Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Алексіевіч — нармальны чалавек». Арнольд Макмілін прэзэнтаваў сваю кнігу ў Менску


Прафэсар Лёнданскага ўнівэрсытэту Арнольд Макмілін
Прафэсар Лёнданскага ўнівэрсытэту Арнольд Макмілін

17 траўня ў кнігарні «Логвінаў» адбылася прэзэнтацыя новай кнігі брытанскага дасьледчыка беларускай літаратуры Арнольда Макміліна «Адмова ад традыцыі: кароткая беларуская проза на пачатку ХХІ стагодзьдзя».

Кніга выйшла ў выдавецтве «Логвінаў». На прэзэнтацыю ў Менск прыехаў аўтар.

Арнольд Макмілін падчас прэзэнтацыі
Арнольд Макмілін падчас прэзэнтацыі

«Гэта невялікае выданьне — апошняя частка працы аўтара, каб сьвет уведаў пра Беларусь ня толькі ў зьвязку з Чарнобылем і з тым, што гэта, як выказалася Кандаліза Райс, «апошняя дыктатура ў Эўропе», але і як пра краіну з багатай культурнай гісторыяй, асабліва літаратурай», — гаворыцца ў кнізе.

У папярэдняй манаграфіі «Рунь» Арнольд Макмілін дасьледаваў паэзію маладых творцаў пачатку XXI стагодзьдзя.

Арнольд Макмілін прэзэнтаваў кнігу, прысьвечаную маладым беларускім паэтам пачатку XXI стагодзьдзя

Пра што казаў Арнольд Макмілін падчас прэзэнтацыі ў Менску?

Пра кнігу

«У большасьці я магу апісаць толькі тое, што маю перад вачыма. Я не пішу пра кнігі, якіх не чытаў, у адрозьненьне ад многіх крытыкаў».

«Я думаў, што кніга такая сухая, таму я дадаў эпіграфы і цытаты з Шэксьпіра, каб было весялей. Я хачу працытаваць адзін зь іх. Ёсьць разьдзел чацьвёрты „Улада, краіна, убоства“. Вядомая цытата: „Няма ў кароне роздыху і сну“. Я маю на ўвазе „бацьку“. У тэорыі дрэнна сьпіцца, бо ён без каранацыі кароль. І яшчэ: „І ўсё тады зьбіраецца ва ўладу,// Улада ў волю, воля — у прагу есьці,// А прага есьці — ненажэрны воўк“. То бок гэта пачатак разьдзелу, дзе трошачкі пішу пра „бацьку“ і аналягічныя тэмы».

«Я пачынаю тут сэксам, бо гэта таксама важна. У „Руні“ не было сэксу, таму што было зашмат. Па традыцыі пісьменьнікі не пісалі пра сэкс, сатырычна пра Чарнобыль і таксама сатыру на „бацьку“.То бок тут разглядаюцца нетрадыцыйныя аўтары».

«Кніга не такая дакучлівая, як папярэдняя. Нягледзячы на манаскі выгляд, там ёсьць дасьціпныя жарцікі».

Што ведаюць зь беларускай літаратуры ў Вялікай Брытаніі?

«Зразумела, папулярная Алексіевіч. Купала, Колас, Багдановіч больш-менш у эмігрантаў. Але хто ведае, што ведаюць іншыя людзі?»

Пра Нобэлеўскую прэмію Алексіевіч

«Яны адмовілі Быкаву, што сорамна. Адмовілі Барадуліну, бо пераклады былі жудасныя. Мне пісалі, і я рэкамэндаваў яго як мог, але разумеў, што гэта немагчыма. А Васіль Быкаў мог бы атрымаць, але яны далі леваму ангельцу.

Добра, што перамагла Алексіевіч. Хоць яна піша па-расейску, але ўсім гаворыць: „Я беларуска“. І кнігі яе цікавыя, журналіcтыка першаклясная. І я рады, што яна здолела пакрыўдзіць і „бацьку“, і Пуціна. Я слухаў ейную нобэлеўскую прамову. Гэта быў выступ — мой найвышэйшы камплімэнт — нармальнага чалавека. Такіх сёньня няшмат. Вельмі добра і важна, што яе кнігі вельмі хутка перакладаліся на беларускую мову». ​

Пра футбол і хакей

«Калі беларуская футбольная каманда стала б чэмпіёнам сьвету, то палова Англіі ведала б пра Беларусь. А хакей — гэта ня наш спорт. Таму трэба больш займацца футболам, калі хочаце быць вядомымі ў Англіі».

Што трэба зрабіць беларусам, каб іх перакладалі на ангельскую мову?

«Вельмі сумна, што мы не жывём у эпоху літаратурнай культуры. Хаця ў нас людзі актыўна чытаюць кнігі. Але зашмат пісьменьнікаў — гэта адно. І зашмат тэлевізіі. Так што гэта вельмі цяжка».

Пра Вальжыну Морт

«Вальжына Морт цудоўна прадстаўляе беларусаў у Амэрыцы. Яна працавала ў прэстыжных унівэрсытэтах. Гэта вельмі важна. Друкавала вершы і сябравала з амэрыканскімі паэтамі, якія перакладаюць на ангельскую мову — гэта быў пачатак. Гэта Беларусь хаця б на інтэлектуальнай мапе ў Амэрыцы.

Хаця адзін чалавек гэта мала, але тым ня менш.

„Я пішу ўсім целам“. 10 радкоў пра паэтку Вальжыну Морт

Раней я думаў, што гэта трагедыя для беларускай літаратуры, якая аддала вялікія таленты Амэрыцы, але цяпер так не лічу. І ўсё ж не рэкамэндую беларускім літаратарам ісьці за Вальжынай».

Пра тых, хто ведае беларускую мову ў Англіі

«Ангельцы вядомыя як людзі, якія ведаюць толькі ангельскую мову. У Францыі ведаюць францускую... Але Джым Дынглі цудоўна гаворыць па-беларуску, у яго беларуская жонка. Хоць яны вучылі сваіх дзяцей расейскай. Дарэмна. Эмігранты — гэта людзі, якія ведаюць беларускую мову і часта дыялекты беларускай мовы».

«У апякунскай радзе Скарынаўскай бібліятэкі я адзіны не беларус, і гэта цяжка. Я часта кажу: мы ў Англіі, гаварыце па-ангельску. Я хацеў бы больш ня быць сябрам рады, але разумею, што гэта сьвяты абавязак».

Арнольд Макмілін: Я згодны быць амбасадарам Беларусі!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG