Папа рымскі Францішак прыняў у Ватыкане прэзыдэнта Турцыі Рэджэпа Эрдагана. Кіраўнік Турэцкай рэспублікі наведвае Ватыкан упершыню за апошнія 59 гадоў.
Канцылярыя прэзыдэнта Турцыі заявіла, што Эрдаган абмяркуе з пантыфікам, у прыватнасьці, статус Іерусаліма, двухбаковыя адносіны Анкары з Ватыканам, становішча ў Сырыі, міграцыйны крызыс, пытаньні тэрарызму, ксэнафобіі і ісламофобіі. Як паведамляе Reuters, Ватыкан падтрымлівае рашэньне палестына-ізраільскага канфлікту на аснове формулы «дзьвюх дзяржаў».
У 2014 годзе галава Рымска-каталіцкай царквы наведваў Турцыю. Адносіны паміж бакамі сталі напружанымі пасьля таго, як 2016 годзе папа назваў «генацыдам» масавыя забойствы армянаў салдатамі Атаманскай імпэрыі ў гады Першай сусьветнай вайны. Анкара супраць ужываньня тэрміна «генацыд» і абвінаваціла папу ў распаўсюдзе хлусьні.