«Беларуськалій» назваў імёны заваленых у шахце рабочых
Абноўлена: Карэспандэнты Свабоды 10 сакавіка былі на прахадной трэцяга рудаўпраўленьня і ў офісе «Беларуськалію». Далей за ахоўніка журналістаў не пускаюць. Ахова па распараджэньні кіраўніцтва кажа, каб журналісты зьвярталіся па інфармацыю на сайт МНС. Паводле нашай інфармацыі, усё кіраўніцтва кампаніі разам з генэральным дырэктарам увесь гэты час знаходзіцца на тэрыторыі трэцяга рудаўпраўленьня.
Міністэрства надзвычайных сытуацыяў паведаміла, што адбыўся выкід газу мэтану і абвал пароды. Пад заваламі ў шахце апынуліся два работнікі.
У паведамленьні МНС гаворыцца: «Паводле папярэдняй інфармацыі пры праходцы горнай выпрацоўкі на 22б заходняй панэлі гарызонту -620 мэтраў адбыўся абвал пародаў даху з выкідам газу (мэтан) і солі з масіву.
На гэтым участку знаходзіліся двое рабочых. Работнікамі ваенізаванай горнавыратавальнай часткі прадпрыемства праведзеныя работы для разгазаваньня гэтага ўчастку для зьніжэньня канцэнтрацыі пары мэтану ў паветры і пачатыя работы для разбору завалу. Прычына таго, што адбылося, высьвятляецца».
Дзяжурны Міністэрства надзвычайных сытуацыяў сказаў Радыё Свабода, што не ўпаўнаважаны даваць дадатковую інфармацыю пра здарэньне.