Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белавус — камэрцыйным кампаніям: «Можаце кусаць локці, хто ня быў на «Сьвяце Незалежнасьці»


Павал Белавус
Павал Белавус

Адзін з арганізатараў менскага «Сьвята Незалежнасьці» Павал Белавус — дырэктар крамы беларускага адзеньня і сувэніраў Symbal.by — кажа Свабодзе, што для камэрцыйнай кампаніі ўдзел у імпрэзе быў выгадны.

Сьвята ладзілася не як камэрцыйнае: уваход быў бясплатны, грошы на правядзеньне зьбіраліся талакой праз інтэрнэт. Паводле папярэдніх падлікаў арганізатараў, грошай хапіла; канчатковыя рахункі выставяць неўзабаве.

«Калі мне скажуць, што трэба, я зраблю гэта зноў», — Матолька пра «Сьвята Незалежнасьці» і экстраную арганізацыю

На мітынгу-канцэрце, прысьвечаным 100-й гадавіне абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, працаваў шэраг шапікаў з сувэнірамі і адзеньнем, пункты харчаваньня розных кампаній, прадстаўніцтвы кнігарняў. У тым ліку прадавалася прадукцыя Symbal.by — і, калі ня браць пад увагу выдаткі аргкамітэту, для кампаніі сьвята было прыбытковым.

«Самым хадавым таварам былі бел-чырвона-белыя сьцягі, — кажа Павал Белавус. — Нават не хапіла ўсім, хто хацеў набыць. Усё, што ў нас было, мы распрадалі. Думаю, усе камэрцыйныя пункты, што выстаўляліся, павінны быць задаволеныя. У гэтым сэнсе мерапрыемства ўдалося.

Тыя, хто не пагаджаўся або збаяўся ўдзельнічаць, могуць кусаць локці. Калі глядзець па фудкорце, дык чэргі стаялі ўвесь час, не хапала прапановы».

Продажы «як на Новы год»

Стваральнік брэнду адзеньня LSTR Ільля Аксёнаў кажа Свабодзе, што лічыць сьвята добра арганізаваным і пасьпяховым і для наведнікаў, і для сваёй кампаніі. Дакладных абаротаў яшчэ не падлічылі.

«Мы рабілі „бээнэраўскую“ калекцыю, яе куплялі досыць актыўна, — кажа Аксёнаў. — Было шмат людзей, якія чамусьці ня ведалі пра брэнд LSTR, яны набывалі даволі актыўна рэчы старых калекцыяў. Прыблізна мо каля 20 баек і 30 цішотак прадалі.

Ня ведаю дакладна, дваццаць ці трыццаць, але гэты дзень можна параўнаць з продажамі на Новы год, на нейкі сьвяточны дзень, калі людзі прыходзяць па падарункі, толькі на выязным гандлі».

Чэргі на фуд-корце
Чэргі на фуд-корце

Кіраўнік крамы беларускіх кніг і сувэніраў Imbryk.by Алесь Мазанік таксама кажа Свабодзе пра задаволенасьць продажамі. Ён ня мае дакладных лічбаў па продажах, бо заняты таксама арганізацыяй інтэлектуальных гульняў на тэму БНР: 24 сакавіка такая гульня была ў Бабруйску, цяпер едзе ў Гомель, заўтра ў Магілёў.

«Безумоўна, такія моманты, як учора на Дні Волі, паказваюць, што калі беларушчыну не хаваць прымусова, не ствараць перашкодаў, то людзі імкнуцца да яе, — кажа Мазанік. — Мне б вельмі хацелася, каб такіх сьвятаў, дзе беларушчына будзе запатрабаваная, было як мага больш.

Але для гэтага трэба ствараць умовы. Нельга чакаць ад фэстаў пад Менскам або ў глыбокай правінцыі наплыву людзей, якія чакаюць нечага свайго, яны проста едуць забаўляцца. А тут ёсьць момант, што стварэньне адмысловай урачыстай прабеларускай атмасфэры спрыяла таму, што людзі хацелі чытаць, слухаць беларускую музыку, мець сьцяжок ці значак. Таму, безумоўна, продажы былі на добрым, нават выдатным узроўні».

Колькі было людзей?

Колькасьць удзельнікаў «Сьвята Незалежнасьці» ацэньваюць у дыяпазоне ад 18 да 50 тысяч.

Белавус расказвае пра сваю мэтодыку ацэнкі. Арганізатары выдалі 70 тысяч асобнікаў друкаванай прадукцыі (20 тысяч праграмак, 35 тысяч сьпеўнікаў, 15 тысяч буклетаў пра БНР). Тысяч 15–20 раздалі папярэдне, астатняе — на мерапрыемстве. Друкаваная прадукцыя скончылася яшчэ а 16-й гадзіне, а сьвята доўжылася да 19-й. Белавус мяркуе, што праграмку атрымаў у лепшым выпадку кожны другі наведнік — значыць, было каля 40 тысяч чалавек.

«Пасьля мерапрыемства было вельмі чыста, — кажа Белавус. — Мы ня бачылі, каб людзі выкідалі праграмкі, рэальна было вельмі чыста. Людзі, якія сабраліся на мерапрыемства, былі вельмі сумленныя. Нават „Зелянбуд“ дзівіўся: як так, масавае мерапрыемства прайшло, а так чыста!»

***

Усё, што трэба ведаць пра Дзень Волі — 2018

«Сьвята Незалежнасьці» прайшло 25 сакавіка каля менскага Опэрнага тэатру, на Траецкай гары. Паводле розных ацэнак, мітынг-канцэрт наведалі 40-50 тысяч чалавек. На сьвяце выступілі Ігар Варашкевіч і Кася Камоцкая, дачка Лявона Вольскага Адэля, рок-гурты Akute, Dzieciuki і іншыя. Мітынг-канцэрт быў дазволены менскімі ўладамі, але міліцыя затрымлівала тых, хто падыходзіў да пляцоўкі або выходзіў зь яе зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Да канцэрту была спроба правесьці несанкцыянаванае шэсьце ад плошчы Якуба Коласа, затрымалі дзясяткі чалавек. Агулам па краіне былі затрыманыя больш за 100 чалавек. Розныя імпрэзы 25 сакавіка прайшлі ў дзясятках гарадоў Беларусі, а таксама ў іншых краінах па абодва бакі Атлянтычнага акіяну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG