Саміт двух лідэраў называюць важным крокам да забесьпячэньня міру і бясьпекі.
Лідэры шэрагу краін Азіі і іншых рэгіёнаў сьвету віталі складзеную ў аўторак дамоўленасьць паміж прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і паўночнакарэйскім лідэрам Кім Чэн Ынам, накіраваную на згортваньне ядзернай праграмы Пхэньяну, у той час як Паўднёвая Карэя і шэраг іншых краін занялі больш асьцярожную пазыцыю, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Што варта ведаць пра саміт лідэраў ЗША і КНДР
Як заявіў прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Ян, ён сказаў Трампу ў тэлефоннай размове, што саміт у Сынгапуры заклаў «важныя рамачныя асновы» для міру на Карэйскім паўвостраве і ва ўсім сьвеце.
Аднак у адміністрацыі паўднёвакарэйскага лідэра заявілі, што ўсё яшчэ спрабуюць зразумець рашэньне Трампа спыніць сумесныя вайсковыя вучэньні дзьвюх краін, якія даўно раздражнялі Паўночную Карэю.
На прэс-канфэрэнцыі Трамп абвясьціў аб спыненьні сумесных вайсковых вучэньняў, што дазволіць «зэканоміць велізарную колькасьць грошай». Аднак у дакумэнце, які падпісалі Трамп і Кім Чэн Ын, пра вучэньні нічога не гаворыцца.
Наступныя вучэньні былі прызначаныя на жнівень, аднак Мінабароны Паўднёвай Карэі заявіла: «На гэты момант неабходна высьветліць дакладнае значэньне і прызначэньне слоў прэзыдэнта Трампа». У ведамстве дадалі, што ніякіх абмеркаваньняў з нагоды вучэньняў з Вашынгтонам не вялося. Трамп назваў іх «недарэчнымі» на фоне руху да дэнуклеарызацыі Паўночнай Карэі.
Які мір прынесьлі сьвету Трамп і Кім?
Міністар замежных спраў Кітаю Ван І заявіў: «ЗША і Паўночная Карэя знаходзіліся ў стане антаганізму больш за паўстагодзьдзя. Сёньня той факт, што лідэры дзьвюх краін могуць сустрэцца і правесьці перамовы на роўных, мае важнае і пазытыўнае значэньне і стварае новую гісторыю».
Прэм’ер-міністар Японіі Сіндзо Абэ вітаў згоду Кім Чэн Ына стаць на шлях поўнай дэнуклеарызацыі. Японскі лідэр падзякаваў Трампу за тое, што падчас перамоваў з Кім Чэн Ынам ён падняў пытаньне аб выкрадзеных у КНДР японскіх грамадзянах, дадаўшы, што Японія будзе «жорстка» ставіць гэтае пытаньне пры прамым узаемадзеяньні з КНДР.
Расейскі МЗС заявіў, што «нармалізацыя амэрыкана-паўночнакарэйскіх дачыненьняў... зьяўляецца неад’емнай часткай комплекснага ўрэгуляваньня праблем Карэйскага паўвострава, уключаючы ядзерную». Аднак кіраўнік камітэту міжнародных спраў Савету Фэдэрацыі Канстанцін Касачоў выказаў думку, што заява Трампа пра хуткі пачатак працэсу дэнуклеарызацыі — «больш пажаданьне, чым факт».
Кіраўніца эўрапейскай дыпляматыі Фэдэрыка Магерыні заявіла: «Гэты саміт быў ключавым і неабходным крокам для працягу пазытыўных дасягненьняў у міжкарэйскіх адносінах». Паводле яе, канчатковая мэта застаецца нязьменнай — «поўная, празрыстая і незваротная дэнуклеарызацыя». Магерыні дадала, што апублікаваная па выніках саміту заява «дае ясны сыгнал, што гэтая мэта можа быць дасягнута».
Трамп: Кім пачне раззбраеньне, як толькі прызямліцца ў Паўночнай Карэі
Міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Барыс Джонсан назваў сустрэчу Трампа і Кім Чэн Ына «важным крокам да стабільнасьці ў рэгіёне, які мае ключавое значэньне для сусьветнага эканамічнага росту».
Кіраўнік Міжнароднага агенцтва атамнай энэргіі Юкіё Амана заявіў, што ягонае ведамства «гатова весьці любую дзейнасьць, зьвязаную з вэрыфікацыяй дэнуклеарызацыі» ў Паўночнай Карэі па меры таго, як рэжым Кім Чэн Ына будзе згортваць сваю зброевую праграму.
Іран аказаўся, відаць, адзінай краінай, якая засумнявалася ў дзейснасьці падпісанага пагадненьня. Афіцыйны прадстаўнік Тэгерану заявіў, што Трамп можа ануляваць любое пагадненьне.
«Мы маем справу з чалавекам, які адклікае свой подпіс, знаходзячыся за мяжой», — цытуе заяву Махамэда Багера Набахта паўафіцыйнае інфармагенцтва «Фарс», адсылаючы да сытуацыі з камюніке, якое было складзена па выніках саміту «Вялікай сямёркі» ў Канадзе і якое Трамп падпісаць адмовіўся.