Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падарожжа ў БНР (22). Урад БНР у Коўне, Слуцкае Паўстаньне, Балаховіч


Сцяг Першага Слуцкага палка, Вільня (1921). Злева-направа: Лявон Вітан-Дубейкаўскі, невядомая, штабс-капітан Антон Борык
Сцяг Першага Слуцкага палка, Вільня (1921). Злева-направа: Лявон Вітан-Дубейкаўскі, невядомая, штабс-капітан Антон Борык

Сяргей Шупа запрашае далучыцца да ягонага «Падарожжа ў БНР». Так называецца кніга, якую ён вызначыў як архіўны раман, прысьвечаная 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Кожны дзень на працягу месяца мы публікуем старонкі гэтай кнігі.

Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца ў Менску 20 сакавіка. Папярэдне кнігу можна замовіць ТУТ.

Дмоўскі перамагае Пілсудзкага

Прэлімінарная мірная дамова паміж Польшчай і РСФСР была падпісаная 12 кастрычніка 1920 году. На моцы дамовы, сярод іншага, Польшча афіцыйна прызнала БССР. Ваенныя дзеяньні былі спыненыя. У тэрытарыяльным пытаньні перамагла канцэпцыя ідэоляга польскіх нацыяналістаў Рамана Дмоўскага — ня браць зашмат, каб не ствараць лішніх праблемаў пры асыміляцыі мясцовага насельніцтва. (Апанэнт Дмоўскага Пілсудзкі быў гатовы вярнуць Польшчу да межаў Рэчы Паспалітай 1772 году і даць аўтаномію мясцовым народам.)

Васіль Захарка падаваў інфармацыю, нібыта старшыня расейскай дэлегацыі Ёфэ згадаў пра гатовасьць прызнаньня саветамі ўраду Ластоўскага, але польская дэлегацыя, ведаючы, што БНР будзе адстойваць правы на свае заходнія землі, пасьпяшалася прызнаць савецкую марыянэтку БССР, якая без дазволу Масквы ня будзе мець да Польшчы ніякіх тэрытарыяльных прэтэнзіяў. Так Менск застаўся на ўсход ад дэмаркацыйнай лініі. Пабыўшы там некалькі дзён, увечары 17 кастрычніка польскія вайсковыя аддзелы пакінулі горад.

Польска-бальшавіцкія зьверствы

Польска-бальшавіцкая вайна вызначылася надзвычайнай жорсткасьцю (не параўнаць з ваеннымі дзеяньнямі на нямецка-расейскім фронце 1915 ці 1918 гадоў, дзе пад канец вайны варожыя салдаты ледзь не браталіся). Абодва бакі ня надта цырымоніліся з палоннымі — калі іх не забівалі на месцы (Ісак Бабель красамоўна апісвае масавыя засекі палонных палякаў шаблямі), то яны гінулі ў нечалавечых умовах у лягерах для палонных. Былі сьведчаньні і больш вытанчаных катаваньняў — увесь сьвет абышоў фатаздымак пасаджанага на кол польскага афіцэра Расінскага.

Зазнала гора і цывільнае насельніцтва — калі немцы толькі рабавалі, палякі маглі запраста і зьбіць, і забіць. Ужывалася і практыка паленьня цэлых беларускіх вёсак. Пры адыходзе палякаў па Беларусі пракацілася хваля даўно (а можа й ніколі) ня бачаных тут пагромаў габрэйскага насельніцтва ў гарадах і мястэчках.

Пахаваная жыўцом Беларусь жыве і жыць будзе

На падпісаньне прэлімінарнага міру паміж Расеяй і Польшчай адрэагавалі ўсе беларускія незалежніцкія асяродкі.

20–21 кастрычніка ў Рызе адбыліся нацыянальна-палітычная канфэрэнцыя і асобна канфэрэнцыя беларускіх сацыялістычных партыяў, якія прынялі рэзалюцыі з рашучым асуджэньнем несправядлівага міру і цынічнага падзелу Беларусі. Прэлімінарную дамову, якая мелася легчы ў аснову канчатковай мірнай дамовы, удзельнікі канфэрэнцый прызналі для беларускага народу неабавязковай і заклікалі ўсімі спосабамі і сродкамі весьці барацьбу за незалежнасьць і непадзельнасьць Беларусі.

На момант прачнулася ад летаргічнага сну і Найвышэйшая Рада БНР, выступіўшы з дэклярацыяй і пратэстам супраць «ганебнага акту, падпісанага ў Рызе». Аўтары пратэсту — Лявон Дубейкаўскі і Браніслаў Тарашкевіч — асудзілі стварэньне «Савецкай Беларусі», якой была дадзеная на паперы фікцыйная незалежнасьць, але ў сапраўднасьці цэнтральная Беларусь была ператвораная ў звычайную маскоўскую правінцыю. «Разадраная на часткі, пахаваная жыўцом Беларусь жыве і жыць будзе і будзе змагацца, пакуль ня выйдзе з гэтай магілы, куды хацелі яе сьпіхнуць творцы рыскага міру».

Коўна — сталіца БНР

Яшчэ 11 жніўня ў Рызе была падпісаная латыска-расейская мірная дамова, у якой бакі сярод іншага абавязаліся «не дапускаць утварэньня і знаходжаньня на сваёй тэрыторыі якіх бы там ні было арганізацый і групаў, што прэтэндавалі б на ролю ўраду ўсёй тэрыторыі другога дамоўнага боку або часткі яе». Урад БНР адназначна падпадаў пад гэты пункт дамовы.

Заўважым, што ў літоўска-расейскай дамове фармулёўка была крыху іншая: «не дапускаць на сваёй тэрыторыі ўтварэньня і знаходжаньня ўрадаў, арганізацый або груп, якія б ставілі сваёй мэтай узброеную барацьбу супраць другога дамоўнага боку». Такім чынам, пакуль Урад БНР ня ставіў сабе за мэту ўзброенае змаганьне з бальшавікамі, літоўскія ўлады маглі дапусьціць яго побыт на сваёй тэрыторыі, не баючыся парушыць дамову з Расеяй.

Гэтыя міжнародна-юрыдычныя нюансы абумовілі пераезд Ураду БНР на чале з Ластоўскім у Коўна. У дыпляматычным пашпарце старшыні Ўраду стаіць дата пераезду латыска-літоўскай мяжы: 28 кастрычніка 1920. На пару гадоў чарговай «перасоўнай сталіцай» БНР зробіцца Коўна.

Літва — новы стары хаўрусьнік

Новая палітычная сытуацыя, якая ўзьнікла ў выніку страты літоўцамі Вільні, захопленай «бунтаўніком» Жалігоўскім, і падпісаньня прэлімінарнага польска-расейскага міру, паводле якога Заходняя Беларусь аддавалася Польшчы, стварыла ўмовы для беларуска-літоўскага збліжэньня. Ва ўчорашніх заядлых супернікаў зьявіўся супольны вораг — Польшча, якая заняла спрэчныя тэрыторыі Віленшчыны і Горадзеншчыны, што былі прычынай літоўска-беларускіх непаразуменьняў.

Прыбыўшы ў Коўна, Урад БНР падаў літоўскаму ўраду дэклярацыю, дзе зазначыў, што «слаўнае мінуўшае Вялікага Княства Літоўскага дае прыклады сходныя сучаснаму моманту: у час, калі літоўскаму і беларускаму народам загражаў заняпад пад навалай заходу і ўсходу, яны па мудрай мысьлі волатаў літоўскае дзяржаўнасьці знаходзілі ў аб’яднаньні сваім ня толькі моц абараніцца, але і давесьці да найбольшага росквіту сваё гаспадарства».

Міжнародная дамова БНР з подпісамі і пячаткамі

Пасьля неабходных кансультацыяў 11 лістапада 1920 году была падпісаная дамова паміж Урадамі Беларускай Народнай Рэспублікі і Літоўскай Рэспублікі. За ўсю гісторыю БНР гэта была самая сур’ёзная міжурадавая дамова — з узаемным прызнаньнем і абавязаньнямі ўзаемнай падтрымкі. На моцы дамовы Літва вызначала Беларускаму Ўраду і Прэзыдыюму Рады БНР месца афіцыйнага побыту на тэрыторыі Літвы і надавала іх супрацоўнікам права экстэрытарыяльнасьці.

Паводле першага параграфу дамовы, Урад БНР абавязаўся «далажыць усіх высілкаў», каб пры будучым польска-літоўскім плебісцыце беларусы-жыхары падплебісцытных тэрыторыяў аддалі свой голас на карысьць Літвы. Што да пытаньня аб літоўска-беларускай мяжы — яго вырашэньне адкладалася да скліканьня «Правамоцнага Прадстаўнічага Збору Беларускае Народнае Рэспублікі».

Слуцкі Збройны Чын

Урад БНР, ствараючы ў лістападзе 1920-га разам зь літоўскімі калегамі адзіны антыпольскі фронт, не падазраваў, што ў гэтыя самыя дні ў сэрцы Беларусі — на Случчыне — ад яго імя (і не без падтрымкі тых самых палякаў) узьнімаецца сьцяг антыбальшавіцкага змаганьня, які ўвайшоў у гісторыю як Слуцкае паўстаньне.

Пасьля падпісаньня прэлімінарнага польска-расейскага міру Случчына, занятая на той момант польскім войскам, апынулася ў нэўтральнай зоне. На месцах пачалі фармавацца аддзелы беларускай самаабароны, палякі, якія рыхтаваліся да адыходу, не чынілі ім ніякіх перашкодаў.

14 лістапада Зьезд Случчыны абраў Раду Случчыны і абвясьціў уладу Беларускай Народнай Рэспублікі ў Слуцку і навакольлях:

«Зьезд катэгарычна пратэстуе проці акупацыі родных зямель чужацкім наездам і проці самазванай Савецкай улады, як урад Кнорына і іншыя, якія паўтвараліся на Беларусі. Бацькаўшчына наша зруйнавана чужынцамі, якія нішчаць яе і дагэтуль, і мы, аддаючы справе адбудаваньня нашай Бацькаўшчыны ўсе нашы сілы і жыцьці, зьвяртаемся да ўсяго сьвету і Саюзу Народаў аб дапамозе ў стварэньні нашай вайсковай сілы».

26 лістапада Першы Слуцкі полк і Другі Грозаўскі полк, аб’яднаныя ў Слуцкую брыгаду, уступілі ў бой з бальшавікамі.

Няроўныя баі працягваліся каля месяца, паўстанцаў падтрымлівала мясцовае насельніцтва, аднак рэальна супрацьстаяць Чырвонай арміі случакі не маглі. Да канца сьнежня ацалелыя аддзелы паўстанцаў былі выведзеныя на тэрыторыю, занятую палякамі, дзе былі раззброеныя і інтэрнаваныя.

Тожэ-беларус Балаховіч

Адначасна адбывалася яшчэ адна акцыя, якая на пэўным этапе таксама выкарыстоўвала беларускія лёзунгі — палескі паход генэрала Станіслава Булак-Балаховіча. Сплянаваны і падрыхтаваны з удзелам Юзэфа Пілсудзкага і расейскага тэрарыста Барыса Савінкава, гэты паход ня меў нічога агульнага зь беларускай незалежніцкай ідэяй. Тым ня менш з групы палянафільскіх беларускіх дзеячоў пры войску Балаховіча быў створаны Беларускі палітычны камітэт, які служыў шыльдай для заваяваньня даверу і сымпатыяў мясцовага насельніцтва.

12 лістапада Балаховіч узяў Мазыр і вывесіў над горадам бел-чырвона-белы сьцяг. Праз пару дзён ён заявіў, што не прызнае ўрадаў ні Луцкевіча, ні Ластоўскага, пераназваў Беларускі палітычны камітэт ва Ўрад БНР, і гэты «ўрад» абвясьціў Балаховіча «Начальнікам Беларускай Дзяржавы». Аднак ужо 18 лістапада бальшавікі выбілі аддзелы Балаховіча з Мазыра, а 29 лістапада генэрал адступіў у нэўтральную зону.

Апрача спэкуляцыі на беларускіх палітычных лёзунгах, Балаховіч запісаў на свой рахунак і пагромы габрэйскага насельніцтва. Нягледзячы на тое, што ў Мазыры генэрал выступіў са зваротам да габрэяў, гарантаваў ім роўныя правы і заклікаў да супольнай барацьбы з бальшавікамі, падуладныя яму вайскоўцы масава рабавалі, гвалцілі і забівалі, на што камандаваньне збольшага заплюшчвала вочы.

Ластоўскі на сэсіі Лігі Нацыяў у Жэнэве

Адным з вынікаў працы Парыскай мірнай канфэрэнцыі стала заснаваньне 10 студзеня 1920 году Лігі Нацыяў — папярэдніцы сёньняшняй ААН, галоўнай місіяй якое было захаваньне міру ў сьвеце. Займалася яна і ўпарадкаваньнем спрэчных пытаньняў пасьля Першай сусьветнай вайны. На сэсію ў Жэнэву, дзе была афіцыйная сядзіба Лігі Нацыяў, выправілася і дэлегацыя БНР на чале з Ластоўскім, каб узьняць пытаньне аб несправядлівым падзеле Беларусі і аб нявырашанасьці беларускай праблемы наагул.

У Жэнэве Ластоўскі падаў Лізе Нацыяў два мэмарандумы — у справе захопленых Польшчай заходнебеларускіх земляў і аб агульным становішчы Беларусі. У мэмарандумах рабіўся націск на неабгрунтаванасьць польскіх прэтэнзіяў на Горадзеншчыну і Віленшчыну, прычым пра Вільню гаварылася як пра супольную беларуска-літоўскую каштоўнасьць:

«Пытаньне аб горадзе Вільні, аднолькава важным і дарагім як для літоўцаў, так і для беларусаў, і аб Віленшчыне наагул — ёсьць дамовае ўнутранае пытаньне толькі літоўцаў і беларусаў. Але, на жаль, у гэтым пытаньні, як відаць, ясным і простым, узьнік зацямняючы і затрудняючы яго рашэньне асаблівы варунак — гэта прыцязаньне на горад Вільню з боку Польшчы. Але горад Вільня ніколі ня быў польскім горадам».

Апрача гэтага, адбыліся кантакты з «аколічнымі» пострасейскімі рэспублікамі ад Эстоніі да Азэрбайджану. Ластоўскі разам з Ладновым наведаў сакратара палітычнага аддзелу Лігі Нацыяў, зь якім прагаварылі паўтары гадзіны. Сустрэўся Ластоўскі і з сіянісцкімі дзеячамі Нахумам Сокалавым і Лео Моцкіным, якія абяцалі дапамогу і прасілі скантактавацца зь імі ў Парыжы. Тэмай беларуска-габрэйскага збліжэньня былі ўчыненыя палякамі і войскам Балаховіча пагромы на тэрыторыі Беларусі.

Даволі цікава, але трывіяльна

У вольны час Ластоўскі хадзіў па вуліцах Жэнэвы:

«Вечарам у месьце гуляюць карнавал-маскарад. На вуліцах тысячы пераадзетых, гоман, крык, музыка. Выглядае ўсё гэта на староннага чалавека даволі цікава, але разам з тым і даволі трывіяльна.

Пачаткі спрэчкі «Беларусь» ці «Белоруссия»

Ластоўскі піша ў сваім жэнэўскім дзёньніку: «Маю шмат труднасьцей з нарыхтаваньнем работы. Асабліва цяжка дзеля нязнаньня францускай мовы. Адшукаў тлумача жыда з Вітэбшчыны. Жыве ён 35 гадоў ужо ў Швайцарыі і рвецца на Беларусь — каб там памерці».

Ластоўскі, убачыўшы, што «тлумач», Жак Дыкер, перакладае на францускую мову Беларусь як Russie Blanche (Белая Расея), зрабіў яму заўвагу. І тады той уступае з апантаным беларускім моваведам у забаўную, цалкам актуальную і сёньня дыскусію, ужываючы іронію на мяжы з сарказмам:

«Многоуважаемый г-н Ластовский. Меня очень удивляет Ваше замечание, хотя я хорошо знаю русский язык, я не могу уловить разницы между „Белая Россия“ и „Белорусь“, при переводе создавать несуществующих слов я не могу, но полагаю, что Вы можете это легко поправить, сделав этим самым текст малопонятным для французов».

Папярэднія публікацыі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG