Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Непанятны» Каліноўскі і незразумелы Калінін


Да цырымоніі перапахаваньня парэшткаў Кастуся Каліноўскага афіцыйная РБ пакуль ня выказала ніякай цікавасьці. Не таму, што ня любіць Каліноўскага, а таму, што ён для яе такі самы «непанятны», як Касьцюшка, як БНР, як сама гэтая краіна, адлюстраваная ў паўстанцкім споклічы «Каго любіш? Люблю Беларусь! То ўзаемна».

У БССР Кастусь Каліноўскі быў прызнаным нацыянальным героем. Выходзілі кнігі, здымаліся фільмы, называліся партызанскія атрады і вуліцы. У РБ ордэн Каліноўскага стаў адной з галоўных новых дзяржаўных узнагарод. Яшчэ да Лукашэнкі, натуральна. Лукашэнка скасуе гэты ордэн у 2004-м. Але наша гісторыя пачалася раней.

У 2001-м першай уздымае і дасьледуе тэму магілы героя Радыё Свабода. Улады РБ тым часам палююць на актывістаў, якія хочуць адзначыць даты славутага паўстаньня. Усебеларускі Касінерскі фэст, які рыхтаваў у 2013 годзе астравецкі асьветнік Алесь Юркойць, стаў яго апошняй ініцыятывай перад арыштам у КГБ і доўгім турэмным тэрмінам.

Устаноўка помніка паўстанцам 1863 году ў вёсцы Слабодка. 15 лістапада 2013 году. Алесь Юркойць першы справа
Устаноўка помніка паўстанцам 1863 году ў вёсцы Слабодка. 15 лістапада 2013 году. Алесь Юркойць першы справа

Артыкулы і кнігі працягваюць выходзіць выключна ў незалежных СМІ і выдавецтвах.

Калі Радыё Свабода напісала пра пахаваньне паўстанцаў у Вільні на Замкавай гары (гара Гедыміна), адказныя асобы ў Літве рашуча адмаўлялі, што такая магіла там ёсьць. Сама гара — сымбаль літоўскай дзяржаўнасьці і там ня мусіць падмешвацца ніякае «Люблю Беларусь!». Літоўцаў, прынамсі, можна зразумець.

Паўтара года таму гара «паплыла», стала імкліва разбурацца, агаліліся чалавечыя парэшткі, за працу ўзяліся археолягі. Праўда выйшла на паверхню — гэта насамрэч паўстанцы. Пачаўся працэс ідэнтыфікацыі, у які ўключыліся беларускія недзяржаўныя гісторыкі і бізнэсоўцы, тэму ўвесь час асьвятляюць недзяржаўныя СМІ.

Каліноўскі для беларускай дзяржавы — ключавая постаць, як і Касьцюшка, як і БНР.

Я пра што? Кожная дзяржава мае сваю легенду. Каліноўскі для беларускай дзяржавы — ключавая постаць, як і Касьцюшка, як і БНР. Калі гэтую постаць «выняць», «непанятнай» становіцца сама дзяржава. Шмат хто гэта разумее і адчувае, таму і ўдзельнічаюць у справах адраджэньня з уласнае волі. І тое, што РБ на перапахаваньні ня будзе, зусім ня значыць, што там ня будзе Беларусі. РБ не было і на сотых угодках БНР і ў пастаўленым на народныя грошы помніку Касьцюшку…

Адкрыцьцё помніка Тадэвушу Касьцюшку
Адкрыцьцё помніка Тадэвушу Касьцюшку

25 сакавіка 2018. 100-я ўгодкі БНР каля Менскай опэры
25 сакавіка 2018. 100-я ўгодкі БНР каля Менскай опэры

Паказальнае нядаўняе прызнаньне чыноўніцы, галоўнай у РБ над кнігамі, якая пры тым кіруе літаратурнымі журы. Яна кажа, што Рублеўская для яе крыху складаная. Кожны, хто ў тэме, разумее, што напісаныя папулярна раманы Рублеўскай ня больш складаныя за самага чытанага ў беларускай літаратуры Ўладзімера Караткевіча. Гэтае прызнаньне — як мэтафара таго, што ў Беларусі «непанятна» для РБ.

У сваю чаргу для Беларусі ў РБ незразумелая роля міністэрстваў інфармацыі, адукацыі і культуры, усе навіны пра дзейнасьць якіх носяць, як правіла, кур’ёзны характар. Звычайна нешта забараняецца або закрываецца. Як тое памятнае паведамленьне пра закрыцьцё 260-ці бібліятэк, зь якога ў РБ пачаўся «Год культуры».

У сфэры гуманістыкі на нашых вачах адбываецца ці то дзяржавазамяшчэньне, ці то асобнае будаваньне сапраўднай беларускай дзяржавы «за народныя грошы». І займаюцца гэтым людзі, на падаткі якіх утрымліваецца цэлая армія чынавенства па ўсёй краіне, якія ў большасьці выпадкаў робяць усё, каб гэтага будаваньня не дапусьціць.

Месца героя займае чалавек, які добраахвотна «здаў» сваю жонку ў ГУЛАГ.

Няўдзел афіцыйнай дэлегацыі РБ у перапахаваньні паўстанцаў для Беларусі мала істотны. Істотнымі для РБ былі б перамовы зь літоўскім бокам пра перанос пантэону ў Менск. Але ў Менску пакуль вольнага месца для плошчы і помніка Каліноўскаму няма. Тут на месцы нацыянальнага героя Беларусі ёсьць, напрыклад, помнік і аднайменная плошча нічым не зьвязанага зь Беларусяй або зь нейкімі добрымі справамі Міхаіла Іванавіча Калініна. Месца героя займае чалавек, які добраахвотна «здаў» сваю жонку ў ГУЛАГ.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG