Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Можа стаць косткай у горле ўлады». Першыя рэакцыі на абноўлены «дармаедзкі» дэкрэт


«Марш недармаедаў» у Бабруйску 12 сакавіка 2017
«Марш недармаедаў» у Бабруйску 12 сакавіка 2017

Аляксандар Лукашэнка падпісаў 25 студзеня дэкрэт № 1 па садзейнічаньні занятасьці насельніцтва. Што пра яго думаюць былыя ўдзельнікі «маршаў недармаедаў» і эканамісты?

У дакумэнце, сярод іншага, гаворыцца, што з 1 студзеня 2019 году беспрацоўныя працаздольныя беларусы будуць аплачваць датаваныя дзяржавай паслугі па іх поўнай цане. Канкрэтны пералік такіх паслуг даручана вызначыць ураду.

Разам з тым дэкрэт адмяняе «дармаедзкі збор».

Дэкрэт №1: вольнага доступу да базы «дармаедаў» ня будзе

Камэнтуючы новы дэкрэт, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сказаў карэспандэнту Свабоды, што «ўлады ўсё ж адступілі».

«Але, каб захаваць твар, і прыдумана, каб чалавек, які ня мае працы, аплачваў паслугі дзяржавы. Я думаю, што рэалізаваць гэта на практыцы будзе складана. Што гэта азначае? Калі дзеці ходзяць у школу, то чалавек мусіць за гэта плаціць? Ці калі нехта ня можа аплаціць паслугі ў паліклініцы, то будзе паміраць на вуліцы? Кожная такая сытуацыя можа стаць інфармацыйнай нагодай. Як раней пісалі пра «маршы недармаедаў». І гэты дэкрэт можа стаць косткай у горле ўлады, якой яна можа моцна папярхнуцца».

Гомельскі блогер Максім Філіповіч лічыць, што новы дэкрэт «паглыбляе праблему».

«Мала таго, што ў чалавека няма даходу, дык ён мусіць плаціць яшчэ за нешта больш? Гэта абсурд».

Эканаміст Яраслаў Раманчук мяркуе, што гэты дэкрэт можа прывесьці да яшчэ большых непаразуменьняў, чым папярэдні дэкрэт № 3.

«Пакуль няма нічога новага адносна таго, хто будзе гэтым „дармаедам“. Мэтадалёгія не акрэсьленая. І калі зноў пачнуць выстаўляць такія рахункі для так званых „дармаедаў“, то гэта будзе яшчэ адзін спускавы кручок народнага гневу».

Лукашэнка абавязаў «дармаедаў» плаціць цалкам за датаваныя дзяржавай паслугі​

Аляксандар Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» быў 2 красавіка 2015 года. Дакумэнт абавязваў грамадзянаў Беларусі, замежнікаў і асобаў без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі краіны і не ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаваньні менш як 183 каляндарныя дні за год, выплачваць збор у 20 базавых велічынь. Інакш ім пагражаў штраф альбо адміністрацыйны арышт.

Краіна дармаедаў. Спэцпраект Свабоды

Тэрмін выплаты збору скончыўся 20 лютага 2017 года. Паводле дадзеных Міністэрства па падатках і зборах, збор выплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні.

«Марш недармаедаў» у Горадні, 15 сакавіка 2017
«Марш недармаедаў» у Горадні, 15 сакавіка 2017

Дэкрэт выклікаў хвалю пратэстаў у Беларусі ўвесну 2017-га. Удзельнікі «Маршаў недармаедаў» патрабавалі адмяніць дэкрэт. Вулічныя акцыі жорстка разганяла міліцыя, іх удзельнікаў штрафавалі і каралі адміністрацыйным арыштам.

У сакавіку Лукашэнка пастанавіў прыпыніць на год дзеяньне дэкрэту пасьля масавых акцыяў пратэсту па ўсёй краіне, але пазьней заявіў, што не адмовіўся ад «падатку на дармаедаў». Ад чыноўнікаў гучалі розныя прапановы для абнаўленьня дэкрэту, у тым ліку супярэчныя Канстытуцыі. Кіраўнік дзяржавы патрабаваў абнавіць дэкрэт № 3 да 1 кастрычніка.

Раней паведамлялася, што дэкрэт зазнаў «карэнную рэканструкцыю», але ў чым яна палягала, не ўдакладнялася.

«Працую за 260 рублёў». Як жывуць героі веснавых «дармаедзкіх пратэстаў»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG