Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны Беларусі: мы праверылі 18 тысяч «дэмбеляў» на дзедаўшчыну


Салдаты ў Печах
Салдаты ў Печах

18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў Беларусі праверылі на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў беларускай арміі. Пра гэта сёньня ў Палаце прадстаўнікоў журналістам паведаміў міністар абароны краіны Андрэй Раўкоў.

Ён сказаў, што пасьля гэтай праверкі заведзеныя дзьве крымінальныя справы. Адна зьвязаная з выкраданьнем мабільнага тэлефона, другая — з тым, што, як сказаў міністар, «хтосьці кагосьці пабіў».

Спадар Раўкоў лічыць, што гэтыя лічбы красамоўна паказваюць, што ў беларускай арміі нестатутныя адносіны знаходзяцца «ў зусім маленькім маштабе».

«Таго, што там калісьці было, цяпер няма»

Што тычыцца справы салдата Аляксандра Коржыча, які загінуў падчас службы ў Печах, то міністар сказаў, што ўчора ў Печах таксама была зафіксаваная бойка двух вайскоўцаў. А на пытаньне, чаму яна адбылася, міністар сказаў: «А што рабіць, калі адзін сказаў другому нядобрыя словы пра ягоную маці? Але гэта проста выпадковая бойка. Таго, што там калісьці было, цяпер няма».

На пытаньне журналіста пра сытуацыю ў іншых месцах міністар сказаў, што, магчыма, нешта і здараецца, але «мы вельмі старанна адсочваем сытуацыю ў беларускай арміі».

Міністар Андрэй Раўкоў таксама паведаміў, што ягоныя падначаленыя стараюцца зьвесьці нестатутныя дачыненьні вайскоўцаў да мінімуму.

«Але сказаць, што ніякіх здарэньняў у арміі ня будзе ніколі, я не магу — пакуль служаць вайскоўцы, а ня робаты, сказаць, што ніводнага парушэньня ў арміі ня будзе, проста немагчыма», — рэзюмаваў міністар абароны Беларусі.

Як разьвіваліся падзеі ў Печах

Цела салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча знайшлі 3 кастрычніка ў падвале вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Паводле праверкі, якую правялі ў вайсковай частцы, прычынай сьмерці салдата нібыта стала самагубства. Але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.

13 кастрычніка Сьледчы камітэт выступіў з афіцыйнай заявай для прэсы. Паводле прадстаўніка Сьледчага камітэту Сяргея Кабаковіча, цела Коржыча каля 17 гадзіны 3 кастрычніка знайшлі «ў пятлі з мацерчатай папругі для штаноў, прымацаванай свабодным канцом да мэталічнай арматуры пад стольлю падвалу, зь перавязанымі шнурком абутку нагамі і надзетай на галаву майкай».

Яшчэ ў верасьні Коржыч быў у мэдчастцы з вострай рэсьпіраторнай інфэкцыяй, і тады яго аглядаў псыхіятар. Дыягназ быў «здаровы». Пасьля таго як Коржыча выпісалі 26 верасьня, зьвестак пра ягонае далейшае месцазнаходжаньне ў сьледчых няма.

Супраць старшыны роты, які скраў з карткі Коржыча ня менш за 150 рублёў і рабіў плацяжы «бязь ведама ўладальніка ў асабістых мэтах у крамах і кавярнях Барысава», распачалі крымінальную справу аб махлярстве.

Коржычавы таварышы па службе атрымлівалі пагрозы ў сацсетках. Сябры Коржыча вялі альтэрнатыўнае расьсьледаваньне.

Адразу па здарэньні прэсавы сакратар Мінабароны Ўладзімер Макараў назваў «чуткамі і домысламі» сумневы родных і сяброў загінулага ў Печах салдата ў тым, што хлопец учыніў суіцыд.

Што зьмянілася ў войску пасьля сьмерці Аляксандра Коржыча

Агулам у справе аб сьмерці салдата Коржыча дапыталі каля 400 чалавек, завялі крымінальныя справы на восем вайскоўцаў, звольнілі чатырох службовых асобаў, прызначылі новага начальніка цэнтру падрыхтоўкі вайскоўцаў. Справа Коржыча расьсьледуецца дагэтуль, але маці памерлага лічыць, што справу «спускаюць на тармазах».

Бліжэйшым часам мае адбыцца суд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG