Amnesty International апублікавала чарговае дасьледаваньне пра сьмяротнае пакараньне ў сьвеце.
Паводле міжнароднай праваабарончай арганізацыі, у сьвеце працягваецца тэндэнцыя да адмовы ад сьмяротнага пакараньня — краінаў, дзе яго не ўжываюць, год ад году толькі болей. Пазытыўныя тэндэнцыі назіраюцца ў цэнтральнай і паўднёвай Афрыцы, Іране і Малайзіі. Але Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю: за 2017 год двух чалавек пакаралі сьмерцю, яшчэ чатырох асудзілі на сьмерць.
Свабода сабрала 10 фактаў пра сьмяротнае пакараньне ў Беларусі.
1. Адзіная ў Эўропе
Беларусь зьяўляецца адзінай краінай у Эўропе і на постсавецкай прасторы, якая штогод прымяняе сьмяротнае пакараньне. За больш як 26 гадоў незалежнасьці краіны ўлады Беларусі не пайшлі ня толькі на адмену гэтага віду пакараньня, але і на абвяшчэньне мараторыю на яго прымяненьне. Між тым агульная колькасьць дзяржаваў у сьвеце, якія адмянілі сьмяротнае пакараньне заканадаўча ці не прымяняюць яго на практыцы, складае 140 з 192.
2. Колькі расстралялі?
За гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі больш за 300 сьмяротных прысудаў. Зь іх найбольшая колькасьць — 47 — была вынесеная ў 1998 годзе. З пачатку 2000-х гадоў колькасьць вынесеных сьмяротных прысудаў за год не перавышала 10, а ў 2012 і 2014 гадах такіх прысудаў не выносілі ўвогуле, хоць працягвалі выконваць ранейшыя. Так, у сакавіку 2012 году быў расстраляны Ўладзіслаў Кавалёў, асуджаны на сьмерць за саўдзел у тэракце ў менскім мэтро, які адбыўся ў красавіку 2011 году.
3. Ці здараліся памілаваньні «сьмяротнікаў»?
Вядома толькі пра адзін выпадак, калі кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка сваім указам памілаваў асуджанага на сьмерць. Пра гэты выпадак згадаў Алег Алкаеў, былы начальнік менскага СІЗА.
4. За якія злачынствы прызначаецца сьмяротнае пакараньне?
У адпаведнасьці з артыкулам 24 Канстытуцыі Беларусі, «сьмяротнае пакараньне да яго адмены можа прымяняцца ў адпаведнасьці з законам як выключная мера пакараньня за асабліва цяжкія злачынствы і толькі згодна з выракам суду». Прызначацца яно можа за 12 катэгорый злачынстваў у мірны час і за 2 — у ваенны час.
У 2007 годзе тагачасны старшыня Канстытуцыйнага суду Рыгор Васілевіч заявіў, што амаль усе сьмяротныя прысуды былі вынесеныя за «наўмыснае пазбаўленьне жыцьця пры цяжкіх абставінах».
5. Чаму ўлады не саступаюць патрабаваньням аб увядзеньні мараторыю на сьмяротнае пакараньне?
У 1996-м у Беларусі адбыўся рэфэрэндум, на якім большасьць ягоных удзельнікаў выказаліся за захаваньне сьмяротнай кары. З таго часу найвышэйшыя беларускія кіраўнікі ў размовах пра адмену сьмяротнай кары нязьменна спасылаюцца на вынікі рэфэрэндуму, а Аляксандар Лукашэнка ня раз заяўляў, што «рашэньне рэфэрэндуму згодна з Канстытуцыяй можа адмяніць толькі новы рэфэрэндум».
6. Ці ёсьць законныя падставы для ўвядзеньня мараторыю на сьмяротную кару?
Ня толькі праваабаронцы кажуць, што для мараторыю на сьмяротную кару неабавязковы рэфэрэндум. Яшчэ ў 2004-м Канстытуцыйны суд Беларусі заключыў, што ў Беларусі існуе магчымасьць увядзеньня такога мараторыю. КС тады адзначыў, што Канстытуцыя Беларусі дапускае ўжываньне сьмяротнага пакараньня, аднак яно мае выключны і часовы характар. Суд адзначыў, што на момант правядзеньня рэфэрэндуму аб сьмяротным пакараньні ў 1996 годзе максымальны тэрмін пазбаўленьня волі, прадугледжаны Крымінальным кодэксам, складаў 15 гадоў, а цяпер у кодэксе прадугледжанае і пажыцьцёвае пакараньне.
7. Ці вядомыя факты расстрэлу невінаватых?
У незалежнай Беларусі пра такія выпадкі невядома, але практыка паказвае, што судовыя памылкі магчымыя і часта выяўляюцца толькі пасьля выкананьня прысуду. Так, у 1980 годзе ў Беларусі быў расстраляны Мікалай Цярэня, асуджаны за забойства жанчыны. Толькі праз 7 гадоў высьветлілася, што пацярпелую насамрэч забіў Генадзь Міхасевіч, «віцебскі маньяк», на сумленьні якога аказалася 33 ахвяры. Верагоднасьць непапраўнай судовай памылкі — адзін з аргумэнтаў супроць сьмяротнай кары.
8. Дзе і як выконваюцца сьмяротныя прысуды?
Гэта сакрэтная інфармацыя, таму дакладных зьвестак аб працэдуры выкананьня сьмяротных прысудаў грамадзтва ня мае. Былы начальнік менскага СІЗА Алег Алкаеў, які цяпер жыве ў Нямеччыне, сьцьвярджае, што ўсе сьмяротныя прысуды ў канцы 1990-х — пачатку 2000 гадоў выконваліся ў Менскім СІЗА. Паводле Алега Алкаева, асуджанаму на сьмерць зачытваюць прысуд і забіваюць яго стрэлам у патыліцу. Прысутны падчас выкананьня прысуду лекар канстатуе сьмерць. Выконваюць сьмяротныя прысуды супрацоўнікі з адмысловай засакрэчанай каманды.
9. Як становіцца вядома пра выкананьне сьмяротнага прысуду?
Час выкананьня сьмяротнага прысуду таксама засакрэчаны, як і месца і імёны выканаўцаў. Але вядома, што прывесьці прысуд у сілу закон дазваляе адразу пасьля таго, як кіраўнік дзяржавы адхіліў прашэньне асуджанага аб памілаваньні. Сваякі асуджаных на сьмерць альбо поштаю, альбо на рукі атрымліваюць паведамленьне, што асуджаны «выбыў праз выкананьне прысуду». Месца пахаваньня цела пакаранага сваякам не паведамляюць.
10. Ці ёсьць сувязь паміж сьмяротным пакараньнем і палітычнымі рэпрэсіямі?
У савецкія часы, асабліва ў часы кіраваньня Ёсіфа Сталіна, расстрэл быў адным з самых частых пакараньняў палітычных сапернікаў.
У 1999-2000 гадах у Беларусі бясьсьледна зьніклі лідэры апазыцыі Юрый Захаранка і Віктар Ганчар, вядомы бізнэсовец Анатоль Красоўскі і журналіст Зьміцер Завадзкі. Іх целы дагэтуль ня знойдзеныя, але апазыцыя мяркуе, што яны былі забітыя. Пра гэта сьведчаць зьвесткі былога начальніка Менскага СІЗА Алега Алкаева пра так званы «расстрэльны пісталет». Гэты пісталет, зь якога выконваюць сьмяротныя прысуды, забіраўся пад росьпіс зь Менскага СІЗА якраз у тыя пэрыяды, калі зьніклі Юры Захаранка, а потым Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі, сьцьвярджае Алег Алкаеў.
Беларускія ўлады датычнасьць да гэтых зьнікненьняў адмаўляюць.