Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты-карупцыянэры: калі абраньне ў мясцовыя саветы не стрымала ад злачынстваў


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Ня ўсе дэпутаты, якіх абралі ў 2014 годзе ў менскія гарадзкі і абласны саветы, захавалі свой статус да сёньняшняга дня. Адбылося гэта з розных прычын. Хтосьці пайшоў на падвышэньне і вымушаны быў скласьці паўнамоцтвы, хтосьці пераехаў за межы Беларусі, хтосьці памёр... Але ў некаторых рэгіёнах ёсьць і яшчэ адна катэгорыя былых дэпутатаў — «дэпутаты-карупцыянэры». Пра іх у сёньняшнім выбарчым аглядзе.

Магілёўшчына: трое дэпутатаў абвінавачаныя ў карупцыі

Дваім дэпутатам суды вынесьлі пакараньні. Яшчэ адзін дэпутат — пад сьледзтвам.

Сьвятлана Браніцкая
Сьвятлана Браніцкая

Намесьніцы старшыні Горацкага райсавету Сьвятлане Браніцкай інкрымінавалі крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі. Сьледзтва ўстанавіла, што чыноўніца па сумяшчальніцтве бралася вучыць дзяцей ангельскай мове. Працоўныя адносіны афармляліся тэрміновымі дамовамі, але ўрокаў Браніцкая не праводзіла. За чатыры гады фіктыўнай пэдагагічнай дзейнасьці дэпутатка аблсавету зарабіла блізу 1,9 тысячы рублёў. Чыноўніцу зьвінавацілі таксама ў выкарыстаньні службовага аўтамабіля ў асабістых мэтах.

У Дрыбінскім судзе паведамілі, што Браніцкую пакаралі трыма гадамі зьняволеньня з адтэрміноўкай на два гады без канфіскацыі маёмасьці. Яна пазбаўленая на тры гады права займаць кіроўныя пасады. З выракам дэпутатка не пагадзілася і абскардзіла яго.

У сьпісе дэпутатаў абласнога савету пазначана, што Сьвятлана Браніцкая часова беспрацоўная.

Магілёўскія чыноўнікі, якіх зьвінавацілі ў «падрыве» аўтарытэту ўлады

На пяць гадоў пазбаўленьня волі за крадзеж і злоўжываньне ўладаю пакаралі старшыню сельгаспрадпрыемства «Дрыбін-агра» Дзьмітрыя Абазавіка. Горацкі суд пастанавіў канфіскаваць у яго маёмасьць.

Дэпутат аблсавету, паводле сьледзтва, карыстаючыся пасадаю, краў таварна-матэрыяльныя каштоўнасьці гаспадаркі і нанёс ёй шкоду ў 242 тысячы рублёў. Акрамя таго, ён неабгрунтавана завышаў заробкі работнікам будаўнічых брыгад.

Дзьмітры Абазавік вырак Горацкага суду абскардзіў. У сьпісе дэпутатаў абласнога суду пазначана, што ён часова беспрацоўны.

Мікалай Патрончык
Мікалай Патрончык

У сьледчым ізалятары ўтрымліваецца і кіраўнік Круглянскай ПМК Мікалай Патрончык. Яго вінавацяць у буйным крадзяжы маёмасьці прадпрыемства. Арыштавалі яго напрыканцы мінулага году, калі ўжо былі абвешчаныя выбары ў мясцовыя саветы.

Дэпутат аблсавету, паводле папярэдняй інфармацыі, нібыта змовіўся са сваім сынам і набываў у падстаўной фірмы запчасткі для тэхнікі прадпрыемства. На маёмасьць Мікалая Патрончыка накладзены арышт. Сын Мікалая Патрончыка таксама затрыманы.

Берасьцейшчына: кіраўніка памежнай групы пазбавілі дэпутацкіх паўнамоцтваў і меліся судзіць, але амніставалі

У 2015 годзе ў Берасьці пад суд трапіў кіраўнік Берасьцейскай памежнай групы Андрэй Кукара. На мясцовых выбарах 2014 году ён быў абраны дэпутатам Берасьцейскага абласнога савету па Берасьцейскай-Цэнтральнай акрузе № 1. У выніку дэпутацкія паўнамоцтвы зь яго былі зьнятыя.

Судзілі Андрэя Кукару паводле часткі 1 артыкула 455 Крымінальнага кодэксу Беларусі — «злоўжываньне начальніка або службовай асобы ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, перавышэньне ўлады або службовых паўнамоцтваў, наўмыснае бязьдзеяньне ўлады, учыненыя з асабістай зацікаўленасьці, якія пацягнулі за сабой прычыненьне стратаў у буйным памеры або істотнай шкоды правам і законным інтарэсам грамадзянаў або дзяржаўным ці грамадзкім інтарэсам».

Максымальнае пакараньне, якое пагражала экс-дэпутату, — да 6 год пазбаўленьня волі. Аднак былому памежніку-дэпутату пашчасьціла пазьбегнуць прысуду. Ленінскі суд Берасьця спыніў ягоную справу ў сувязі з тым, што Кукара падпаў пад амністыю, падставай для якой стаў ягоны ўдзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС.

Андрэя Кукару перавялі на пасаду кіраўніка Берасьцейскай памежнай групы ў 2012 годзе. Ён скончыў памежную акадэмію ФСБ Расеі і служыў у памежных войсках Беларусі з 1998 году.

Назіральнікі канстатуюць рэкорднае разыходжаньне яўкі выбарнікаў з афіцыйнымі дадзенымі на мясцовых выбарах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG