Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апублікаваны праект зьменаў у «наркатычныя артыкулы» Крымінальнага кодэксу


Удзельніцы руху «Маці 328», якія дамагаюцца зьмякчэньня «наркатычных» артыкулаў, ля адміністрацыі Лукашэнкі
Удзельніцы руху «Маці 328», якія дамагаюцца зьмякчэньня «наркатычных» артыкулаў, ля адміністрацыі Лукашэнкі

Партал pravo.by апублікаваў законапраект аб зьмене Крымінальнага і Крымінальна-працэсуальнага кодэксаў Беларусі. Свабода паглядзела, што Савет міністраў прапануе Палаце прадстаўнікоў зьмяніць у «наркатычных артыкулах» КК.

Артыкул 327. Крадзеж наркатычных сродкаў і псыхатропаў

Тэрміны пазбаўленьня волі ад 3 да 15 гадоў, прадугледжаныя гэтым артыкулам, ня зьменяць. У частках 2 і 3 прапануюць замяніць канфіскацыю маёмасьці на штраф. Штраф не замяняе пакараньня турмой, а можа толькі дапаўняць прысуд.

Што сабой уяўляе буйны памер наркотыкаў і псыхатропаў, будзе па-ранейшаму вызначаць Савет міністраў. Для кожнага наркатычнага сродку ён свой: і для асобных відаў можа складаць як 0,0005 грама, так і 2,5 кг.

Артыкул 328. Незаконны абарот наркатычных сродкаў і псыхатропаў

Частка 2. Прапануюць скараціць мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі з 5 да 3 гадоў. Канфіскацыю маёмасьці прапануюць замяніць на штраф.

Гэтай часткай караюць за:

  • продаж наркатычных сродкаў;
  • выраб, перапрацоўку, набыцьцё, захаваньне, перавозку і перасылку наркотыкаў з мэтай продажу.

Частка 3. Прапануюць скараціць мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі з 8 да 6 гадоў. Канфіскацыю маёмасьці прапануюць замяніць на штраф.

Гэтай часткай караюць за:

  • злачынствы, прадугледжаныя часткай 2 і ўчыненыя групай асобаў, службовай асобай ці асобай, якая ўжо ўчыняла «наркатычныя злачынствы»;
  • продаж наркотыкаў на тэрыторыі ўстановы адукацыі, аховы здароўя, вайсковай часткі, папраўчай установы, лячэбна-працоўнага прафілякторыя;
  • продаж наркотыкаў на масавым мерапрыемстве;
  • продаж наркотыкаў непаўналетнім.

Частка 4. Тэрміны пакараньня ад 10 да 12 гадоў пакінуць ранейшымі. Канфіскацыю маёмасьці прапануюць замяніць на штраф.

Гэтай часткай караюць за:

  • злачынствы, прадугледжаныя часткай 2 ці 3, учыненыя арганізаванай групай асобаў;
  • выраб ці перапрацоўваньне наркатычных сродкаў з выкарыстаньнем лябараторнага абсталяваньня.

Частку 5, якая прадугледжвае пазбаўленьне волі ад 12 да 25 гадоў, зьмяняць ня будуць.

Гэтай часткай караюць за злачынствы, прадугледжаныя часткамі 2–4, якія сталі прычынай сьмерці чалавека.

Артыкул 329. Сяўба або вырошчваньне расьлінаў ці грыбоў, якія ўтрымліваюць наркатычныя сродкі і псыхатропы

Канфіскацыю маёмасьці, прадугледжаную часткамі артыкула, прапануюць замяніць на штраф. Бязь зьменаў застануцца тэрміны абмежаваньня і пазбаўленьня волі — ад 3 да 15 гадоў.

Артыкул 331. Схіленьне да ўжываньня наркатычных сродкаў і псыхатропаў

Частка 2. Праект зьменаў удакладняе, што караць за схіленьне да ўжываньня заведама непаўналетніх будуць толькі асобаў, якія ўжо дасягнулі 18-гадовага ўзросту.

Тэрміны пакараньня ад 3 да 10 гадоў, прадугледжаныя гэтым артыкулам, ня зьменяць.

«Не стае акту гуманнасьці,» — лідэрка руху «Маці 328» пра зьмены ў Крымінальны кодэкс

27 красавіка прадстаўнікі руху «Маці 328» абвясьцілі галадоўку, патрабуючы зьмякчэньня «антынаркатычнага» заканадаўства ў дачыненьні да тых, хто ўжываў забароненыя рэчывы. 2 траўня ў Палаце прадстаўнікоў абяцалі зьмякчыць пакараньні па «наркатычным» артыкуле 328.

Што важна ведаць пра галадоўку «Маці 328»:

Асноўныя факты пра прымяненьне «наркатычнага» артыкула 328

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG