Міжнародны алімпійскі камітэт задаволіў просьбу Беларускай фэдэрацыі біятлёну і выдаў 43-гадоваму нарвэскаму біятляністу Уле-Эйнару Бʼёрндалену акрэдытацыю на Алімпійскія гульні ў Пхёнчхане. Пра гэта БелТА паведаміў генэральны сакратар БФБ Анатоль Стромскі.
«Бʼёрндален накіруецца ў Пхёнчхан у складзе беларускай дэлегацыі за кошт трэнэрскай квоты, якая была ў біятляністаў. Дзякуем МАК, што дапамог нашай фэдэрацыі і знакаміты біятляніст будзе прысутнічаць на Гульнях», — сказаў Анатоль Стромскі.
Уле-Эйнар Бʼёрндален ня змог адабрацца ў якасьці атлета на сёмую для сябе Алімпіяду ў складзе каманды Нарвэгіі.
Беларуская фэдэрацыя біятлёну выступіла з ініцыятывай запрасіць біятляніста на Гульні ў складзе беларускай дэлегацыі. Ён мае дапамагчы у падрыхтоўцы сваёй жонцы Дарʼі Домрачавай, якая выступіць у лютым у Пхёнчхане.
Раней Б’ёрндален паказваў вынікі, якія ў Нарвэгіі палічылі недастатковымі для адбору ў нацыянальную зборную. Адмысловага запрашэньня «за ранейшыя заслугі» з боку арганізатараў Гульняў яму не далі, бо няма такой практыкі.
Спартовец заявіў, што яму «няпроста прыняць той факт», што Алімпіяда пройдзе безь яго, але справіцца з расчараваньнем дапамагла жонка — беларуская біятляністка, трохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар’я Домрачава, зь якой яны плянавалі разам трэніравацца.
За 25 сэзонаў Б’ёрндален 8 разоў станавіўся алімпійскім чэмпіёнам у біятлёне, 20 разоў чэмпіёнам сьвету, выйграў 6 Кубкаў сьвету, агулам мае 13 алімпійскіх мэдалёў (у тым ліку два залатыя за Сочы-2014).
Раней Б’ёрндален абяцаў пераехаць з Домрачавай у Беларусь і вучыць зь дзіцем расейскую мову.