Беларусь узьнялася на 13-ю пазыцыю ў агульнамэдальным заліку на Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане пасьля залатога фінішу беларускіх біятляністак. Гэта найвышэйшае месца сярод краін-суседзяў — наперадзе Расеі, Украіны, Польшчы, Латвіі і Літвы.
Такім чынам, да ўзнагароды найвышэйшай вартасьці фрыстайлісткі Ганны Гуськовай і срэбра Дар’і Домрачавай у мас-старце дадалося агульнакаманднае золата квартэту эстафэтніц: усё тая ж Дар’я Домрачава, Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Дынара Алімбекава.
23 лютага, калі ў Беларусі афіцыйна адзначаецца Дзень абаронцаў Айчыны, у аналягічных спаборніцтвах будуць удзельнічаць мужчыны — біятлённая эстафэта завершыць праграму Алімпіяды-2018. За беларускую каманду выступяць Антон Смольскі, Раман Ялётнаў, Сяргей Бачарнікаў і Ўладзімер Чапелін. Пачатак а 14.15.
Адрозна ад жаночай каманды, адмыслоўцы нават авансам не даюць беларускім удзельнікам высокіх месцаў, добрым вынікам будзе пападаньне ў топ-10.
Апроч біятлёну, сёньня ў алімпійскай праграме таксама значыцца канькабежны спорт. Адзіны беларускі прадстаўнік Ігнат Галавацюк паспаборнічае на дыстанцыі 1000 мэтраў. У відзе, дзе цалкам дамінуюць галяндцы, 20-гадовы спартовец можа пазмагацца хіба за месца ў дваццатцы. Пачатак а 13.00.
Цырымонія закрыцьця ХХІІІ Алімпійскіх гульняў у Паўднёвай Карэі пройдзе 25 лютага.