Парлямэнт Латвіі ў першым чытаньні падтрымаў законапраект пра скарачэньне вяшчаньня расейскага тэлебачаньня. Папраўкі да заканадаўства прадугледжваюць 90 адсоткаў тэлевяшчаньня ў краіне на мовах Эўразьвязу.
Як паведамляе партал навінаў DELFI, дэпутаты спадзяюцца, што новыя меры дапамогуць «абмежаваць ўсё большы ўплыў прапаганды Крамля» ў Латвіі.
Раней у красавіку прэзыдэнт Латвіі зацьвердзіў рэформу па пераводзе школ нацыянальных меншасьцяў — у асноўным гэта расейскамоўныя школы — на латыскую мову навучаньня. Супраць новаўвядзеньняў некалькі разоў праводзіліся акцыі пратэсту. Іх арганізатар — Рускі саюз Латвіі. Нацыянальнае бюро па абароне канстытуцыі Латвіі лічыць, што арганізацыя зьвязана з Крамлём.
Насельніцтва Латвіі складае прыкладна 1 мільён 700 тысяч чалавек, каля 500 тысяч жыхароў краіны называюць сябе рускімі.