Менск падаў заяўку на правядзеньне Сусьветнай шахматнай алімпіяды ў 2022 годзе.
Сёньня ў Менску прайшло пасяджэньне прэзыдэнцкай рады Міжнароднай фэдэрацыі шахмат (FIDE), падчас якога беларускі бок перадаў афіцыйную заяўку на правядзеньне самага буйнога шахматнага турніру. Цырымонія адбылася ў Менскай гарадзкой ратушы. У ёй прынялі ўдзел міністар спорту і турызму Сяргей Кавальчук, старшыня Менгарвыканкаму Андрэй Шорац, віцэ-прэзыдэнт FIDE Георгіяс Макропулас, паведамляе БЕЛТА.
Заяўкі на правядзеньне алімпіяды будуць прымацца ў FIDE да канца траўня. Акрамя Беларусі на арганізацыю турніру ўжо прэтэндуюць Кітай, ААЭ і Туніс.
Рашэньне аб месцы правядзеньня Сусьветнай шахматнай алімпіяды будзе прынятае на кангрэсе FIDE, які пройдзе ў Батумі ў канцы верасьня сёлета.