Прэзыдэнт ЗША заявіў, што сэнатары-рэспубліканцы павінны перагледзець рэглямэнт і ўхваліць новыя іміграцыйныя законы простай большасьцю, перадае Голас Амэрыкі.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што агенты Памежнай службы ня могуць выконваць сваю працу належным чынам з прычыны «недарэчных лібэральных законаў (прынятых дэмакратамі)», якія дазваляюць адпускаць затрыманых нелегалаў да таго, як іх справа будзе разглядацца фэдэральным іміграцыйным судзьдзём.
Трамп напісаў у нядзелю, што сытуацыя «становіцца ўсё больш небясьпечнай», і што «караваны [нелегалаў] ідуць». Ён не прадставіў інфармацыі ў падтрымку сваіх заяваў.
Трамп таксама заявіў, што рэспубліканцы, якія складаюць большасьць у Сэнаце, «павінны скарыстацца „ядзернай опцыяй“ (крайнім сродкам), і прыняць жорсткія законы неадкладна».
У адпаведнасьці з рэглямэнтам Сэнату, для ўхвалы законапраекта патрабуецца 60 галасоў з 100. Рэспубліканцам належыць толькі 51 месца, і рэспубліканскія лідэры Сэнацe, фактычна, адкінулі заклікі Трампа да перагляду даўно дзеючага правіла.
Трамп таксама заявіў, што «больш ніякіх пагадненьняў па праграме DACA не будзе». Гаворка ідзе аб дапамозе маладым імігрантам, якія прыбылі ў ЗША нелегальна ў дзіцячым узросьце, якіх часта называюць «летуценьнікамі».