Калі спытаць беларуса, дзе цэнтар Эўропы, ён, без сумневу, адкажа — у нас, у Беларусі. З маім сёньняшнім госьцем мы пагаворым пра пэрыфэрыі Эўропы. Пра тую Эўропу, якая здаля ад беларускага цэнтру.
У чацьвёртай частцы падкаст-цыклю «Пэрыфэрыі Эўропы» з Аляксеем Ластоўскім мы пагаворым пра эўрапейскія музэі. Пра тыя месцы, дзе ў адным месцы можна пабачыць эўрапейскую магутнасьць, геній і культурнае багацьце.
«Пэрыфэрыі Эўропы». У якім горадзе б’ецца сэрца «Старога сьвету»?
— Зацытую травеньскі допіс з вашага Фэйсбуку. «Вынікі вандроўкі ў Гданьск, з кароткім візытам у Гдыню: 3 дні, 14 музэяў, 3 караблі, 5 касьцёлаў, 5 пабаў, фінальныя 3 бутэлькі сыдру на гдыньскім пляжы на заходзе сонца». Лічба пры слове музэй — самая вялікая. Па вашым Фэйсбуку можна меркаваць, што так было ня толькі ў Гданьску. Які эўрапейскі музэй ваш улюбёны?
— Гэта вельмі цяжкое пытаньне, бо трэба параўноўваць у вялізарнай канкурэнцыі. Але я пальму аддаў бы Брытанскаму музэю. Гэта музэй-космас, музэй-энцыкляпэдыя, які можа даць практычна поўнае ўяўленьне пра гісторыю чалавецтва, пра разьвіцьцё цывілізацыі і розныя культуры, частка зь якіх, на жаль, зьнікла. З аднаго боку, гэта таксама музэй, які адлюстроўвае каляніяльную гісторыю, паколькі такія велізарныя багацьці можна было здабыць толькі праз каляніяльнае панаваньне.
Брытанцы вывозілі самыя каштоўныя рэчы з тых тэрыторыяў, якія былі пад іх кантролем. Цяпер наконт гэтага ідуць велізарныя спрэчкі, таму што Турцыя, Грэцыя, Эгіпет, усе патрабуюць, каб брытанцы вярнулі гэтыя каштоўныя здабыткі на арыгінальнае месца іх знаходжаньня. Але на дадзены момант гэта нерэальна. Брытанскі музэй можна наведваць дзясяткі разоў. Я падчас кожнага візыту ў Лёндан заўжды спрабую знайсьці час, каб туды ізноў вярнуцца.
«Пэрыфэрыі Эўропы» з Ластоўскім. Чаму Беларусь ня стала калыскай Эўропы
— Варта таксама дадаць, што сталая частка экспазыцыі музэю абсалютна бясплатная.
— Так. У Лёндане асноўныя музэі бясплатныя. Плаціць трэба толькі за нейкія часовыя выставы. Брытанскі музэй адчынены для ўсіх. Там ёсьць мноства бясплатных экскурсіяў па розных залях. Калі разумееш, што ўвесь гэты космас за дзень не абысьці, то можна далучыцца да экскурсіі, каб агледзець нейкую канкрэтную залю. Мяне там найбольш уражваюць барэльефы з палацаў асырыйскіх цароў, Ашурбанапала, прысьвечаныя паляваньню на ільвоў. Гэта ледзьве ня самае прыгожае, што было створана чалавекам. Яны заўжды ашаламляюць. Кожны раз я імкнуся да іх падысьці, пабачыць. Брытанскі музэй — гэта архетыпічны музэй, які ўвасабляе сабою ўсё тое, што потым стала музэйнаю справай ва ўсім сьвеце.
— Менавіта ў Эўропе дасягнула найвялікшага разьвіцьця выяўленчае мастацтва, жывапіс. Якія з мастацкіх музэяў у Эўропе вы лічыце найбольш каштоўнымі? У якіх зь іх можна пабачыць самае прыгожае, што стварылі эўрапейцы?
— Тут вылучаецца Парыж. Доўгі час, фактычна з канца XIX стагодзьдзя да 1930-х гадоў XX стагодзьдзя, Парыж быў цэнтрам мастацтва, прычым мадэрнага мастацтва, усіх тэндэнцый і плыняў. Туды зьбягаліся мастакі з усяго сьвету, якія імкнуліся зьдзейсьніць нешта новае, якія імкнуліся праявіць свае таленты. У так званай парыскай школе было шмат мастакоў і зь Беларусі: Марк Шагал, Хаім Суцін і іншыя. Гэта прывяло да таго, што тры музэі ў Парыжы пабудаваныя па храналягічным прынцыпе. Люўр ахоплівае мастацтва да 1848 году. Музэй Арсэ ахоплівае наступны пэрыяд — да І сусьветнай вайны.
«Пэрыфэрыі Эўропы». Што зьесьці і выпіць, каб адчуць эўрапейскі смак
Цэнтар Пампіду займаецца мастацтвам XX стагодзьдзя. Яны даюць самую лепшую панараму разьвіцьця эўрапейскага мастацтва. У Парыжы ёсьць яшчэ такая адметнасьць, што там зьбіраюцца і робяцца найлепшыя мастацкія выставы, якія могуць даваць манаграфічны агляд творчасьці вядомага мастака. Туды з усіх музэяў сьвету зьбіраюцца ягоныя творы, і можна на свае вочы пабачыць унікальную рэтраспэктыву творчасьці такіх мастакоў. Нядаўна ў Парыжы адбыўся мэгапапулярны праект, калі з Эрмітажу і з маскоўскага музэю імя Пушкіна прывезьлі калекцыі, якія раней належалі Шчукіну. Усё гэта было сабрана разам, і можна было адчуць, як раней мог выглядаць ідэальны музэй, які спыніў сваё існаваньне і малаверагодна, што будзе адноўлены. Цяпер у парыскім цэнтры Пампіду адбываецца маштабная выстава пра авангард у Віцебску, пра Шагала, Лісіцкага, Малевіча і іх вучняў, пра якіх мы мала ведаем. Гэта робіцца ў супрацы зь Віцебскім мастацкім музэем, то бок наша эўрапейская пэрыфэрыйнасьць можа прабівацца і ў цэнтар.
— Або наадварот, з нашага цэнтру ў іх пэрыфэрыі, калі кіравацца лёгікай, што цэнтар Эўропы — гэта мы. А які эўрапейскі музэй паказвае сёньня найлепшыя працы сучасных мастакоў, у тым ліку і розныя дзіўныя інсталяцыі, якімі адны захапляюцца, а іншыя іх не разумеюць? Сам вы фанат такога мастацтва?
— Я не фанат, але я заўжды вельмі пазытыўна да яго стаўлюся і імкнуся наведваць выставы. З сучасным мастацтвам ёсьць такая праблема, што вельмі цяжка знайсьці новую мову. Калі ўжо ўсё зроблена, то няма сэнсу паўтарацца. І гэта стала галоўнай праблемай, як па-новаму казаць у той час, калі ўжо ўсё сказана. Зь іншага боку, сучаснае мастацтва вельмі палітызаванае. Але мне гэта нават цікавей. Ня толькі як гісторыку, але і як сацыёлягу мне цікава, як палітычныя пасланьні пераносяцца ў мастацтва. Калі казаць пра тое, дзе можна пабачыць асноўны нэрв, дзе б’ецца пульс сучаснага мастацтва, то мне падаецца, што лепш на гэтую ролю пасуе Вэнэцыянскае біенале.
Яно было запачаткавана яшчэ ў часы Мусаліні, і менавіта там яшчэ да гэтага часу адбываюцца нейкія рэвалюцыйныя падзеі для мастацтва і мы бачым нейкую рэтраспэктыву, як у розных краінах, у сваіх лякальных варыянтах мастакі спрабуюць адказаць на нейкія ўнівэрсальныя выклікі. Вядома, заўсёды ёсьць праблемы, хто, як і што адбірае, паводле якіх прынцыпаў, але ўсё ж марка Вэнэцыянскага біенале высока трымаецца, і я таксама шчыра рэкамэндую па магчымасьці яго наведаць.
— Самы нетыповы музэй, пра які я чуў, гэта музэй чэлясаў у Рэйк’явіку. Які самы незвычайны музэй, што вы наведалі?
— На гэтым пытаньні я ламаюся. Калі ўлічыць, што я наведаў ня тое што сотні, але думаю, што ўжо больш за тысячу музэяў і выставаў, то думаю, што нам давядзецца ехаць у Ісьляндыю.
— А які музэй вы марыце наведаць?
— Гэта, хутчэй, пытаньне, куды я змог дабрацца, а куды не. Адзін з маіх прыярытэтаў — Мэксыка і горад Мэхіка, дзе можна пабачыць муралы, якія размалёўваў Дыега Рывэра. Мне было б цікава дабрацца да Паўднёва-ўсходняй Азіі, якая для мяне пакуль яшчэ застаецца цалкам энігмай, якую яшчэ трэба вывучаць, дасьледаваць. Вельмі шкадую, што падчас падарожжа па Турэччыне ня змог дабрацца да Хатусы, старажытнай сталіцы Хэцкай імпэрыі. Жыцьцё настолькі бяскрайняе, а час, які табе адведзены, ён такі кароткі, што хочацца і хочацца імкнуцца наперад, наведваць новыя краіны, здабываць новыя веды. Гэта бясконцы працэс, які дае натхненьне да твайго жыцьця.