Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адна з тысяч. Як гомельская маці дамаглася апраўданьня сына, асуджанага «за наркотыкі»


Галадоўніцы з руху «Маці 328» пасьля сустрэчы ў адміністрацыі Лукашэнкі ў Менску, 2 траўня
Галадоўніцы з руху «Маці 328» пасьля сустрэчы ў адміністрацыі Лукашэнкі ў Менску, 2 траўня

Жанчыны з руху «Маці 328», які дамагаецца зьмякчэньня «наркатычнага» заканадаўства​, галадаюць ужо восьмы дзень. Свабода адшукала жыхарку Гомля, сын якой трапіў у міліцэйскі нерат лоўлі на «жыўца». Але быў апраўданы судом — пасьля чатырох гадоў на зоне паводле наркатычнага артыкулу. Гэтую справу можна назваць унікальнай для Беларусі, дзе, паводле праваабаронцаў, больш за 13 тысяч грамадзян сядзяць у калёніях «за наркотыкі».

Ірына працуе на дзяржаўным прадпрыемстве, таму прасіла не называць яе прозьвішча. Тыя чатыры гады, пакуль ейны сын Канстанцін сядзеў у калёніі, жанчына нястомна за яго змагалася. Як вынік, жыхар Гомля трапіў у мізэрны, статыстычнай хібнасьці працэнт людзей, якія былі апраўданыя паводле артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу («Незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў»). Гэтую справу можна назваць унікальнай для Беларусі, дзе тысячы грамадзян сядзяць у калёніях за гэта.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, за 2017 год у Беларусі агулам асудзілі больш за 43 тысячы чалавек. Апраўдалі суды 98 чалавек. 0.2%.

«Сын пасьля апраўданьня зьехаў у Расею»

Гэтая крымінальная справа пачалася ў 2006 годзе. Скончылася — у 2011-м. 28-гадовага гамельчука абвінавацілі ў продажы наркотыкаў (ч. 3 арт. 328 КК). На паўторным разглядзе, пасьля чатырох гадоў калёніі, мэханізм суду раптам даў збой — жыхара Гомля вызвалілі ў залі пасяджэньня.

Пасьля Канстанцін паехаў у Маскву, там жыве і працуе. Яго маці кажа, што зьехаць параілі пэўныя людзі па апраўдальным прысудзе.

«Нам сказалі, хай лепш зьедзе, каб зноў чаго ня здарылася. Ён не адзін такі. Мая знаёмая, сын якой, студэнт, таксама сядзеў за наркотыкі, даведалася, што Косьцю апраўдалі, і сказала: і я буду ваяваць за свайго! А ў іх была справа паводле такога ж сцэнару, як у нас. Па вызваленьні і знаёмая, і яе сын таксама зьехалі жыць у Расею», — расказвае Ірына.

Яна ўздыхае: ваяваць у судах цяжка, а ваяваць зь дзяржавай — часта немагчыма. Жанчыне казалі, што яе высілкі — як маральныя, так і грашовыя — ня маюць сэнсу. У міліцыі даводзілі: каб сын ня скардзіўся, згадзіўся, што вінаваты, «усё было б нармальна!»

Будынак суду Чыгуначнага раёну Гомля
Будынак суду Чыгуначнага раёну Гомля

«Ваяваць складана і дорага»

Жанчына ня верыла міліцыі. Верыла сыну і ў яго. Таму працягвала дамагацца справядлівасьці.

«Пры паўторным пераглядзе ў судзе ўжо вызначылі, што і голас на запісе ня сынаў, і здымкі былі сфабрыкаваныя. Гукавы файл быў змантаваны міліцыяй. Але пры першым разглядзе суд паверыў такім доказам, нічога іх не насьцярожыла! Гэта вельмі цяжка даказваць. Ваяваць цяжка. А калі хто ня мае грошай... Адвакаты бяруць па 200 рублёў за адзін дзень у судзе. А што такое адзін дзень у такіх справах? То перанесьлі, то сьведка не зьявіўся... Гэта можа цягнуцца бясконца. Вельмі складана і вельмі дорага», — разважае жыхарка Гомля.

«У нашай справе вырашылі прыбраць самае нізкае зьвяно ланцуга»

2 траўня перад сустрэчай у адміністрацыі Лукашэнкі ініцыятарка галадоўкі «Маці 328» Тацяна Канеўская прадэманстравала журналістам аркуш паперы, на якім ляканічна намалявала наркатычную герархію.

Тацяна Канеўская паказвае герархію распаўсюднікаў і спажыўцоў наркотыкаў
Тацяна Канеўская паказвае герархію распаўсюднікаў і спажыўцоў наркотыкаў

Зьверху — тыя, хто «ўсё гэта» прыкрываюць, потым буйныя дылеры, якія заводзяць наркотыкі ў Беларусь тонамі. Ніжэй ідуць «закладчыкі» і спажыўцы наркотыкаў.

«У турмах сядзяць два апошнія зьвяны, расходны матэрыял!», — выказалася Канеўская.

Ірына згаджаецца: «Вышэйзгаданая схема цалкам адпавядае рэчаіснасьці».

«Тыя, хто прывозіць буйныя партыі, і тыя, хто іх прыкрывае, — іх ніхто не затрымлівае, не адпраўляе на зоны. А гэтыя небаракі, асабліва спажыўцы наркотыкаў — гэта проста абгорткі ад цукерак... І пакуль нашы вярхі гэта робяць, прыкрываюць буйных дылераў — маці будуць пакутаваць, як цяпер змагаюцца пры дапамозе галадоўкі», — лічыць жанчына.

Перагляду справы яна дабілася праз скаргі ў КДБ і ААЦ.

«У справе нашага сына былі міліцыянты, якія яго падставілі. Але яны не былі пакараныя, здаецца, адзін нават пайшоў угару па карʼернай лесьвіцы. Пры пераглядзе справы майго сына спэцыяльным службам, мусіць, на пэўным моманце сказалі: усё, далей не капайце. І таму спыніліся на тым міліцыянце, які якраз на момант перагляду справы ўжо ня жыў — загінуў на паляваньні. Той міліцыянт быў самым нізкім зьвяном ланцуга», — дадае Ірына.

Супрацоўнік міліцыі, злачынныя дзеяньні якога ў «пасадцы» жыхара Гомля выкрыла пракуратура, загінуў ва ўзросьце 29 гадоў. Разам зь сябрамі ён выправіўся на незаконнае паляваньне. Выходзячы з машыны, трымаў зараджаную дубальтоўку руляй угору і, хутчэй за ўсё, выпадкова націснуў на спускавы курок. Куля трапіла ў галаву.

«Былі ўпэўненыя — ён не вінаваты. Але ў справядлівасьць ня верылі»

Справа Канстанціна пераглядалася тры разы. Спачатку, у 2006 годзе, яму прысудзілі восем гадоў пазбаўленьня волі. Пісалі скаргі — і сын з калёніі, і бацькі з дому. У калёніі, паводле маці, Канстанціну пагражалі: будзеш скардзіцца — перавядзём у калёнію з горшымі ўмовамі. І сапраўды перавялі. У 2007 годзе абласны суд пакінуў прысуд бязь зьменаў. У 2010-м той жа, адмоўны вынік. Але ў 2011 годзе справу перагледзелі з улікам «новых абставінаў». Пракуратура знайшла абуральныя парушэньні з боку наркакантролю Чыгуначнага РАУС Гомля.

Сьведка, які нібыта набываў амфэтамін у Канстанціна, толькі падчас трэцяга перагляду справы прызнаўся, што даваў ілжывыя паказаньні: і амфэтамін, і грошы на набыцьцё наркотыкаў яму даў міліцыянт, каб потым выдаць пры панятых. Другая сьведка, жанчына, якая прысутнічала ў якасьці панятой, сказала, што зь міліцыянтам падтрымлівала блізкую сувязь... Панятой была і маці сужыцелькі міліцыянта.

«Атрымаў 50 мільёнаў кампэнсацыі старымі грашамі»

«Сын па вызваленьні праз суд патрабаваў кампэнсацыю — хоць за грашовыя выдаткі, на адвакатаў. На тыя грошы ён атрымаў 50 мільёнаў. Няшмат за чатыры гады жыцьця ў калёніі, але хоць нешта», — адзначыла маці. Тыя «прыгоды» яе сямʼя хацела б забыць, як страшны сон.

Ірына ўпэўнена: змагацца варта.

«Толькі б да вярхоў дастукацца жанчынам, якія пакутуюць ад несправядлівых прысудаў», — дадала жыхарка Гомля.

Сустрэча генпракурора з галадоўніцамі адкладзеная на няпэўны час

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG