У Гомлі прайшла прэзэнтацыя сайту drewa.by. Яго стваральнікі імкнуцца аднавіць драўляную архітэктуру Беларусі, хаця б у выглядзе музэю пад адкрытым небам.
Драўляную спадчыну Беларусі аднаўляюць гомельскія грамадзкія актывісты, гісторык Марыя Булавінская і яе муж, архітэктар Сяргей Ляпін.
«Маем стварыць адмысловы архіў унікальных драўляных пабудоваў, якія існавалі ў Гомлі ды іншых гарадах Беларусі», — кажа Марыя Булавінская.
На сайце drewa.by сабрана ўжо каля сотні фотаздымкаў ды чарцяжоў драўляных дамоў у Гомлі, Добрушы, Берасьці, Горадні, Наваградку, Менску ды некаторых іншых гарадоў. Сайт прэзэнтаваны ў гомельскім філіяле Веткаўскім музэю стараабрадніцтва і беларускіх традыцыяў.
Драўляных дамоў застаецца ўсё меней. Хоць шмат якія дамы з дрэва, пабудаваныя ў розных стылях, надавалі непаўторны калярыт беларускім гарадам і мястэчкам. У Гомлі, у прыватнасьці, летась зруйнавалі апошнія ўнікальныя жылыя дамы на вуліцы Валатаўской. Адзін зь іх высілкамі грамадзкасьці ўдалося разабраць і захаваць у разабраным выглядзе. Зь іншых зьнятыя разьбяныя аканіцы.
Нераўнадушныя гамельчукі прапануюць гарадзкім уладам стварыць з помнікаў драўлянага дойлідзтва функцыянальны музэй-скансан на пустуючым кавалку зямлі на вуліцы Арцёма, колішняй вуліцы Вінцэнта Крушэўскага. Архітэктар Сяргей Ляпін зрабіў нават эскізны праект такой забудовы — падобна музэю народнай архітэктуры і побыту, які існуе ў Строчыцах пад Менскам. Аднак гарадзкія ўлады не зацікавіліся ідэяй драўлянага комплексу пад адкрытым небам.
У стварэньні архіву ўнікальных драўляных пабудоваў чынны ўдзел узялі супрацоўнікі Веткаўскага музэю стараабрадніцтва і беларускіх традыцыяў імя Фёдара Шклярава, у прыватнасьці, мастак-рэстаўратар Андрэй Скідан.