Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка можа вярнуць павагу да мовы за адзін дзень


Згодны, што вяртаньне беларускай мовы ў «шырокія народныя масы» зойме гады (ці нават — дзесяцігодзьдзі), бо працэс гэта няпросты. Але зьмена стаўленьня чынавенства да беларускай мовы на ўсіх ўзроўнях (тое, без чаго ніякія рэформы ў гэтай сфэры немагчымыя) можа адбыцца за адзін дзень. Нават — за адну гадзіну.

Гэта калі Лукашэнка правядзе сэлектарную нараду — напрыклад, па падрыхтоўцы да веснавой сяўбы — на дзяржаўнай беларускай мове ў прамой тэлетрансьляцыі.

Прыгадваецца пачатак 1994 года, калі парлямэнцкая большасьць адправіла ў адстаўку з пасады старшыні Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча.

У адрозьненьні ад Шушкевіча, які вёў сэсіі па-беларуску, новаабраны сьпікер парлямэнту Мечыслаў Грыб адразу прамаўляў па-расейску. Паседжаньне трансьлявалася на ўсю краіну, і ўжо ўвечары чыноўнікі (тыя, якія гаварылі з дэпутатамі БНФ па-беларуску) ў размовах перайшлі на расейскую, а некаторыя зь іх пасьмейваліся: «Ну и где он сейчас будет, ваш белорусский язык?».

Аднак пасьмейваліся нядоўга: да гонару Грыба, ужо праз некалькі дзён ён пачаў прамаўляць на беларускай мове. Чыноўнікі ізноў перайшлі з намі на беларускую.

Супрацоўнікам дзяржаўнага апарату можна выказаць шмат прэтэнзіяў, але адно бясспрэчна: у іх ёсьць надзвычай тонкае адчуваньне настрою начальства. Асабліва — вышэйшага начальства.

Найвышэйшаму начальніку краіны прэтэнзіяў можна вылучыць значна болей, чым ягоным падначаленым, але адно для мяне несумненна: беларускую мову ён ведае куды лепей, чым ведаў яе Мечыслаў Грыб у момант абраньня кіраўніком парлямэнту.

Вось толькі несумненна для мяне і тое, што нараду Лукашэнка па-беларуску не правядзе. Ніколі.

Так што сеяць па-беларуску давядзецца ўжо зь іншым кіраўніком.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG