Жывую трансьляцыю з паседжаньня аргкамітэту сьвяткаваньня 100-годзьдзя незалежнасьці БНР я выключыў пасьля 2 гадзін 15 хвілін. Калі палітыкі ня могуць дамовіцца наконт такой насамрэч дробнай справы, то як выглядаюць іхныя стратэгічныя перамовы, ад якіх сапраўды можа залежаць лёс краіны?
1. У сустрэчы было канкрэтнае пытаньне — што рабіць з прапановай Менгарвыканкаму наконт 25 сакавіка. Амаль 2 гадзіны заняло пераўтварэньне рабочай групы ў аргкамітэт і наданьне паўнамоцтваў групе на перамовы зь Менгарвыканкамам. Людзі, якія, агулам кажучы, выйшлі з адной палітычнай кампаніі 90-х гадоў, паводзілі сябе так, нібыта яны прадстаўнікі нацыянальных урадаў на саміце Эўразьвязу, дзе вырашаецца памер датацыяў на пяцігодку. І таму кожны намагаўся бараніць свой інтарэс і рэдка чуў іншага.
2. Удзельнікі сустрэчы — паважаныя, разумныя і самаахвярныя людзі. Але калі яны зьбіраюцца разам, то адбываецца нешта незразумелае. А то ўшчыкнуць адзін другога, папракнуць, скрытыкаваць, узгадаць старую крыўду, скрывіцца, пачаць гаварыць пра 90-я, закатаць вочы ў лоб, нешта ўспомніць з маладосьці, кінуць пафас, узьняць голас.
3. Спрэчкі на пустым месцы добра глядзяцца ў дэмакратычным парлямэнце, дзе дэпутаты хочуць казаць сваю дзёрзкасьць і арыгінальнасьць перад выбарнікамі. Але каму патрэбнае шоў на паседжаньні аргкамітэту сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР?
4. Палітыка — гэта мастацтва магчымага. І гэта ў залі, на жаль, паказалі адзінкі. Ад гэтых адзінак можна было пачуць сапраўдны клопат і дбаньне пра інтарэс Дня Волі і яго ўдзельнікаў. Рэшта паводзіла сябе нібы падчас выбарчай кампаніі ў парлямэнт. І прычына ў адсутнасьці даверу адзін да другога, у незразумелай канкурэнцыі невядома за што.
5. Калі беларуская дэмакратычная апазыцыя сапраўды хоча калі-небудзь выйграць у свабодных выбарах, то ёй трэба тэрмінова забараніць тэлекамэрам прысутнічаць на сваіх паседжаньнях. Або проста пачаць размаўляць паміж сабой па-іншаму. Але першае хіба пакуль больш рэальнае.
Чаго тады вартыя ўсе беларускія дэмакратычныя партыі, рухі, кааліцыі, аргкамітэты, арганізацыі, суполкі, калі іх нават 100-годзьдзе БНР ня ў стане аб’яднаць?
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.