Мяркуючы з водгукаў у сеціве, шмат каму гэты забаронены для паказу ў Расеі фільм не спадабаўся, не даглядзелі нават да канца.
Плоска, занадта рэалістычна, няма паглыбленьня ў тэму, няма алюзіяў, як комікс. Ну і ня сьмешна да таго ж, з такога не сьмяюцца.
Усё слушна, няма глыбіні, бо так задумана, бо так было насамрэч, у жыцьці. Узьнесеныя да абсалютнае ўлады маргіналы, пераспрабаваўшы ўсе «радасьці жыцьця», наколькі хапала фантазіі, упіраюцца ў сваю непазьбежную столь — у фізіялёгію. Сэкс, кроў і сьмерць — вось тое гульневае поле, што застаецца і Сталіну, які ляжыць у лужыне ўласнай мачы, і Хрушчову зь Берыем, якія ў забаўным танцы б’юцца жыватамі на пацеху астатняй кампаніі, і Жукаву, зь якога аж фантануе драпежны інстынкт, і сыну Сталіна — «Я не магу бяз водкі!»… Фізіялёгія — вось што апанавала правадыроў сусьветнага пралетарыяту. Дый не да пралетарыяту ім з-за гэтай самай фізіялёгіі. Сталін у іх ці то памёр, ці то яшчэ не.
Глыбіня зьяўляецца зь недагаворанасьці, а тут задача адваротная — дагаварыць да самага канца і каб не засталося ніякіх загадак.
Так здымаюцца фільмы ў жанры порна. Ніякіх тайнаў і нечаканасьцяў няма і быць ня можа. Бо гэта фізіялёгія. Важна паказаць «абстаноўку» максымальна адкрыта і «набліжана да баявой». Ёсьць, вядома, нейкія ньюансы, дык і тут іх хапае, але ў цэлым гэта, як правіла, без глыбіні, як комікс. Глыбіня зьяўляецца зь недагаворанасьці, а тут задача адваротная — дагаварыць да самага канца, паказаць, што там адбываецца насамрэч (а гэта ўсе ведаюць, толькі не абмяркоўваюць) і каб не засталося ніякіх загадак.
Порнафільм «Сьмерць Сталіна» спраўляецца з гэтай задачай на ўра. Ён не прэпаруе гістарычную праўду — менавіта так усё і было, і ўвесь гэты «гратэск» зусім не прыдуманы, бо «гратэскам» тады стала самое жыцьцё.
Больш за тое. Фільм наўпрост выходзіць на цяперашнюю расейскую рэчаіснасьць з квазімілітарысцкімі прамовамі Пуціна і тым самым «гратэскам» расейскай эліты, што кланяецца свайму цару ў пояс. Надта падобна, што і сёньня эліты ў Расеі, пераспрабаваўшы ўсіх на сьвеце ўцех, дасягнулі сваёй фізіялягічнай столі, дасьпелі да таго, каб ужо і пра іх дзе-небудзь на Захадзе зьнялі фільм у жанры порна.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.