Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У нявысьветленым месцы, у нявысьветлены час». Што пішуць у прысудах па «наркатычным» артыкуле


Свабода прааналізавала тры рэальныя прысуды па «наркатычным» артыкуле 328 Крымінальнага кодэксу разам зь юрыстам Паўлам Сапелкам.

Разьбіраемся, чаму ў іх так часта згадваюцца «нявысьветленыя месца і час», асноўнымі сьведкамі выступаюць міліцыянты, а за доказы бяруць вынікі апэратыўных экспэрымэнтаў.

Яўген Лапко
Яўген Лапко

Лапко Яўген, 19 гадоў. Атрымаў 11 гадоў пазбаўленьня волі.

За кратамі з красавіка 2015-га, плянаваны тэрмін вызваленьня — красавік 2026 году. Затрыманы разам зь сябрам у пакоі студэнцкага інтэрнату ў стане наркатычнага ап’яненьня. У момант затрыманьня хлопцы былі ў цяжкім стане, камэндант інтэрнату выклікаў хуткую дапамогу. Пакуль Лапко ляжаў у шпіталі, у ягоным пакоі правялі вобшук. Супрацоўнікі міліцыі знайшлі ў пляфоне лямпы 3,48 грама тытуню, які ўтрымліваў каля 0,9 грама асабліва небясьпечнага псыхатропнага рэчыва.

Суд ішоў шэсьць дзён, сьведкі з боку абвінавачваньня адмовіліся пацьвердзіць, што набывалі наркотыкі ў Лапко. Віну ён прызнаў часткова, адмаўляючы намер збыту.

Вытрымкі з матэрыялаў справы:

«Лапко і Мікалаюк, групай асобаў па папярэдняй змове, з карысьлівых меркаваньняў, у нявысьветлены час і месцы, шляхам выхаду ў сетку Інтэрнэт з дапамогай мабільнага тэлефона... выкарыстоўваючы яго ў якасьці прылады злачынства, праз спэцыялізаваную праграму... незаконна, з мэтай збыту набылі ў нявысьветленай асобы крышталічнае рэчыва ў сумесі з парашкападобным рэчывам...»

«... суд ацэньвае колькасьць знойдзеных у абвінавачаных скруткаў з грашовых купюр, у якіх знаходзілася расьліннае рэчыва, якое ўтрымлівае асабліва небясьпечнае псыхатропнае рэчыва — 5 штук, падрыхтаванае для ўжываньня шляхам курэньня, агульнавядомы факт, што сумесь для курэньня, якая ўтрымлівае псыхатропнае рэчыва, рэалізуецца менавіта ў такіх скрутках з грашовых купюр, суд прыходзіць да высновы аб намеры абвінавачаных на мэту збыту».

«З паказаньняў экспэрта Кавальчук І.В. вынікае, што вынятае парашкападобнае рэчыва масай 0,9974 грама, якое ўтрымлівае ў сваім складзе асабліва небясьпечнае рэчыва — MBA(N)-CHM, гэта рэагент, зь якога вырабляюць сумесь для курэньня, якая ўтрымлівае псыхатропнае рэчыва, з дадзенай колькасьці рэагенту магчыма вырабіць ня менш за 20 доз для курэньня расьліннага рэчыва, якое ўтрымлівае псыхатропнае рэчыва».

«Ацаніўшы паказаньні экспэрта Кавальчук і сьведкі Куцко... улічваючы, што знойдзенае ў Лапко і Мікалаюка (абвінавачаных. — РС) рэчыва масай 0,9974 грама зьяўляецца рэагентам, а ў суадносінах з дозамі, прыгатаванымі імі ж у грашовых купюрах для збыту, суд робіць выснову, што з дадзенага рэчыва магчымы выраб значнай колькасьці сумесі для курэньня, якая ўтрымлівае псыхатропнае рэчыва, для неаднаразовага спажываньня, што ўказвае на намер абвінавачаных аб мэце збыту ўказанага псыхатропнага рэчыва».

Павел Сапелка
Павел Сапелка

Камэнтар юрыста незарэгістраванага праваабарончага цэнтра «Вясна»​ Паўла Сапелкі

Пра нявысьветленае месца і нявысьветленую асобу

«Для непадрыхтаванага вуха словы „нявысьветленае месца і нявысьветлены час“ гучаць дзікавата, але ў гэтым ёсьць свой сэнс. У працэсуальныя дакумэнты ўваходзяць толькі тыя дадзеныя, якія былі даказаныя даступнымі сродкамі і калі яны маюць вызначальнае значэньне для сытуацыі.

Калі мы гаворым пра тое, што набыты наркотык у некага, то гэта не заўсёды мае вызначальнае значэньне. Чаму? Ну вось, напрыклад, у некага знайшлі 50 грамаў наркатычнага сродку. Задаюць пытаньне: дзе ты яго набыў? Ён расказвае, што 7 месяцаў назад набыў, дакладнай даты ня памятае. Дзе набываў, ня скажа, набываў у невядомага яму мужчыны. Пасьля гэтага сьледчы ўносіць у працэсуальныя дакумэнты інфармацыю пра нявызначанае месца. Нават дата можа быць нявызначаная і асоба, у якой набывалася рэчыва. Але для кваліфікацыі дзеяньняў падчас збыту гэта, у прынцыпе, ня мае значэньня.

Вядома, усе хочуць задаць пытаньне пра тую асобу, якая першапачаткова прадала партыю наркотыкаў. Гэта пытаньне да праваахоўных органаў. Далёка ня кожная справа суправаджаецца раскрыцьцём ліній аптовых прадаўцоў».

Пра даказанасьць намеру збыту

«Вядома, што кожны чалавек, які абвінавачваецца ў злачынстве, заслугоўвае справядлівага суду. Абмяркоўваць высновы суду даволі складана, трэба быць удзельнікам працэсу. У дадзеным канкрэтным выпадку судзьдзя прыходзіць да высновы пра наяўнасьць намеру на збыт наркатычных сродкаў на аснове некалькіх фактараў, ня толькі спосабу расфасоўкі наркатычных сродкаў у грашовыя купюры. (Акрамя спосабу расфасоўкі, пра намеры на распаўсюд у абвінавачаных кажуць сьведкі. — РС.) Хоць яна, вядома, рэжа вока. Маўляў, агульнавядома, што ў купюрах захоўваюцца наркатычныя рэчывы для продажу. Каму вядома? Мне, напрыклад, гэта невядома. Ідзе дождж, значыць, дарога мокрая — вось гэта агульнавядомы факт.

Тут яшчэ ёсьць паказаньні сьведак, супрацоўнікаў міліцыі. Наколькі я разумею, абвінавачаных апытвалі адразу пасьля выхаду са стану наркатычнага ап’яненьня. Таксама так сабе доказ, можна ацаніць па-рознаму. Трэці доказ — гэта перапіска ў тэлефоне аднаго з абвінавачаных».

Пра форму прысуду

«Мяне заўсёды не задавальнялі прысуды, прачытаўшы якія, цяжка зрабіць адназначную выснову аб вінаватасьці чалавека. Судзьдзі абавязаныя ўказваць, чаму адны доказы яны прымаюць, а іншыя — не. Як правіла, гэта адбываецца даволі фармальна. Судзьдзя спасылаецца на тое, што больш давярае адным доказам і менш — іншым, і ўсё. На маю думку, гэта павінна быць апісана больш грунтоўна. Чаму пры наяўнасьці супрацьлеглых доказаў судзьдзя прыходзіць да адной высновы? Гэта павінна быць у прысудзе, а ня толькі нябачна адбывацца ў галаве судзьдзі».

Максім Жыгар
Максім Жыгар

Максім Жыгар. У 19-гадовым узросьце асуджаны на 8 гадоў і 1 месяц зьняволеньня

Жыгара затрымалі па месцы жыхарства, падчас вобшуку знайшлі некалькі пакункаў з марыхуанай. Згодна з матэрыяламі сьледзтва, Жыгар разам са знаёмымі зьбіраў дзікарастучыя каноплі ў полі недалёка ад абласнога цэнтру, пасьля чаго сушыў часткі расьлінаў і такім чынам атрымліваў наркотык. Прызнаў сваю віну ў захоўваньні і ўжываньні наркатычнага рэчыва і адмаўляў намер на распаўсюд. Выносячы прысуд, суд прыняў да ўвагі паказаньні сьведак.

Вытрымкі з матэрыялаў справы:

«... знаходзячыся ў лесапаласе каля садовага таварыства „Мастак“ на тэрыторыі Капцёўскага сельскага савету ў Гродзенскім раёне, незаконна бяз мэты збыту шляхам збору лістоў, насеньня і сьцяблінаў дзікарастучай расьліны канапель, якая зьяўляецца небясьпечным наркатычным сродкам — марыхуанай, здабыў ня менш за 97,9282 грама небясьпечнага наркатычнага рэчыва, марыхуаны, якую незаконна з мэтай збыту, захоўваючы пры сабе, перавёз у кватэру па адрасе...»

«Ён жа ў пэрыяд часу з канца жніўня 2012 году да 05.10.2012 неаднаразова прадстаўляў кватэру па месцы свайго жыхарства... для ўжываньня небясьпечнага наркатычнага сродку — марыхуана грамадзянам Калпакову, Параю, Матвейчыку, Юнцэвічу...»

Камэнтар юрыста

Сумеснае спажываньне наркотыкаў можа быць прызнанае раcпаўсюдам?

«Тут абвінавачаныя прызнаюць віну ў захоўваньні і перамяшчэньні наркатычных сродкаў, але не пагаджаюцца з тым, што займаліся іх раcпаўсюдам. Абвінавачваньне грунтуецца на паказаньнях сьведак, якіх абвінавачаныя альбо частавалі, альбо абыякава ставіліся да таго, што яны частаваліся самі. Можна зрабіць выснову, што ўся кампанія была ў цэлым настроеная на спажываньне наркатычных рэчываў. А паміж спажываньнем і іншымі дзеяньнямі з наркатычнымі рэчывамі адлегласьць вельмі-вельмі малая. І ў розны час яна па-рознаму ацэньвалася судовай практыкай.

Быў час, калі сумеснае спажываньне набытага адной асобай з кампаніі наркотыка для ўсіх ацэньвалася як спажываньне, а для таго, хто набываў, — як распаўсюд са збытам. Потым пачалі трактаваць іначай — бяз збыту. Пазьней зноў больш жорсткім зрабілася стаўленьне.

Зноў жа пры ўмове, што суд незалежны і бесстароньні, судзьдзя, хутчэй за ўсё, прыме правільнае рашэньне. Калі залежныя людзі проста скінуліся і паслалі аднаго са сваёй кампаніі набыць наркотык, гэта адно. А калі нехта займаецца перапродажам сярод знаёмых, гэта іншае. Суд павінен улічваць такія моманты. Пры ўмове, паўтаруся, што ён незалежны і бесстароньні».

Як суд ацэньвае сытуацыю, калі абвінавачаны і сьведкі даюць супрацьлеглыя паказаньні?

«У гэтай справе паказаньні абвінавачанага разыходзяцца з паказаньнямі сьведкі. Суд павінен вырашыць, да каго прыслухацца. У прынцыпе, калі суд нават прыме памылковае рашэньне несьвядома, я ня бачу ў гэтым вялікай бяды. Вышэйстаячыя інстанцыі заўсёды могуць паправіць. Іншая справа, калі гэта адбываецца ў межах нейкай кампаніі (інфармацыйнай, прапагандысцкай. — РС). Калі судзьдзя, магчыма, і бачыць, што выносіць неправамоцны прысуд, аднак, тым ня менш, плыве ў гэтай хвалі. Ацэньвае матэрыялы справы з абвінаваўчым ухілам. Гэта, вядома, нядобра, і з гэтым трэба змагацца».

Пра хуткасьць судовага працэсу

«Гэта зьдзіўляе тых, хто раней не сутыкаўся з судовымі працэсамі. Звычайная справа, калі працэс цягнецца 1–2 дні. Калі гэта ня нешта гучнае, вядома. Суд у большасьці выпадкаў — гэта канвэер. Калі адзін чалавек прынёс іншаму кіляграм наркатычнага рэчыва, абодвух злавілі — і ўсё, то трэба толькі апытаць сьведак, абвінавачаных, абвясьціць матэрыялы справы. Калі ўсё так проста, то можна за адзін дзень напісаць прысуд.

Калі справа больш складаная, трэба больш сьведак, тады пройдзе больш часу. Але неабходна пры гэтым, каб захоўваліся правы абвінавачаных, каб суд заставаўся незалежным і бесстароньнім. Калі абвінавачаны падае хадайніцтва аб выкліку новых ключавых сьведак у залю паседжаньняў, яго хадайніцтва павінна быць задаволенае. Няправільна, калі суды адмаўляюць у гэтым. Па „наркатычных“ справах у выкліку сьведак часта адмаўляюць, спасылаючыся на неабходнасьць захаваць іх ананімнасьць. Але сучасныя тэхнічныя сродкі дазваляюць гэта рабіць. Нават дыстанцыйна можна дапытаць».

Аляксей Шуба
Аляксей Шуба

Аляксей Шуба. У 22-гадовым узросьце быў асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі.

У лютым 2016 году суд Жлобінскага раёну прызнаў Шубу вінаватым у незаконным набыцьці, захоўваньні і збыце наркатычных рэчываў і асудзіў на 10 гадоў пазбаўленьня волі. Шубу затрымалі пасьля правядзеньня так званага апэратыўна-росшукавага мерапрыемства. Сьледчыя двойчы пасылалі да Шубы сьведку з загадзя памечанымі грашамі, якая павінна была набыць у яго наркотыкі. Асноўнымі сьведкамі на працэсе былі супрацоўнікі сьледчай групы і прыцягнутая імі да супрацоўніцтва знаёмая Шубы.

Вытрымкі з матэрыялаў справы:

«Суд Жлобінскага раёна... высьветліў: Шуба Аляксей Аляксеевіч прыкладна ў кастрычніку-траўні 2015 году ў нявысьветлены час і ў нявысьветленым месцы пры нявысьветленых падчас сьледзтва абставінах незаконна набыў рэчыва, якое ўтрымлівала асабліва небясьпечнае рэчыва, што не выкарыстоўваецца ў мэдыцынскіх мэтах — альфа PVP, якое незаконна захоўваў з мэтай збыту».

«З пратаколу правядзеньня апэратыўна-росшукавага мерапрыемства „апэратыўны экспэрымэнт“ ад 6 ліпеня 2015 году высьветлена, што 8 ліпеня 2015 году В., якая дала добраахвотную згоду на ўдзел у правядзеньні АРМ у адносінах да Шуба А. А., у Жлобінскім РУУС для закупу псыхатропнага рэчыва ў пэрыяд з 9 гадзін 30 хвілін да 9 гадзін 44 хвілін з выкарыстаньнем відэафіксацыі былі ўручаныя грошы ў памеры 1 100 000 рублёў, якія апрацавалі рэчывам „Люмінор“. Пасьля В. на службовым аўтамабілі была дастаўленая на вуліцу Пятроўскага, 46 у Жлобіне, адкуль пад візуальным назіраньнем супрацоўнікаў міліцыі накіравалася да чыгуначнага вакзалу ў Жлобіне, вярнулася праз 15–20 хвілін, была дастаўленая да месца жыхарства. У размове паведаміла, што грошы ў памеры 1 100 000 рублёў перадала Шубу А. А. каля помніка „Леніну“ на прывакзальнай плошчы ў Жлобіне. Шуба А. А. пасьля набыцьця псыхатропнага рэчыва абяцаў стэлефанавацца. 29 чэрвеня 2015 году Шуба А. А. быў затрыманы, у сувязі з чым ня змог давесьці свой намер да канца».

​Камэнтары экспэрта

Ці можа супрацоўнік праваахоўных органаў, які расьсьледаваў справу, быць на ёй сьведкам?

«Можа. Нельга казаць, што міліцыянэр заўсёды зацікаўлены ў тым, каб пасадзіць. Паўтаруся, што гэта праблема справядлівага суду, абвінавачваньня і абароны. Абодва бакі павінны даказваць сваю пазыцыю. Калі пракурор скажа, што паказаньні маці абвінавачанага не адпавядаюць рэчаіснасьці, ён павінен пацьвердзіць і падмацаваць гэта нейкімі аб’ектыўнымі дадзенымі. Тое самае тычыцца і боку абароны. Калі яны кажуць, што міліцыянты — зацікаўленыя асобы, што яны кажуць няпраўду, што іх паказаньням павінна быць дадзеная нэгатыўная ацэнка, то трэба тлумачыць і даводзіць, чаму суд павінен да такіх сьцьверджаньняў прыслухацца».

Ці законна засылаць да падазраванага ў гандлі наркотыкамі падстаўнога кліента?

«Ёсьць закон аб апэратыўна-пошукавай працы, і ён прадугледжвае такія дзеяньні. На маю думку, гэта нядрэнная форма працы, калі ёй не злоўжываюць.

Дапусьцім, апэратыўныя супрацоўнікі атрымалі інфармацыю, што існуе асоба, якая сама ўжывае наркатычныя рэчывы і час ад часу іх рэалізуе. Пакуль не было магчымасьці такіх экспэрымэнтаў, то трэба было альбо бегаць за ёй і чакаць, пакуль яна нешта некаму прадасьць, альбо выбіваць паказаньні. Першае неэфэктыўна, другое супрацьзаконна. А апэратыўны інструмэнт — гэта такі выпадак, калі падазроная асоба ставіцца перад выбарам: зьдзяйсьняць злачынства або не зьдзяйсьняць яго. Калі праводзіць такі экспэрымэнт правільна, то ён прымальны.

У гэтым выпадку ў Жлобіне асобе, якая пагадзілася на супрацоўніцтва, супрацоўнікі праваахоўных органаў далі грашовыя сродкі, яна папрасіла набыць ёй на іх наркатычныя рэчывы. У абвінавачанага ёсьць выбар — адмовіцца або пайсьці на больш цяжкае злачынства. На думку суду, абвінавачаны выбраў другі варыянт.

І, на мой погляд, на гэтым экспэрымэнт трэба было лічыць завершаным. Затрымліваць, зьбіраць доказы, перадаваць справу ў суд. Але вельмі часта апэратыўныя супрацоўнікі сваім правам на правядзеньне такіх экспэрымэнтаў злоўжываюць. У гэтай канкрэтнай сытуацыі накіроўваюць сьведку да будучага абвінавачанага яшчэ раз яшчэ з адной сумай грошай. А навошта? Гэтым павялічваецца яго віна. Разавы факт збыту — гэта адно, паўторнасьць — зусім іншае. Гэта ўжо трэцяя частка артыкула 328.

Чаму так робіцца? Наколькі я ведаю, гэтыя дзеяньні супрацоўнікі праваахоўных органаў называюць замацаваньнем вынікаў экспэрымэнту. Кажуць, што спрабуюць выйсьці на іншых збытчыкаў. Хоць я ў гэтай справе не зразумеў, на каго яны разьлічвалі выйсьці. Дзіўная сытуацыя».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG