Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных СМІ распарадзіўся «як мага больш апэратыўна прывесьці ў парадак Курапаты». Было сказана, што адпаведнае пытаньне паступіла ад грамадзянаў, яно было і сярод 12 пытаньняў Свабоды.
Паводле Лукашэнкі, ён больш за год таму даручыў сваёй адміністрацыі «разабрацца», але ад таго часу фактычна нічога ня зроблена.
«Пара заканчваць гэтую валтузьню на касьцях, — сказаў ён. — Вы зацягнулі з макетам гэтага ўрочышча. Пакладзіце мне на стол дакумэнты, каб я мог зацьвердзіць і мы стварылі там месца для душы. Трэба больш апэратыўна скончыць гэта, прывесьці ў парадак лес, урочышча, паставіць самы просты помнік — капліцу ці яшчэ штосьці, мы прымем рашэньне. Каб чалавек, які спачувае сем’ям і пакутуе, што загінулі людзі, прыйшоў туды, прынёс кветкі».
Кіраўнік грамадзкай дырэкцыі народнага мэмарыялу «Курапаты» Алесь Чахольскі мяркуе, што ня варта было такое пытаньне задаваць Аляксандру Лукашэнку.
«Пытаньне прагучала не да часу. Пры гэтай уладзе нармальных дзяржаўных адносінаў да гэтага месца ня будзе. Паслухайце, што ён кажа! Усё яшчэ некалькі вэрсіяў таго, што здарылася! Хоць нават ягоны КДБ прызнаў, што расстрэльвала НКВД,— заявіў Чахольскі Свабодзе. — На гэты год заплянавана шмат розных высілкаў, якія мэмарыял умацуюць. Нам менш за ўсё патрэбна ўмяшаньне дзяржавы, самі зробім!»
Паводле Чахольскага, да гэтага часу ня вызначаная 300-мэтровыя ахоўныя зоны Курапатаў, невядома, што будзе з так званым „Бульбаш-холам“.
Аляксандар Лукашэнка падчас сваёй прамовы канстатаваў, што ёсьць некалькі вэрсій трагічных падзей. Паводле адной, у Курапатах савецкія ўлады расстрэльвалі рэпрэсаваных беларусаў. Паводле другой, падчас вайны там учынялі расправы над жыхарамі Беларусі немцы.
Пры гэтым адзначыў, што пытаньне Курапатаў як было палітызаванм ад пачатку, такім і засталося. Асабіста яго гэта не задавальняе, але запэўніў, што «усё будзе зроблена, як мае быць».
Чахольскі: Нам ад іх нічога ня трэба
«Нам ад іх нічога ня трэба, — кажа Свабодзе Алесь Чахольскі. — Мы ўжо маем мастацкае ўвасабленьне мэмарыялу, мастацкай агароджы; да збору ахвяраваньняў далучаюцца беларусы замежжа. Гэтым павінна займацца грамадзкасьць, а не саюзьнікі Расеі. Бо як толькі туды пойдуць дзяржаўныя грошы, усё скончыцца. Задача чыноўніка тэхнічная — сабраць грошы і „распілаваць“. Наша мэта прынцыпова іншая. Таму непатрэбна будзіць гэтае ліха, яшчэ пытаньне, як надалей абернецца. Ня ведаю, у якім фармаце яны за Курапаты возьмуцца, аднак ёсьць апасеньні, што будзе небясьпечна».