Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Крумкачоў» канчаткова пазбавілі месца ў Найвышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі па футболе


Арбітраж Беларускай фэдэрацыі футболу (БФФ) 19 сакавіка адхіліў заяву футбольнага клюбу «Крумкачы» наконт рашэньня Камітэту клюбнага ліцэнзаваньня, піша «Прессбол».

На паседжаньні Камітэту клюбнага ліцэнзаваньня БФФ 26 лютага «Крумкачам» адмовілі ў ліцэнзіі праз «сыстэматычныя парушэньні» патрабаваньняў рэглямэнту Фэдэрацыі футболу — неаднаразовае парушэньне тэрмінаў падачы дакумэнтаў і «зрыў працэсу ліцэнзаваньня». Апэляцыю клюбу адхілілі 6 сакавіка, пасьля чаго каманда падала заяву на арбітражнае разьбіральніцтва, рашэньні якога зьяўляецца канчатковым.

«Крумкачы» сьцьвярджаюць, што ліцэнзіі іх пазбаўляюць з парушэньнем правілаў Фэдэрацыі.

У звароце да заўзятараў «Крумкачы» адзначылі, што клюб адхілены ад працэдуры ліцэнзаваньня «не праз фінансавыя прычыны і нават не праз адсутнасьць дакумэнтаў» — «клюб прысудзілі да найвышэйшай меры пакараньня за парушэньне тэрмінаў іх падачы».

«На сёньняшні дзень у клюбу гатовыя ўсе дакумэнты... „Крумкачы“ цалкам гатовыя да найвышэйшай лігі сэзону-2018. Як кадрава, так і фінансава. Мы здольныя гэта прадэманстраваць у максымальна кароткія тэрміны, але нам не даюць такой магчымасьці. На наш погляд, за гэтым рашэньнем стаяць якія заўгодна матывы, але толькі не прававыя і ніяк не спартовыя», — гаварылася ў звароце.

Выхад у Найвышэйшую лігу ў 2015 годзе
Выхад у Найвышэйшую лігу ў 2015 годзе

Клюб, заснаваны аматарамі

Аматары футболу заснавалі ФК «Крумкачы» ў 2014 годзе. Дзякуючы велізарнаму энтузіязму і валянтэрскай працы, ужо ў сэзоне-2016 клюб праводзіў першы сэзон у Найвышэйшай лізе, дзе захаваў «прапіску» і ў наступным сэзоне.

Праўда, фінансавыя праблемы «Крумкачоў» паўсталі яшчэ да таго, як клюб пачаў гуляць у Найвышэйшай лізе. У 2016-м яны сталі першымі ў элітным дывізіёне, хто ня меў дзяржаўнай падтрымкі. Традыцыйна каманды замацаваныя альбо за раённымі і гарадзкімі выканкамамі, альбо за буйнымі прадпрыемствамі.

Сэзон-2017 каманда зноў пачала з абмеркаваньня фінансавага становішча. Яшчэ напачатку 2016 году барысаўскі БАТЭ пазычыў «Крумкачам» 150 тысяч даляраў. Палову грошай каманда мусіла вярнуць у жніўні 2016-га, палову — у сьнежні. Аднак празь цяжкае фінансавае становішча «Крумкачы» разьлічыцца ня здолелі. У пачатку 2017-га эканамічны суд Менску вынес рашэньне спагнаць грошы з «Крумкачоў» у загадным парадку.

Праз перабоі з выплатай заробкаў склад «Крумкачоў» пакінуў тузін гульцоў і галоўны трэнэр. Дайшло нават да байкатаваньня матчаў з боку футбалістаў — затрымкі дасягнулі некалькі месяцаў.

Трэнэр — у БАТЭ, нападнік — у «Дынама-Менск». Куды разьляцеліся «Крумкачы»

Увосень 2017 клюб сабраў праз краўдфандынг звыш 29 тысяч рублёў — чвэрць ад патрэбнай сумы.

На фінішы леташняга чэмпіянату Беларусі «Крумкачы» да апошняга змагаліся за выжываньне і аказаліся 13-мі сярод 16 клюбаў.

На самым пачатку 2018 году паведамлялася, што клюб не выратуе ўжо нішто, аднак жа ў момант, калі большасьць ключавых гульцоў «разьляцелася», нечакана прыйшоў інвэстар, які пагадзіўся ўкласьці на сэзон $600 тысяч, а таксама вырашыць праблему з даўгамі.

Аднак жа, нягледзячы на тое, што справы каманды пайшлі ўгару, Беларуская фэдэрацыя футбола адмовіла «птушкам» у ліцэнзаваньні на новы сэзон.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG