У сераду фэдэральны апэляцыйны суд адмовіўся аднавіць дзеяньне ўказу прэзыдэнта Трампа аб трохмесячнай забароне на ўезд у ЗША грамадзянам сямі краінаў, дзе большасьць насельніцтва складаюць мусульмане. Акруговы апэляцыйны суд у Каліфорніі аднагалосна пастанавіў пакінуць у сіле рашэньне суду ніжняй інстанцыі.
«Адміністрацыя ня проста патрабавала, каб суды праявілі павагу да прэрагатывы выканаўчай улады ў пытаньнях, якія тычацца іміграцыі і нацыянальнай бясьпекі, якія ніводзін суд не ставіць пад сумнеў, — гаворыцца ў пастанове, — адміністрацыя фактычна настойвала на тым, што іміграцыйныя рашэньні выканаўчай улады, матываваныя меркаваньнямі нацыянальнай бясьпекі, у прынцыпе не падлягаюць праверцы на прадмет іх канстытуцыйнасьці. Такая пазыцыя ідзе ўразрэз з нашай дэмакратыяй».
Трое чальцоў акруговага суду задалі дзяржаўнаму адвакату шмат пытаньняў пра тое, на якую фактычную інфармацыю абапіраўся Белы дом, прылічваючы грамадзян Ірану, Іраку, Сырыі, Лібіі, Самалі, Судану і Емену да катэгорыі асобаў павышанай рызыкі ўчыненьня тэрактаў, і дзе Генэральная пракуратура бачыць межы паўнамоцтваў выканаўчай улады ў вызначэньні іміграцыйнай палітыкі. У судовай пастанове нічога не гаворыцца пра тое, ці зьяўляецца ўказ Трамп дыскрымінацыйным у дачыненьні мусульман.
Прэзыдэнт Трамп рэзка адрэагаваў на заключэньне каліфарнійскіх судзьдзяў, напісаўшы ў «Твітары»: «Судовы разбор будзе працягвацца. На карту пастаўленая наша нацыянальная бясьпека».
Генэральная пракуратура можа зараз абскардзіць пастанову акруговага суду ў Вярхоўным судзе, які звычайна займае бок выканаўчай улады ў справах, якія датычацца іміграцыі і нацыянальнай бясьпекі. Вышэйшая судовая інстанцыя сёньня, аднак, укамплектаваная ня цалкам, чатыры чальцы ейнай калегіі прытрымліваюцца левалібэральных поглядаў, чатыры — кансэрватыўных, і ў выпадку, калі галасы судзьдзяў разьмяркуюцца пароўну, пастанова акруговага суду застанецца ў сіле.