У Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук распачалася двухдзённая навукова-практычная канфэрэнцыя, прысьвечаная сотым угодкам абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.
У рамках імпрэзы прэзэнтавалі грунтоўны гістарычны нарыс, падрыхтаваны аўтарскім калектывам навукоўцаў згаданага інстытуту. Выданьне мае назву «Беларуская Народная Рэспубліка — крок да незалежнасьці. Да 100-годзьдзя абвяшчэньня» і сыстэматызуе найважнейшыя этапы і падзеі, якія спрычыніліся да ўстанаўленьня беларускай дзяржаўнасьці на пачатку ХХ стагодзьдзя.
«25 сакавіка 1918 году адбылося абвяшчэньне Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта была ня толькі знакавая грамадзка-палітычная падзея ў гісторыі беларускага народу, але і яскравае сьведчаньне таго, што сфармуляваная яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі беларуская нацыянальная ідэя атрымала практычную падтрымку нацыянальнай эліты і значнай часткі народу, стала пачаткам будаўніцтва незалежнай нацыянальнай дзяржавы», — гаворыцца ў прадмове.
Тэматычныя разьдзелы падаюцца ў храналягічным парадку. Найперш чытачоў знаёмяць зь беларускімі палітычнымі партыямі і ідэяй дзяржаўнасьці, якая панавала ў той час; падрабязна расказваецца пра Першы Ўсебеларускі зьезд 1917 году; тлумачыцца, чаму абвяшчэньне БНР можна лічыць гістарычным выбарам нацыянальна-дзяржаўнага самавызначэньня; на прыкладзе БНР перакідваецца масток да дзяржаваўтваральных працэсаў будучай Беларусі. Пад канец даецца пералік выдатных асобаў, якія спрычыніліся да абвяшчэньня дзяржаўнасьці 25 сакавіка 1918 году.
Выданьне багата ілюстраванае, тут зьмешчаны здымкі заснавальнікаў БНР, даюцца фота гістарычных дакумэнтаў.
Адзін з укладальнікаў гістарычнага нарысу, доктар гістарычных навук, прафэсар, член-карэспандэнт Акадэміі навук Аляксандар Каваленя адзначыў актуальнасьць і важнасьць навуковага выданьня «Беларуская Народная Рэспубліка — крок да незалежнасьці».
«Багатая і шматвекавая гісторыя Беларусі насычана велізарнай колькасьцю грамадзка-палітычных падзеяў, у якіх актыўны ўдзел бралі тысячы і тысячы нашых суайчыньнікаў. Як бачыцца, моц дзяржавы і грамадзтва перш за ўсё вызначаецца маральнымі якасьцямі народу, прыстойнасьцю людзей, захаваньнем грамадзкай памяці пра тых яго прадстаўнікоў, хто прысьвяціў сваё жыцьцё служэньню народу і роднай зямлі. У сакавіку 2018-га адзначаецца 100-гадовы юбілей абвяшчэньня БНР. Менавіта гэтай падзеі і прысьвечаны старонкі гэтага выданьня», — сказаў навуковец.
Як падкрэсьліваецца ў дасьледаваньні, нягледзячы на шматлікія войны, палітычныя і эканамічныя ўзрушэньні, беларускі народ выстаяў, ня зьнік з гістарычнай авансцэны, захаваў традыцыі і духоўна-культурныя каштоўнасьці, абараніў сваё права на самастойнае разьвіцьцё.
Менавіта глыбінная нацыянальная самабытнасьць беларускага народа і яго лідэраў зьявіліся аб’ектыўным фактарам таго, што Беларусь ніколі ў гісторыі не была ні залежнай тэрыторыяй, ні, тым больш, калёніяй Захаду ці Ўсходу, — падкрэсьліваюць аўтары акадэмічнага выданьня, прысьвечанага сотым угодкам Беларускай Народнай Рэспублікі.