Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогер Пальчыс — бізнэсоўцам: падтрымаць 100-годзьдзе БНР — вельмі выгадная рэч


Эдуард Пальчыс
Эдуард Пальчыс

Аргкамітэт сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР шукае афіцыйнага спонсара для ўрачыстых імпрэзаў 25 сакавіка. Пра гэта Свабодзе паведаміў адзін зь сябраў аргкамітэту блогер Эдуард Пальчыс.

У беларускага бізнэсу проста зараз ёсьць унікальны шанец заслужыць падзяку вялікай колькасьці беларусаў.

«Падзея, якая пройдзе ля Опэрнага тэатра, несумненна, трапіць у гісторыю. У беларускага бізнэсу проста зараз ёсьць унікальны шанец заслужыць падзяку вялікай колькасьці беларусаў», — адзначыў Пальчыс.

Паводле актывіста, магчыма, шмат якія бізнэсоўцы яшчэ не ўсьвядомілі, наколькі грандыёзны пазытыўны рух ахопіць у гэтым месяцы Беларусь.

«Многія могуць саромецца, сумнявацца, — гаворыць ён. — Але калі нарэшце разуменьне дойдзе, ваша месца можа быць ужо занятае. Каб такога ня здарылася, далучайцеся загадзя».

На краўдфандынгавай пляцоўцы Talaka.by вядзецца збор грошай на правядзеньне канцэрту, а таксама лекцыі, выставы і ўлёткі да гадавіны БНР. На ўсё трэба 35 тысяч рублёў, пакуль сабрана больш за палову.

«Той выпадак, калі няма мяжы дасканаласьці, — тлумачыць Эдуард Пальчыс. — Заўсёды можна паставіць яшчэ больш экранаў, зрабіць яшчэ лепшы гук, замовіць яшчэ больш біяпрыбіральняў. Плюс рэкляма, спэцэфэкты. Паколькі імпрэза на некалькі дзясяткаў тысяч чалавек, удасканальвацца можна бясконца. А чым больш грошай, тым больш магчымасьцяў зрабіць усе лепш і больш якасна. Як гэта робіцца на камэрцыйных фэстывалях».

Ці вераць арганізатары ў тое, што будзе чарга з ахвотных дапамагчы арганізатарам матэрыяльна?

Людзі пакуль не асэнсоўваюць, што з гледзішча бізнэсу гэта вельмі выгадная рэч. Гэта мэдыяпадзея, за якой будзе сачыць уся краіна.

«Людзі пакуль не асэнсоўваюць, што з гледзішча бізнэсу гэта вельмі выгадная рэч, — перакананы сябра аргкамітэту. — Мэдыяпадзея, за якой будзе сачыць уся краіна, пра гэта ўжо пастаянна пішуць СМІ. Іміджава гэты куды больш, чым іншыя імпрэзы. Гэта ўсё будзе абмяркоўвацца і, калі пройдзе пазытыўна, наогул увойдзе ў гісторыю і яшчэ доўга будзе працаваць на бізнэс. Безумоўна, яны могуць баяцца і перастрахоўвацца, але гэта афіцыйна дазволенае мерапрыемства, падтрыманае Менгарвыканкамам, і калі такі шанец ня выкарыстаюць, будзе проста неабачліва зь іх боку».

2 сакавіка прадстаўнікі аргкамітэту сьвяткаваньня 100-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі сустрэліся з прадстаўнікамі Менскага гарвыканкаму. Гарадзкія ўлады далі дазвол на канцэрт і мітынг ля Опэрнага тэатру 25 сакавіка.

Пачатак імпрэзы а 14-й гадзіне, збор ля Опэрнага тэатру — а 13-й. Завяршэньне плянуецца а 19-й гадзіне. Мерапрыемства пройдзе пад лёзунгам «Сьвята незалежнасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG