Нацыянальны аргкамітэт сьвяткаваньня 100 гадоў незалежнасьці БНР адмяніў анансаванае раней на 5 сакавіка сваё пасяджэньне. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў сакратар аргкамітэту сьвяткаваньня мастак Мікола Купава.
«Нам трэба пракансультавацца, як кажуць, хто чым дыхае. А потым будзем мы, кіраўніцтва аргкамітэту, запрашаць прэсу. Бо запрашаць на нейкія разборкі — гэта нікому не патрэбна. Нам трэба гатовы прадукт, — сказаў Свабодзе Купава. — Трэба прыйсьці да нейкай згоды, каб не спрачацца, а рухацца наперад. Паколькі тут ёсьць розныя напрамкі думкі, мне трэба зь імі кансультавацца. Таму мы сёньня зьбірацца ня будзем. Бо ў адных галовах адно, у другіх — іншае».
Паводле Міколы Купавы, аргкамітэт плянуе сабрацца на сваё пасяджэньне 12 сакавіка, а пакуль працягне працу ў камісіях. Ён адзначыў, што таксама трэба высьветліць «усе тонкасьці зь Менгарвыканкам, бо абяцаюць — а наколькі гэта рэальна?»
Сьвяткаваньне дазволенае, рознагалосьсі сярод апазыцыі
2 сакавіка гарадзкія ўлады далі дазвол на канцэрт і мітынг ля Опэрнага тэатру 25 сакавіка
Пры дазволе мітынгу і канцэрту Менгарвыканкам ня стаў дазваляць вялікае шэсьце праз цэнтар гораду: ранейшую заяўку, што ўключала таксама шэсьце, улады адхілілі, а ў цяперашняй заяўцы аргкамітэт і не прасіў вялікага шэсьця — толькі асобнай заяўкай разглядзець магчымасьць невялікага шэсьця ад помніка Янку Купалу да Опэры.
Прапанова адзначыць 100-годзьдзе БНР з канцэртам, але бяз шэсьця выклікала хвалю дыскусіяў і абмеркаваньняў на паседжаньні аргкамітэту сьвяткаваньня. Частка ягоных чальцоў выступала за абавязковае традыцыйнае шэсьце на Дзень Волі, а частка за тое, каб не настойваць на шэсьці, калі будзе магчымасьць правесьці сьвяточны мітынг і канцэрт каля Опэрнага тэатру.
5 сакавіка сябра аргкамітэту сьвяткаваньня 100 год БНР, прадстаўнік «Эўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель выказаў меркаваньне, што 25 сакавіка ў Менску пройдзе і мітынг-канцэрт ля Опэрнага тэатру, і сьвяточнае шэсьце па праспэкце Незалежнасьці ад плошчы Якуба Коласа.