Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольны забег у Нігерыі, збор «пад Купалам» у Ізраілі, шпацыр са сьцягам у Швайцарыі. Як 100-годзьдзе БНР адзначаюць у замежжы


Ілюстрацыйнае фота. Роварны заезд у гонар 100-годзьдзя БНР 13 сакавіка ў Нью-Ёрку
Ілюстрацыйнае фота. Роварны заезд у гонар 100-годзьдзя БНР 13 сакавіка ў Нью-Ёрку

Паводле афіцыйных зьвестак, за межамі Беларусі сёньня пражывае блізу 3,5 мільёна чалавек — траціна ад усяго насельніцтва мэтраполіі. А калі сюды дадаць нашчадкаў у другім-трэцім пакаленьнях, лічба перасягне 10 мільёнаў.

У краінах з найбольш шчыльнай канцэнтрацыяй беларускіх мігрантаў налічваецца звыш дзьвюх сотняў грамадзкіх аб’яднаньняў. Ня ўсе яны аднародныя: пэўная частка стаіць на грунце нацыянальных традыцый і пад гістарычнай сымболікай, іншыя зьяўляюцца праваднікамі палітыкі цяперашняга рэжыму і ня хочуць мець нічога агульнага з ідэйнымі апанэнтамі.

Як і дзе сьвяткуюць сотыя ўгодкі абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі — у аглядзе Радыё Свабода.

Бэльгія

24 сакавіка ў прадмесьці Брусэля адбылося асьвячэньне юбілейнай памятнай каменнай шыльды на магіле раднага БНР Янкі Жучкі.

«Беларус зь вялікай літары, ён да апошніх дзён заставаўся верным сваёй прысязе. І памяць пра яго будзе жыць у сэрцах землякоў, якія любяць справамі сваю Радзіму», — адзначыў адзін з ініцыятараў ушанаваньня Мірон Крывіч.

25 сакавіка прайшоў малебен за беларускі народ і сьвяткаваньне юбілею БНР, а пры іканастасе ў Беларускай грэка-каталіцкай царкве таксама ўстанавілі памятны знак у гонар 100-годзьдзя БНР.

У панядзелак, 26 сакавіка, на плошчы Шумана ў Брусэлі актывісты маюцца наладзіць пікет супраць прэвэнтыўных арыштаў у Беларусі лідэраў апазыцыі, каб нэўтралізаваць арганізатараў шэсьця, якое традыцыйна было часткай сьвяточных мерапрыемстваў.

Вялікая Брытанія

Галоўныя імпрэзы пройдуць у Лёндане, арганізатарам — Асацыяцыя беларусаў у Вялікай Брытаніі. 22 сакавіка адбылася сустрэчы са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай і кіраўніцай Таварыства беларускай мовы Аленай Анісім.

23 сакавіка ва ўнівэрсытэцкім каледжы Лёндану стартавала Трэцяя штогадовая канфэрэнцыя па беларускіх дасьледаваньнях з удзелам навукоўцаў Беларусі, Нямеччыны, Швэцыі, Фінляндыі, Канады. 24 сакавіка распачаўся міжнародны навуковы сымпозіюм, на які сабраліся акадэмічныя сьпікеры зь Беларусі, Польшчы, Літвы.

У гадавіну абвяшчэньня незалежнасьці БНР урачыстая праграма распачнецца ў Беларускім рэлігійным і культурным цэнтры ў Лёндане. Заплянаванае ўрачыстае набажэнства ў беларускай царкве Сьвятога Кірылы Тураўскага, будуць арганізаваныя экскурсіі па беларускай Скарынаўскай бібліятэцы з выстаўкай прадметаў, зьвязаных зь Беларускай Народнай Рэспублікай.

ЗША

​23 сакавіка ў Вашынгтоне гадавіну абвяшчэньня БНР адзначыла Беларуска-амэрыканская асацыяцыя «БАЗА». Сьвяткавалі ў кампаніі з дыпляматамі, праваабаронцамі, усімі, хто цікавіцца сытуацыяй у Беларусі. Выступілі былы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд, праграмная дырэктарка арганізацыі Human Rights First у пытаньнях грамадзянскай супольнасьці Мэліса Хупэр, сябра Рады БНР Алеся Сёмуха.

Роварны заезд у гонар 100-годзьдзя БНР 13 сакавіка ў Нью-Ёрку
Роварны заезд у гонар 100-годзьдзя БНР 13 сакавіка ў Нью-Ёрку

Беларусы Нью-Ёрку пачалі сьвяткаваньне сотых угодкаў БНР 24 сакавіка. У Social Hall на Манхэтане прамовы трымалі першы амбасадар ЗША ў Беларусі Дэвід Суорц, доктар гістарычных навук Алесь Смалянчук, выканаўчая дырэктарка Цэнтру беларускіх дасьледаваньняў Паўліна Сурвіла, адзін са старэйшын нацыянальнай эміграцыі Вячка Станкевіч.

25 сакавіка і ў наступныя дні этнічныя беларусы зьбяруцца і ў іншых гарадах. У Чыкага нацыянальная суполка наведае магілу старшыні і міністра замежных спраў Народнага сакратарыяту БНР Язэпа Варонкі. У Нью-Брансвіку пройдзе ўрачыстае набажэнства з удзелам старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянона Пазьняка. У Мінэапалісе сустрэнуцца ў клюбе, а ў Філядэльфіі пройдзе ўрачыстае шэсьце.

Ізраіль

Галоўныя ўрачыстасьці ў Ізраілі пройдуць увечары 25 сакавіка ў Ашдодзе, на поўдзень ад Тэль-Авіву. Месца збору — каля помніка Янку Купалу. Як паведамляюць арганізатары, лёзунгі імпрэзы — «Разам i Назаўсёды», на іўрыце і беларускай мове.

Да гэтага, 9 сакавіка, у дзень прыняцьця Другой Устаўной Граматы БНР, у Ерусаліме каля Сьцяны плачу прайшла малітва за Беларусь. Тады пад бел-чырвона-белым сьцягам і дзяржаўным сьцягам Iзраiлю зачыталі 101 псальм цара Давіда, дабраславеньне Вольнай Беларусі, малітву «Памятай Беларусь» і малітву за аднаўленьне Ерусалімскага храма.

Пасьля заканчэньня былі выкананыя гімны — беларускі «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» і ізраільскі «Хатыква» («Надзея»). Было атрымана дабраславеньне ад рабінаў Сьцяны плачу.

Канада

Беларусы Канады 25 сакавіка зьбяруцца ў Таронта. Сьвяточная імпрэза і канцэрт пройдуць у мясцовай ратушы.

А раней сябры Згуртаваньня беларусаў Канады і Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Канадзе адзначылі юбілей БНР у сьценах канадзкага парлямэнту.

Дэпутат парлямэнту Чандра Арыя вітаў беларусаў Канады ў парлямэнце Канады з нагоды 100-х угодкаў БНР. 11 сакавіка 2018 году
Дэпутат парлямэнту Чандра Арыя вітаў беларусаў Канады ў парлямэнце Канады з нагоды 100-х угодкаў БНР. 11 сакавіка 2018 году

​У залі, дзе звычайна праходзяць паседжаньні заканадаўцаў, прагучалі гімны Канады і Беларускай Народнай Рэспублікі («Мы выйдзем шчыльнымі радамі»), малітва «За Беларусь», прачытаная архіепіскапам Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Сьвятаславам.

Перад прысутнымі выступіла старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. Таксама прамовы мелі кандыдат гістарычных навук Галіна Туміловіч, прафэсарка Зіна Гімпелевіч, старшыня Згуртаваньня беларусаў Канады Алена Лявончанка. Яны расказалі пра асновы беларускай ідэалёгіі, на якую абапіраліся лідэры БНР.

Латвія

Беларусы Латвіі, аб’яднаныя ў таварыства беларускай культуры «Сьвітанак», адзначылі сьвята канцэртам, мастацкай выставай і сяброўскай вячэрай. Як расказаў мастак, грамадзкі дзяяч, заснавальнік абʼяднаньня мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар» Вячка Целеш, імпрэза прайшла 24 сакавіка, 25-га ў Латвіі Дзень жалобы.

Вячка Целеш
Вячка Целеш

У гэты дзень тут традыцыйна ўшаноўваюць суайчыньнікаў, рэпрэсаваных бальшавікамі ў 1941 годзе. Вывешваюцца дзяржаўныя сьцягі з чорнымі стужкамі — у памяць пра землякоў, якія загінулі па дарозе ў Сыбір і ў высылцы. Таму, паводле спадара Целеша, юбілей абвяшчэньня незалежнасьці БНР давялося справіць напярэдадні.

У рамках сьвяточнай імпрэзы самадзейны ансамбаль «Вытокі» выканаў гімн «Магутны Божа», удзельнікі засьпявалі беларускія і латыскія песьні. Таксама выстаўлены працы беларускай тэматыкі сяброў абʼяднаньня «Маю гонар», сам Вячка Целеш паказаў партрэт аднаго з заснавальнікаў БНР Кастуся Езавітава, жыцьцё і дзейнасьць якога шчыльна зьвязаныя з Латвіяй.

Літва

Сьвяткаваньне юбілею БНР у Літве арганізавана сумесна Беларускім домам правоў чалавека імя Звоскава, моладзевай асацыяцыяй StudAlliance, Таварыствам беларускай культуры ў Літве, Студэнцкім прадстаўніцтвам Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, беларускімі і літоўскімі грамадзкімі дзеячамі пры падтрымцы Віленскага гарадзкога самакіраваньня, Сэйма Літвы і Цэнтру ўсходнеэўрапейскіх дасьледаваньняў.

23 сакавіка ў літоўскім Сэйме адбылася беларуска-літоўская канфэрэнцыя «Літва і Беларусь: 100 гадоў таму і цяпер». 24 сакавіка зладзілі культурніцкую імпрэзу ў бары Paviljonas: фотавыстава і сьвяточны канцэрт пры ўдзеле менскага гурту PAWA.

25 сакавіка памяць дзеячаў БНР ушанавана на могілках Росы. Пасьля прайшла служба ў памяць пра дзеячоў БНР у касьцёле Сьвятога Барталямэя ў Зарэччы. Завершыцца дзень урачыстым прыёмам у гарадзкой ратушы і сьвяточным канцэртам. 26 сакавіка ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце пачне працаваць экспазыцыя «Невядомая БНР».

Нігерыя

Бадай, самы экзатычны пункт на мапе сьвяткаваньня 100-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі. 24 сакавіка беларуска Аляксандра Папчанка, якая жыве і працуе ў нігерыйскім Лягасе, далучылася да глябальнай кампаніі «Беларусы сьвету: вольны забег да Дня Волі».

«Сябры ды сяброўкi замежжа, неабыякавыя да нашага нацыянальнага сьвята — 25 сакавiка, далучайцеся!», — заклікала Аляксандра праз «Фэйсбук» землякоў у розных частках сьвету. А ўжо празь некаторы час надрукавала справаздачу зь бел-чырвона-белы сьцягам на фінішы.

Паводле дзяўчыны, у рамках вольнага забегу беларусаў замежжа за 1 гадзіну і 9 хвілін яна адолела 10-кілямэтровую дыстанцыю да ўзьбярэжжа Лягасу і сфатаграфавалася пад нацыянальным палотнішчам.

Польшча

Дзень Волі адзначылі ў шэрагу гарадоў Польшчы. У Варшаве сьвяточнае шэсьце 25 сакавіка пачалося ад помніка Тадэвуша і скіравалася вуліцамі Маршалкоўскай, Сьвентакшыскай і Кракаўскім прадмесьцем да помніка Адама Міцкевіча, дзе адбыўся мітынг.

У Любліне шэсьце стартавала ад помніка Марыі-Кюры Складоўскай і завяршылася ля скульптурнай кампазыцыі Уніі, дзе выступоўцы адзначылі важнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі ў станаўленьні дзяржаўнасьці.

У Беластоку імпрэзы пачаліся літургіяй і малебнам за беларускі народ у царкве сьвятога Яна Тэоляга. Затым у Падляскай опэры і філярмоніі адбыліся урачыстыя выступы і музычныя віншаваньні. Сьвяточным падсумаваньнем стане вялікі канцэрт Лявона Вольскага.

Расея

У Расеі найбольш шырока юбілей БНР адзначаць у Іркуцку. Як паведаміў актывіст дыяспары Алег Рудакоў, яшчэ тыдзень таму актывісты клюбу «Крывічы» выправіліся ў «тур» па пасяленьнях, дзе 100 гадоў таму атабарыліся дзясяткі тысяч выхадцаў зь беларускіх земляў. Наладжаныя майстар-клясы народнага танцу і традыцыйных рамёстваў. Сам актывіст запісаў сымбалічны відэазварот з-пад помніка сыбірскім мамантам.

24 сакавіка актывісты арганізавалі «Гуканьне вясны» ў этнічных беларусаў зь вёскі Каразей, а 25 сакавіка ў Іркуцку пройдзе ўрачыстая вечарына «100 гадоў утварэньня БНР. У праграме даклады па тэме, прагляд дакумэнтальнага фільму пра тагачасныя падзеі, канцэрт, а таксама фуршэтны стол. Запрашэньні дасланыя іншым нацыянальна-культурным абʼяднаньням, прадстаўнікам гарадзкой і абласной адміністрацый.

Навялікая група маскоўскіх беларусаў сустрэнецца ў «антыкафэ» «Кругозор», каб разам паглядзець трансьляцыю сьвяточнага канцэрту ля Опэрнага тэатру ў Менску.

Украіна

​У Кіеве сьвяткаваньне сотых угодкаў БНР распачалося 24 сакавіка ў будынку сталічнай мэрыі. Калённая заля гарадзкой адміністрацыі ёсьць публічнай прасторай, улады дазваляюць бясплатна ладзіць імпрэзы, калі яны ня маюць камэрцыйнага характару.

Вечарына адбывалася пад украінскім дзяржаўным і бел-чырвона-белым сьцягамі. Прысутныя выканалі ўкраінскі дзяржаўны гімн і гімн часоў БНР «Мы выйшлі шчыльнымі радамі», выступіў беларускі добраахвотнік Ян Мельнікаў, які прадэклямаваў прынагодны верш Рыгора Барадуліна. У канцэрце ўзялі ўдзел беларускі бард Андрэй Касмовіч, а таксама ўкраінскія выканаўцы Тарас Кампанічэнка, Жывасыл Люты, Xena ды Галіна Салодкая.

25 сакавіка прадстаўнікі руху салідарнасьці «Разам» наладзілі акцыю на Майдане, а таксама ўзьнялі бел-чырвона-белы сьцяг на алеі Добраахвотнікаў у Кіеве. Імпрэзы да 100-годзьдзя БНР таксама прайшлі ў некаторых іншых гарадах Украіны.

Чэхія

Арганізатарамі імпрэзаў у Чэхіі, дзе пахаваныя шэраг лідэраў БНР, выступілі Рада БНР, абʼяднаньні SKARYNA, PAHONIA, Běloruský kutok ды іншыя. Раніцай 25 сакавіка прайшоў флэшмоб «Сонца незалежнай Беларусі». Пасьля гэтага адбылася служба ў грэка-каталіцкай царкве Kostel sv. Kosmy a Damiána Na Slovanech.

Апоўдні ўдзельнікі наведалі магілы прэзыдэнтаў БНР на Альшанах, а таксама паўдзельнічалі ў адкрыцьці дошкі на магіле консула БНР Міколы Вяршыніна.

Падчас урачыстасьцяў у Старагарадзкой ратушы быў наладжаны жывы мост зь Менскам. Адбылася сустрэча са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай і прэзэнтацыя кнігі мэмуараў «Дарога». Быў паказаны дакумэнтальны фільм «БНР і рамантыка», а завяршыўся сьвяточны маратон канцэртам. Беларускі півавар і падарожнік Кірыл Якімовіч прадаваў са зьніжкамі эксклюзіўнае «бел-чырвона-белае» піва, якое наўмысна зварыў да гістарычнай падзеі.

26 сакавіка ў бібліятэцы імя Вацлава Гаўла адбудзецца дыскусія на тэму «Зараджэньне дзяржавы: дзьве высьненыя рэспублікі — БНР і Чэхаславаччына».

Швайцарыя

25 сакавіка беларусы Швайцарыі зробяць вандроўку ў Альпы, дзе ў гонар 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі ўстановяць бел-чырвона-белы сьцяг. Пра гэта паведаміў адзін зь лідэраў беларускай дыяспары ў Швайцарыі Аляксандар Сапега.

Улётка з заклікам далучыцца да шпацыру ў Альпы
Улётка з заклікам далучыцца да шпацыру ў Альпы

Беларускі нацыянальны сьцяг зьявіцца на піку гары Ютлібэрг (Uetliberg) у ваколіцах Цюрыху. У інфармацыйнай улётцы, падрыхтаванай да падзеі, цытуецца вытрымка з Трэцяй Устаўной граматы БНР: «Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца Незалежнай і Вольнай Дзяржавай».

Сам Аляксандар Сапега ўдзелу ў падʼёме на гару ня возьме, бо 25 сакавіка далучыцца да сьвяточных імпрэзаў у Менску.

***

Пачынаючы ад пачатку ХХ стагодзьдзя больш за ўсё выхадцаў зь беларускіх земляў прытулілі ЗША і Канада — агулам больш за 1 мільён. У Расеі жыве прыкладна 900 тысяч этнічных беларусаў, дыяспара ва Ўкраіне налічвае 300 тысяч.

У Ізраіль зь Беларусі пераехалі блізу 150 тысяч чалавек, 100 тысяч жывуць у Латвіі, 70 тысяч — у Літве і прыкладна столькі ж у Польшчы, 60 тысяч — у Казахстане. Прысутнасьць у іншых краінах нязначная: каля 15 тысяч ва Ўзбэкістане, 12 тысяч у Эстоніі, 10 тысяч у Аўстраліі, 7 тысяч у Вялікай Брытаніі, 5 тысяч у Малдове, каля 4 тысяч у Аргентыне. Маецца сьціплы дэсант у Армэніі, Бэльгіі, Францыі, Швайцарыі, Швэцыі, Чэхіі, Кіргізстане і г.д.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG