Камуністы-калякінцы наракаюць на «антыкамунізм, насаджэньне лібэральнай ідэалёгіі і нацыяналізму» Пленум цэнтральнага камітэта Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» 18 сакавіка прыняў пастанову, у якой гаворыцца пра неабходнасьць «удасканаленьня ідэйна-тэарэтычнай працы», паведамляе БелаПан.
У дакумэнце адзначаецца, што партыя «захоўвае прыхільнасьць да камуністычнай ідэалёгіі, зыходзіць з клясавага падыходу да зьяваў грамадзкага жыцьця, прымяняе марксісцкі дыялектыка-матэрыяльны мэтад пазнаньня, мае абгрунтаваную праграму, якая адказвае выклікам 21-га стагодзьдзя».
Пленум «Справядлівага свету» адзначыў «недастатковую ўвагу цэнтральных органаў партыi, партыйных камітэтаў усіх узроўняў як да арганізацыі ідэйна-тэарэтычнай падрыхтоўкі чальцоў партыі, так і да прапаганды і папулярызацыі камуністычнай ідэалёгіі сярод грамадзян Беларусі, у першую чаргу моладзі».
Партыя таксама лічыць, што сёньня адбываецца «ўзмацненьне антыкамуністычнай прапаганды, масіраванае насаджэньне лібэральнай ідэалёгіі, нацыяналізму, адкрытая фальсыфікацыя гістарычнага мінулага, у тым ліку савецкага пэрыяду», замоўчваньне «усяго пазытыўнага, што зьвязана з камуністычным рухам».
Да кастрычніка 2009 года Арганізацыя мела іншую назву — Партыя камуністаў Беларуская. Рашэньне аб перайменаваньні было прынята паводле вынікаў галасаваньня на XIV пазачарговым зьезьдзе партыі. Як патлумачыў тады старшыня партыі Сяргей Калякін, новая назва дазволіць прыцягнуць у свае рады ня толькі моладзь, але і прадстаўнікоў іншых левых арганізацый, якія не прайшлі афіцыйную рэгістрацыю ў Беларусі.