Падчас першага ў сувэрэннай гісторыі Беларусі чатырохдзённага візыту ў Беларусь міжпартыйная парлямэнцкая дэлегацыя зь Вялікай Брытаніі правяла сустрэчы ў Палаце прадстаўнікоў, зь міністрам замежных справаў Беларусі Ўладзімерам Макеем і беларускай апазыцыяй.
Адзін з тых, хто размаўляў з брытанскімі дэпутатамі 31 траўня, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, расказвае Свабодзе, што папярэдняя праграма, арганізаваная дзяржавай, была дзіўнай.
Чытайце таксама: Лукашэнка накарміў кітайскага віцэ-прэзыдэнта дранікамі і пельменямі
Дэлегатам ня ладзілі маштабнай сустрэчы зь беларускімі дэпутатамі, а рабілі хутчэй «рэклямную кампанію», кажа ён: паказалі Нясьвіж, адзін з дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў вазіў іх у лякарню, у Міністэрстве эканомікі іх «агітавалі за дрэваапрацоўку».
«Крыху не зразумелыя для парлямэнцкай дэлегацыі сустрэчы, больш скіраваныя, выглядае, на „дайце нам грошай“, — разважае Лябедзька. — У сустрэч было вельмі мала палітычнага кантэнту».
На сустрэчы з апазыцыяй — лідэрамі АГП, БНФ, БХД, кампаніі «Гавары праўду», руху «За свабоду» і прадстаўніком сацыял-дэмакратаў, дэпутаткамі Ганнай Канапацкай і Аленай Анісім — абмяркоўваліся пытаньні бясьпекі і расейскага фактару, палітычных зьняволеных, ціск на мэдыя і жаданьне ўладаў больш рэгуляваць інтэрнэт. Але, адзначае Лябедзька, «пачалі з тэрміналёгіі», якая датычыцца выбараў і парлямэнту ў Беларусі.
«Гэта было як мінімум нечаканасьцю для часткі брытанцаў, — сьцьвярджае Лябедзька. — Іхныя думкі пра Беларусь былі лепшымі. Ці мо падчас папярэдніх сустрэч нехта ім нагаварыў. Але ўяўленьня пра тое, як у Беларусі праводзяцца выбарчыя кампаніі, яны ня мелі або мелі самае павярхоўнае. Для іх было жахам, як тут адбываецца фармаваньне выбарчых камісіяў, як вядзецца падлік галасоў... Для Брытаніі гэта абсалютна непрымальна.
Мне сымпатычна было, што значная частка нашай дыскусіі ішла вакол вяртаньня права выбару амаль сямі мільёнам грамадзянаў Беларусі. Гэта добра, што мы навязалі такую дыскусію, бо калі гэтае пытаньне вырашыцца, будуць посьпехі ва ўсіх астатніх пытаньнях».
У брытанскай дэлегацыі было тры дэпутаты-кансэрватары і тры прадстаўнікі апазыцыі. З адным з кансэрватараў — дэпутатам польскага паходжаньня Данелем Каўчыньскім — Лябедзька дамовіўся паспрабаваць наладзіць працу ў фармаце Брытанія — Польшча — Беларусь у пытаньнях выбараў, свабоды слова і бясьпекі.