Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Непапраўная шкода іміджу ўлады


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

У зацятай 23-гадовай барацьбе Аляксандра Лукашэнкі з карупцыяй перамагае карупцыя.

У чацьвер 15 лютага кіраўнік дзяржавы вызваліў ад пасадаў міністра лясной гаспадаркі Міхаіла Амельяновіча і міністра спорту і турызму Аляксандра Шамко зь вельмі знамянальнай фармулёўкай: за «непрыняцьце дзейсных захадаў у барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі правапарушэньнямі ў падведамных арганізацыях».

Наступным днём зьявілася інфармацыя, якая праясьняе прычыны звальненьня міністраў. КДБ затрымаў 12 работнікаў Міністэрства лясной гаспадаркі і двух прадпрымальнікаў, якія пад выглядам таннай драўніны прадавалі за мяжу прадукцыю высокай якасьці. Таксама затрыманы за хабар дырэктар сталічнага Палаца спорту Сяргей Прановіч.

У Беларусі высокіх чыноўнікаў рэгулярна здымаюць з пасады і садзяць за краты з карупцыйных прычын, амаль раз на тыдзень прыходзяць паведамленьні падобнага роду. Як трапна заўважыла кіраўніца Адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Качанава, «любы такі факт наносіць непапраўную шкоду іміджу ўлады і грамадзкім дачыненьням у дзяржаве». Калі кіравацца такой лёгікай, то ад іміджу ўлады нічога не павінна застацца.

У пятніцу, падчас паездкі ў Слуцак, Лукашэнка заявіў:

«Зь першых прэзыдэнцкіх выбараў я выразна народу сказаў, што карупцыі ў Беларусі быць ня можа». Насамрэч чым больш кіраўнік дзяржавы змагаецца з гэтым злом, тым больш яно квітнее.

Возьмем вось гэтыя апошнія прыклады. Апавядаючы пра тое, як у лясной гаспадарцы махляры прадавалі за мяжу драўніну, Лукашэнка заўважае: «Працавалі цэлы год па ўсёй краіне».

Ці яшчэ больш уражальная гісторыя з дырэктарам Палаца спорту. Аказваецца ён, пачынаючы ад 2014 году, патрабаваў грошы ад усіх, хто хацеў арандаваць памяшканьні палаца, нават ад манашак. Прычым рабіў гэта адкрыта, нікога не баяўся. Па ацэнках КДБ, дырэктар ператварыў хабар у сыстэму.

То бок цэлых чатыры гады зусім побач з будынкам, дзе працуе сам Лукашэнка, квітнела карупцыя. Узьнікае натуральнае пытаньне: а дзе ж усёбачнае вока КДБ? Па маіх падліках, у Беларусі існуюць цэлых 9 (дзевяць!) дзяржаўных органаў з правам апэратыўна-вышуковай дзейнасьці. І не даюць рады.

Тлумачэньне гэтай загадкі простае. Бо створаная ў Беларусі сацыяльная мадэль спараджае вельмі спрыяльныя ўмовы для карупцыі. Напрыклад, вялізарная роля дзяржавы, а значыць чыноўнікаў, у эканоміцы, увогуле ў грамадзкім жыцьці. Начальнікі рознага ўзроўню маюць вялікія паўнамоцтвы штосьці дазваляць ці забараняць. І гэта спрыяльная глеба для карупцыі.

За які кошт вышэйшыя чыноўнікі пабудавалі дарагія катэджы ў Драздах, Вясьнянцы і іншых падобных пасёлках?

Вось, напрыклад, калі б Палац спорту быў не дзяржаўнай, а прыватнай установай, то ці браў бы ягоны гаспадар хабар? Наўрад ці. Бо навошта красьці ў самога сябе? Усе выдаткі арандатараў былі б уключаныя ў цану арэнды.

Калі сюды дадаць адсутнасьць кантролю грамадзтва за працай уладных інстытутаў, непразрыстасьць усёй сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня, прававое бясчынства, залежнасьць суду ад выканаўчай улады, няроўнасьць грамадзян перад законам, то ўтвараецца такі карупцыйны кактэйль, зь якога і ўзьнікаюць падобныя справы. Мы ж бачым толькі вяршыню айсбэрга.

Прычым, як вядома, рыба гніе з галавы. Бо як толькі гаворка заходзіць пра карупцыю, то адразу ўзьнікае пытаньне: за які кошт вышэйшыя чыноўнікі пабудавалі дарагія катэджы ў Драздах, Вясьнянцы і іншых падобных пасёлках?

Таму ў доўгай барацьбе Лукашэнкі з карупцыяй перамог мацнейшы. То бок карупцыя.

Дэпутаты-карупцыянэры: калі абраньне ў мясцовыя саветы не стрымала ад злачынстваў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG