Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нарадзіць і трапіць у галечу


Беларускія сем’і, у якіх ёсьць непаўналетнія дзеці, нашмат часьцей аказваюцца за мяжой беднасьці. Тлумачыць гэта можна па-рознаму, але ідэя аб тым, што «даў Бог зайку — дасьць і лужайку» абвяргаецца сухімі лічбамі. Нічога, як кажуць, асабістага. Проста статыстыка.

8,4% сем’яў з непаўналетнімі дзецьмі ў Беларусі лічацца малазабясьпечанымі, а вось сярод сем’яў безь непаўналетніх гэты паказьнік значна ніжэйшы: 1,9%. У нашых рэаліях гэта цалкам лягічна, бо назіраецца вялікі разрыў паміж дзяржаўнай прапагандай (краіне трэба паляпшаць дэмаграфічныя паказьнікі, адпаведна, жанчыны мусяць нараджаць больш дзяцей) і рэальным сацыяльна-эканамічным становішчам (зьнікненьне прадпрыемстваў, дэфіцыт працоўных месцаў, кепскія ўмовы для разьвіцьця малога бізнэсу, нізкія заробкі.).

З галечы такія сем’і ўсё адно не выходзяць.

Калі сям’я бедна жыла і да нараджэньня дзіцяці, дык з ягоным зьяўленьнем сытуацыя сур’ёзна пагаршаецца: выдаткаў становіцца значна болей. Вы можаце запярэчыць, што існуюць выпадкі, калі зьяўленьне дзіцяці ў сям’і спрыяе паляпшэньню фінансавага становішча (напрыклад, маці раней не працавала, а пасьля нараджэньня дзіцяці атрымлівае штомесячныя выплаты), але з галечы такія сем’і ўсё адно не выходзяць.

Бюджэт пражытковага мінімуму цяпер складае 206,58 рубля, а штомесячная выплата па даглядзе за дзіцём — ад 312,03 рубля да 401,18 рубля. Мяркуецца, што пражыць на выплату мусяць двое: дарослы, які клапоціцца пра дзіця (звычайна гэта маці) і ўласна дзіця. Такім чынам, на аднаго чалавека ў любым выпадку атрымліваецца менш за бюджэт пражытковага мінімуму.

Тое, што ў Беларусі так шмат сем’яў зь непаўналетнімі дзецьмі апынуліся за мяжой беднасьці, — гэта катастрофа, пра якую нельга маўчаць.

Тое, што са зьяўленьнем дзіцяці ў сям’і непазьбежна ўзьнікаюць дадатковыя выдаткі, характэрна, вядома ж, ня толькі для Беларусі. Дзяцей трэба карміць, апранаць і лячыць у любой краіне сьвету. І сем’і безь дзяцей паўсюдна па змоўчаньні жывуць больш заможна, чым сем’і зь дзецьмі. Але тое, што ў Беларусі так шмат сем’яў зь непаўналетнімі дзецьмі апынуліся за мяжой беднасьці, — гэта катастрофа, пра якую нельга маўчаць.

Сыстэма сацыяльнай падтрымкі ў нашай краіне выбудавана такім чынам, што, трапіўшы у складаную жыцьцёвую сытуацыю, людзі маюць значна больш шанцаў быць зацягнутымі ў так званую варонку беднасьці, чым зноў падняцца на той узровень жыцьця, дзе яны змогуць дазволіць сабе разнастайнае харчаваньне і новую сэзонную вопратку. І калі складаная жыцьцёвая сытуацыя зьвязана са зьяўленьнем дзяцей, на бацькоў навальваецца дадатковы цяжар віны і сораму за тое, што яны ня могуць забясьпечыць сябе і малых.

Даўно прыйшоў час задаць пытаньне «як мы жывем?»

Хопіць ужо заклікаць жанчын нараджаць! Хопіць расказваць пра важнасьць колькаснага росту нацыі, пра дэмаграфічныя паказчыкі, пра Бога, які ўсё дасьць і пра лёс, які складваецца сам сабой. Хопіць ставіць пытаньне «колькі нас?». Даўно прыйшоў час задаць пытаньне «як мы жывем?».

Зрэшты, гадаваньне дзяцей — гэта сацыяльна важная дзейнасьць, і чакаць ад грамадзтва і ад дзяржавы падтрымкі — цалкам нармальна. А вось мець рэальную васьміадсоткавую імавернасьць трапіць у галечу пасьля нараджэньня дзіця — ня надта добрая пэрспэктыва для людзей, якія жывуць у так званай сацыяльна арыентаванай дзяржаве.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG