Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абмінаючы Менск. Пра сымбалічнасьць візытаў Уладзімера Пуціна


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін, архіўнае фота

Колькасьць канфліктных вузлоў у дачыненьнях Беларусі і Расеі хутка нарастае.

Як вядома, 29 траўня канцлер Аўстрыі Сэбастыян Курц патэлефанаваў Аляксандру Лукашэнку і запрасіў яго да сябе ў госьці. Пакуль сытуацыя з магчымым візытам кіраўніка Беларусі ў Вену няпэўная. Нагадаю, што яшчэ мінулым годам Аляксандар Лукашэнка атрымаў запрашэньне наведаць Латвію.

Між тым, пакуль кіраўнік Беларусі думае, 5 траўня ў Аўстрыю з працоўным візытам прыехаў Уладзімір Пуцін. Гэты факт азначае, што тэлефанаваньне Сэбастыяна Курца Аляксандру Лукашэнку было не выпадковым. Новы аўстрыйскі ўрад пачынае актыўную ўсходнюю палітыку, арыентаваную на супрацоўніцтва з палітычнымі рэжымамі Беларусі і Расеі.

Увогуле, мяркуючы па ўсім, мы назіраем зьмякчэньне пазыцыі ЭЗ адносна Расеі. Нядаўна РФ наведалі прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, прэзыдэнт і прэм’ер-міністар Баўгарыі. Таксама Масква спадзяецца на ляяльнае стаўленьне да яе новага ўраду Італіі.

Усё гэта стала вынікам канфлікту паміж ЭЗ і ЗША, які разгортваецца на нашых вачах. Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп увёў пошліны на сталь і алюміній з краін Эўразьвязу, тыя рыхтуюць захады ў адказ.

Пуцін парушыў шматгадовую традыцыю ладзіць першы замежны візыт на новай пасадзе ў Беларусь

Візыт Уладзіміра Пуціна ў Аўстрыю адметны яшчэ адной акалічнасьцю. Гэта першая замежная паездка Ўладзімера Пуціна пасьля інаўгурацыі. І тым самым расейскі лідэр парушыў шматгадовую традыцыю ладзіць першы замежны візыт на новай пасадзе ў Беларусь. Яна пачалася ў далёкім 1999 годзе, калі, заступіўшы на пасаду прэм’ер-міністра РФ, Уладзімір Пуцін найперш наведаў Менск, а ўжо толькі потым — іншыя сталіцы.

Вельмі паказальным быў візыт у Менск у 2012 годзе, калі Пуцін папярэдні раз заступіў на пасаду прэзыдэнта. Расейскі кіраўнік даваў зразумець, што гэта быў сымбалічны, рытуальны жэст. Таму візыт быў кароткі. Гутарка прэзыдэнтаў у беларускай сталіцы працягвалася каля гадзіны, яшчэ столькі ж часу было адведзена на перамовы бакоў у пашыраным складзе. Але Лукашэнка не хаваў свайго шчасьця, ён проста зьзяў, адчуваючы сябе пераможцам. Кіраўнік Беларусі тады сустракаў свайго расейскага калегу ў аэрапорце і праводзіў таксама да самага трапа самалёта — што бывае вельмі рэдка, толькі ў выключных выпадках. І некалькі разоў дзякаваў: «Я вам вельмі ўдзячны за гэты візыт. Гэты візыт важнейшы за многія эканамічныя дамоўленасьці Беларусі і Расеі».

А вось гэтым разам — інакш. Спачатку Пуцін прыехаў у Аўстрыю. А з 8 па 10 чэрвеня наведае Кітай: у кітайскім горадзе Ціндао адбудзецца саміт Рады кіраўнікоў дзяржаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

І толькі ў трэцяй дэкадзе чэрвеня Пуцін прыедзе ў Менск, дзе адбудзецца чарговае пасяджэньне Вышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Але падчас нядаўняй сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі зь Сяргеем Лаўровым расейскі міністар казаў пра гэтую падзею неяк вельмі няпэўна.

Дарэчы, 4 чэрвеня прэзыдэнт Расеі падпісаў закон аб контрасанкцыях супраць ЗША. Ранейшы досьвед паказвае, што ад санкцыйнай вайны РФ зь іншымі краінамі Беларусь толькі выйгравала. Празь беларускую тэрыторыю на расейскі рынак траплялі тавары з краін ЭЗ, Украіны, Турэччыны, адносна якіх Расея ўводзіла санкцыі. Так што каму вайна, а каму маці родная.

Цікавае супадзеньне, але ў той жа дзень, 4 чэрвеня, Расея ўвяла абмежаваньні на пастаўкі беларускай малочнай прадукцыі. Што азначае новы скандал у двухбаковых дачыненьнях.

Мінулым тыднем Аляксандар Лукашэнка двойчы выказаў рэзкую крытыку на адрас Расеі па пытаньнях частковага аднаўленьня ёю мяжы паміж краінамі і з нагоды так званай «прыватызацыі Перамогі» Расейскай Фэдэрацыяй. Кіраўнік Беларусі назваў расейскіх журналістаў, якія крытыкуюць няправільнае, на іх погляд, сьвяткаваньне ў Менску 9 траўня, «прыдуркамі».

Такім чынам, мяркуючы па ўсім, чарговае пасяджэньне Вышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі будзе зусім не фармальным.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Магілёў у чаканьні Пуціна. Што будуюць і рамантуюць у горадзе

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG