Прэзыдэнт ЗША і лідэр Паўночнай Карэі 12 чэрвеня праводзяць перамовы на востраве Сэнтоса ў Сынгапуры.
Дональд Трамп і Кім Чэн Ын упершыню сустрэліся і паціснулі адзін аднаму рукі. Яны двойчы зрабілі гэта: на фоне сьцяны са сьцягоў і асобна ў канфэрэнц-пакоі.
Трансьляцыя тэлеканалу Сurrenttime.tv.
Дональд Трамп і Кім Чэн Ын сустрэліся сам-насам у прысутнасьці двух перакладчыкаў, што зьяўляецца адступленьнем ад традыцыі, паводле якой падчас падобных сустрэч прысутнічае прынамсі адзін найбліжэйшы памочнік прэзыдэнта ЗША.
Першая сустрэча двух лідэраў доўжылася каля 35 хвілін. Затым падчас працоўнага абеду да іх далучыліся сябры дэлегацый абедзьвюх краін. З амэрыканскага боку — дзяржаўны сакратар Майк Пампэо, кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Джон Кэлі, дарадца прэзыдэнта ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі Джон Болтан і амбасадар ЗША ў Філіпінах Сун Кім.
«Я пачуваюся выдатна. Я адчуваю, што ў нас будзе выдатная гутарка і велізарны посьпех. У нас будуць цудоўныя адносіны, у мяне няма сумневаў»,— заявіў Трамп.
«Было нялёгка трапіць сюды. Мінуўшчына зьвязвала нам рукі, і старыя забабоны былі перашкодамі на нашым шляху наперад, але мы пераадолелі іх і знаходзімся тут сёньня», — сказаў Кім.
Лідэры ЗША і КНДР упершыню ў гісторыі сустрэліся і зрабілі заявы для прэсы перад пачаткам саміту ў Сынгапуры.
Пасля прыкладна паўгадзіннай размовы яны выйшлі на тэрасу гатэлю і памахалі журналістам. Пасьля гэтага пачалася сустрэча ў пашыраным фармаце.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пасьля сустрэчы заявіў, што перамовы ЗША і КНДР у Сынгапуры «адбыліся лепш, чым хто-небудзь мог чакаць».
«Шмат прагрэсу — вельмі станоўча. Я думаю, лепш, чым хто-небудзь мог чакаць. Першаклясныя, вельмі добрыя (перамовы. — Рэд.). Мы рыхтуемся да падпісаньня», — сказаў Трамп, не ўдакладніўшы, які дакумэнт мае на ўвазе.
«Спадар Кім, гэта вялікі гонар — сустрэцца з вамі. І я ведаю, мы дасягнем вялікага посьпеху разам і знойдзем рашэньне вялікай праблемы, дылемы, якую да сёньняшняга дня не ўдавалася вырашыць. Працуючы разам, мы зможам яе ўладзіць. Гэта вялікі гонар, дзякуй вялікі», — сказаў Трамп Кім Чэн Ыну.
Паводле тэлеканалу СNN, па выніках сустрэчы можа быць прынятая «Заява аб узаемаразуменьні», тэкст якой абмяркоўваўся падчас папярэдніх перамоваў амэрыканскіх і паўночнакарэйскіх прадстаўнікоў.
Менш за месяц ЗША і КНДР дамаўляліся аб гістарычнай сустрэчы лідэраў дзьвюх краін. За гэты час прэзыдэнт Дональд Трамп і паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ын абражалі адзін аднаго, рабілі адзін аднаму камплімэнты, адмянялі саміт і зноў яго плянавалі.