў і асабліва не задумваецца, а часам не зьвяртае ўвагі на папярэджаньні пра цяжкасьці. Маладыя людзі пераконваюць сябе, што змогуць, выстаяць, і застаюцца ў прафэсіі. А пазьней сыходзяць, — кажа пра сытуацыю з маладымі тэатральнымі кадрамі суразмоўца. — З нашага тэатру нямала сышло маладых пэрспэктыўных актораў. Зьявілася сям’я, нарадзілася дзіця, якое трэба карміць. У мяне быў спэктакль „Білоксі блюз“ — зь яго сышлі трое маладых актораў, і пастаноўку давялося сьпісаць».

Уладзімер Пятровіч лічыць, што ва ўлады на першым месцы стаіць зусім не культура. У яе лексыконе, на яго думку, і слова такога няма.

«У нас усё скочваецца да маргінальнасьці і дэградацыі, таму нашто ў такой сытуацыі высокая культура? — кажа ён. — Яе праявы ня трэба забараняць, абмяжоўваць, бо ўсё само вымра».

На Магілёўшчыне ў красавіку намінальная налічаная сярэднямесячная зарплата, паводле зьвестак галоўнага статыстычнага ўпраўленьня вобласьці, складала 775,7 рубля (па краіне — 921 рубель).

Работнікі творчай дзейнасьці і забаў у сакавіку (дадзеных за красавік няма) зараблялі ў сярэднім 512,1 рубля. Пражытковы мінімум — 206,58 рубля.

Доўгушаў сышоў зь філярмоніі і зьехаў у Варшаву. Але будзе працягваць «Сьпеўныя сходы»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG