Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў у чаканьні Пуціна. Што будуюць і рамантуюць у горадзе


Будаўніцтва трыюмфальнай аркі ў Магілёве
Будаўніцтва трыюмфальнай аркі ў Магілёве

Магілёў рыхтуюць да Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі, які пройдзе пры канцы верасьня. У горадзе ідуць самыя маштабныя за апошнія дзесяць гадоў рамонт і будаўніцтва.

Яшчэ ў 2016 годзе Аляксандар Лукашэнка казаў, што ў Магілёве «няма лоску, добраўпарадкаваньня і зручнасьці для людзей». А сёлета запрасіў сюды на форум расейскага прэзыдэнта. Ці прыедзе Пуцін, яшчэ не вядома, але лоск у горадзе наводзяць з размахам.

Свабода паглядзела на найбольш значныя будоўлі.

Трыюмфальная арка. «Народны» падарунак, на які нестае грошай

Адзін з найбольш амбітных праектаў — узьвядзеньне «трыюмфальнай» аркі на ўезьдзе ў горад з боку Менску. Яе будаўніцтва ўхваліў Лукашэнка.

На праектных выявах арка аздоблена расейскамоўнымі надпісамі і атрыбутамі савецкага часу. Абураная гэтым, партыя БНФ зьвярнулася да старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Ўладзімера Цумарава.

«Калі нельга ўжо пабурыць збудаванае, дык няхай робяць па-беларуску. Не пераўтвараюць беларускі горад у кальку расейскага», — пракамэнтаваў зварот старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Паводле афіцыйных зьвестак, арку будуюць на ахвяраваньні, таму яна загадзя абвешчана «падарункам гораду з нагоды 750-годзьдзя ад магілёўцаў».

Працы пачалі летась у ліпені, дарабілі бэтонную канструкцыю, а на тое, каб яе выштукаваць і ўпарадкаваць тэрыторыю, ахвяраваньняў не хапіла.

Цяпер чыноўнікі просяць грошай у арганізацый. Матывуюць тым, што «арка палепшыць вонкавае аблічча абласнога цэнтру з улікам V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі».

Паводле СМІ, збудаваць арку разьлічвалі за 750 тысяч даляраў. Магілёўскі ж сайт mspring.online называе суму амаль у 2 мільёны даляраў — са спасылкай на ананімную крыніцу ў выканкаме.

Так павінна выглядаць арка паводле праекту
Так павінна выглядаць арка паводле праекту

Здаць аб’ект плянавалі за дзевяць месяцаў, потым адкрыцьцё перанесьлі на 28 чэрвеня — Дзень гораду.

Лесьвіца зь япіскапам і фантанамі

Да форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі сьпяшаюцца дарабіць маштабную лесьвіцу з плошчы Арджанікідзэ ў цэнтры Магілёва на Падмікольле — паркавую зону на ўзьбярэжжы Дняпра. На лесьвіцы будуць каскадныя фантаны, альтанкі і клюмбы.

Будоўля пачалася ў 2017 годзе. Сёлета на яе выдзелілі 2 мільёны рублёў. Агульны кошт невядомы.

На лесьвіцы зьбіраюцца паставіць бюст магілёўскага япіскапа Георгія (Каніскага), які жыў у 18-м стагодзьдзі.

«Неабходнасьць ушанаваньня памяці Каніскага ў выглядзе манумэнтальнай скульптуры прадыктаваная выключным значэньнем асобы асьветніка ў гісторыі Беларусі», — тлумачаць ва ўпраўленьні архітэктуры і горадабудаўніцтва Магілёўскага гарвыканкаму.

Георгі (Каніскі)
Георгі (Каніскі)

Праваслаўныя герархі сярод заслуг сьвятара адзначаюць навяртаньне ў праваслаўную веру тых, хто «зьбіўся з праваслаўнага шляху». Паводле мітрапаліта Менскага і Заслаўскага, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі Паўла, перахрышчаных Каніскім у праваслаўе было 120 тысяч.

Украінскі гісторык Яраслаў Фошчан у інтэрвію Свабодзе казаў: «Далучаючы ўніятаў да праваслаўя, ён [Каніскі] не цураўся сілавых мэтадаў. Русыфікацыя царкоўнага абраду мела нэгатыўныя наступствы для ўкраінскага і беларускага народаў».

Парк на Падмікольлі, куды спускаецца лесьвіца, Уладзімер Цумараў назваў сваёй марай. Будоўля ідзе з 2015 году, асвоілі тры гектары.

Так выглядае лесьвіца ў праекце
Так выглядае лесьвіца ў праекце

Паводле эколягаў, у Падмікольлі засохла палова ўнікальнага насаджэньня вязаў, бо карані пашкодзіла будаўнічая тэхніка, калі пракладалі ходнікі. Раней Падмікольле было гарадзкім прадмесьцем. Падмуркі дамоў 19 стагодзьдзя зьнесьлі падчас парадкаваньня.

Савецкі мэмарыял зь відам на ратушу і імянной пліткай

Знаны магілёўскі мэмарыял «Барацьбітам за савецкую ўладу» таксама на рамонце. Завяршыць яго плянуюць да 30 чэрвеня. На помніку мяняюць мармур, а на плошчы Славы перад ім перакладаюць плітку. Некаторыя пліткі будуць зь імёнамі і прозьвішчамі — такая паслуга каштуе 65 рублёў.

Плошча Славы і мэмарыял «Барацьбітам за савецкую ўладу»
Плошча Славы і мэмарыял «Барацьбітам за савецкую ўладу»

Ратуша насупраць мэмарыялу, паводле крыніцы, блізкай да гарвыканкаму, стане адным зь месцаў правядзеньня форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі.

Рамантуюць і пешаходную Ленінскую вуліцу. Тут таксама перакладаюць плітку, тынкуюць і падфарбоўваюць фасады.

Рамонт на пешаходнай вуліцы
Рамонт на пешаходнай вуліцы

Адкуль у Магілёве «гішпанскія» люкі і як яны дапамаглі выцягнуць мясцовы завод з крызісу

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG