«Беларусь асьцярожна адкрываецца турызму, Міністэрства замежных спраў Нямеччыны папярэджвае, што краіна мае „сыстэму ўласных каштоўнасьцяў“ і што да паездкі трэба рыхтавацца. Гэтую сыстэму падчас свайго наведаньня Менску і шукаў аўтар артыкулу», — піша нямецкае інтэрнэт-выданьне www.bento.de — новы праект электроннай вэрсіі штотыднёвіка Der Spiegel.
Публікацыю перадрукавалі некалькі нямецкіх выданьняў. Яна выклікала шырокае абмеркаваньне на чытацкіх форумах і ў сацыяльных сетках. Многія чытачы не падзяляюць меркаваньня аўтара.
«Стуардэса на борце беларускай авіякампаніі „Белавія“ сустрэла мяне зь непранікальным тварам, — піша журналіст Даніэль Шрадэр (Daniel Schrader). — Па-сяброўску ўсьміхнуўшыся ёй, павітаўся: „Добры вечар!“. „Здравствуйте!“ — з тым жа непранікальным тварам адказала яна.
Зь лютага 2017 году грамадзяне Эўразьвязу цягам пяці дзён могуць знаходзіцца бязь візы ў Беларусі — краіне, якой кіруе аўтарытарны прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка і якую часта называюць „апошняй дыктатурай у Эўропе“. Але як гэта выглядае насамрэч, калі знаходзісься на месцы?
Наш самалёт зрабіў пасадку позна ўвечары. Ужо на ўзьлётна-пасадачнай паласе пасажыраў сустрэў вайсковец, які суправаджаў нас у будынак аэрапорту. Я запоўніў „міграцыйную карту“, якую падчас знаходжаньня ў Менску заўсёды мусіў насіць з сабой.
У гатэль прыбыў на таксі незадоўга да поўначы. Пры начной падсьветцы горад зь ягонымі некранутымі белымі фасадамі здаецца нейкім клінічна ахалоджаным, нежывым, пустынным».
У сваім артыкуле аўтар адзначае, што пры паездках па Менску карыстаўся таксі Uber.
Нібыта ў Савецкім Саюзе
Свой першы шпацыр па горадзе журналіст робіць па галоўнай яго магістралі — праспэкце Незалежнасьці. Плошча з помнікам Леніна, пасьля Палац Рэспублікі, абэліск Перамогі зь сярпом і молатам наверсе, па дарозе завітаў у ГУМ. Піша, што твары прадавачак, якія разглядалі яго падчас прагульваньня па праходах, «былі каменныя». На паліцах крамы стаялі ўпрыгожаныя кветкамі вазы ды талеркі ў найлепшых традыцыях савецкага кічу. Па ўнутраным радыё часта гучаў Modern Talking.
Аўтар падае прыкладзеныя фоты тыповага турыстычнага маршруту па Менску: Палац Рэспублікі, манумэнт на Плошчы Перамогі, брама гораду на Прывакзальнай плошчы, помнік з танкам у цэнтры, музэй Вялікай Айчыннай вайны, нацыянальны опэрны тэатар. Апошняе фота падпісвае: «Цудоўны тэатар».
У «Кухмістра»
Дэгустацыю беларускай кухні аўтар пачаў з рэстарацыі «Кухмістар», што непадалёк ад помніка-танка. Ён піша:
«Я замаўляю, ясна, нацыянальную страву — дранікі. Мушу чакаць гадзіну, усё згодна з сацыялістычным клішэ. Калі ежу нарэшце прыносяць, я ўжо такі галодны, што амаль усё праглынаю. Таму ўражаньне крыху прадузятае: шмат тлушчу, але смачна».
У наступныя дні, калі Даніэль Шрадэр гуляе па сучасным Менску, ён бачыць шмат самых розных сетак хуткага харчаваньня кшталту Burger King і KFC, «якія ў іншых краінах сьвету губляюць продаж, таму што не адпавядаюць тэндэнцыям здаровага ладу жыцьця».
Паводле аўтара, «у гандлёвым цэнтры „Galleria Менск“ інакш, чым у ГУМе. Замест вазаў з кветкамі ў крамках тут вырабы вядомых у сьвеце гандлёвых марак ад Sony да Reserved. А прадавачкі ветліва ўсьміхаюцца».
У старым горадзе, піша аўтар, выстраіліся ў шэраг клюбы і бары. Асабліва яму падабаецца «Чердак». «Тут жыцьцё іншае, не такое шэрае ды сумнае...П’ю белае расейскае піва, за маёй сьпінай танчыць моладзь. Нібыта ўсё гэта адбываецца ў Бэрліне ці Гамбургу».
«Нідзе на вуліцах ня бачыў так шмат паліцыянтаў і вайскоўцаў»
Паводле Даніэля Шрадара, адыход ад беларускай рэальнасьці займае ня шмат часу:
«Нягледзячы на фастфуд і заходнюю электроніку, паўсюль прысутнічае адчуваньне аўтарытарнай палітыкі. Столькі паліцыянтаў і вайскоўцаў на вуліцы, як у Менску, я больш не сустракаў нідзе. Напэўна ж, і агенты КДБ сустракаліся на шляху. Заснаваная некалі пры саветах сакрэтная служба па-ранейшаму існуе ў Беларусі пад гэтай старой назвай ды як і раней кантралюе беларускіх грамадзянаў — тыя, хто прадстаўляе апазыцыю, раздражняюць свайго прэзыдэнта.
Нямецкі журналіст адзначае, што названая Міністэрствам замежных справаў ФРГ «сыстэма ўласных каштоўнасьцяў» Беларусі выразна дэманструецца і ў музэі Вялікай Айчыннай вайны, які ён наведаў у апошні дзень паездкі. Размова ідзе пра інтэрпрэтацыю гісторыі Другой ўсясьветнай:
«Пад вялікімі шкляным купалам будынка з савецкім сьцягам наведнікам гісторыя савецкага ўварваньня ў Польшчу ў 1939 годзе падаецца як узьяднаньне Беларусі. Аншлюс балтыйскіх дзяржаваў апісваецца як добраахвотнае ўступленьне у склад СССР... Як шмат можа рабіць прапаганда ў час, калі людзям патрэбна ведаць і пра «альтэрнатыўныя факты».
Журналіст адзначае, што, нягледзячы на абвешчаную адкрытасьць, дазвол для турыстаў і кампаніяў наведаць краіну, бачыш, што нейкія ўласныя меркаваньні лепш пакінуць звонку. Менавіта гэтая супярэчнасьць і «зрабіла паездку экстраардынарнай».
«Млоснае адчуваньне заставалася да ад’езду. Нягледзячы на ўсё зьмены, Менск застаецца сталіцай «апошняй дыктатуры Эўропы», — піша Даніэль Шрадэр.
Чытачы спрачаюцца
Водгукі пад публікацыяй артыкулу ў «Фэйсбуку», на акаўнце SPIEGEL ONLINE.
- Uwe L. Jaehn: Ёсьць краіны, дзе прэса лісьлівіць перад сваім кіраўніцтвам Такое робіцца ня толькі ў краіне Лукашэнкі, але і ў краіне Мэркель. Я ня бачу тут нейкае «якаснае» мэдыя.
- Ruzana Reuther: Кароткая прагулка. Як можна спазнаць краіну ўсяго за некалькі дзён?.. І, дарэчы, памежны кантроль з удзелам людзей у вайсковай форме, як у менскім аэрапорце, даволі распаўсюджаная зьява для краін, дзе закрытыя межы. Погляд аўтара непрыязны. Але гэта дапушчальна.
- Sergej Tatsenko: Менск вельмі добры, чысты і гасьцінны горад. Многія гарады ва ўсім сьвеце могуць спакойна браць яго за ўзор. Ці сапраўды аўтар быў у Менску — гэта пытаньне. Ці не зьяўляецца заказным гэта інфармацыйнае сьмецьце?
- Bernd Meit: Быў некалькі гадоў таму ў Менску, і мне вельмі спадабалася. Атмасфэра грандыёзнай гасьціннасьці!
- Jonas Maurrant: Я знаходжу, што ў Менску — супэр.Усё чыста, і людзі вельмі цікаўныя, адкрытыя, гатовыя дапамагчы. Дарэчы, рэкамэндую карыстацца сеткай CouchSurfing. Увогуле не разумею, чаму аўтар аддае перавагу езьдзіць з Uber, а не ў мэтро?
- Rainer Lawrenz: Прынамсі дагэтуль не было такога, каб у Беларусі адвольна затрымлівалі іншаземцаў і абвінавачвалі іх у тэрарызьме, што ў іншых месцах здараецца.
- Rumba Ru: Апошняя дыктатура ў Эўропе? Ах, так! Расея не налажыць да Эўропы...А ацэнку разьвіцьцю ўсходнеэўрапейскіх краін дасьць час.
- Marcin Czerwinski: Давялося наведаць Менск двойчы. Кожны раз па некалькі дзён. Народ вельмі ветлівы, прыязны і гасьцінны. Уначы прыйшлося скарыстацца таксі, а цыгарэт не было. Кіроўца, усьміхаючыся, даў мне палову. Сустрэў там выдатных людзей і, дарэчы, маю будучую жонку.
- Pavlina Pa Ulov: У апошні месяц у нас гасьцілі сябры зь Беларусі. Мы самі былі некалькі разоў у гэтай краіне. Мая нявестка беларуска. Гатовая пацьвердзіць беларускую гасьціннасьць, калі размова ідзе пра знаёмых, сяброў, сямейнікаў.
- Brigitte Sautter: Калі назіраю за тым, што адбываецца вакол мяне, дык баюся, што Беларусі ня доўга засталося быць «апошняй» дыктатурай Эўропы. Тэндэнцыя да вяртаньня таталітарызму ў шэрагу краін вельмі моцная.
- Omar Sanchez: Апошняя дыктатура? І як мы тады назавём цяперашнюю Аўстрыю?
- Ingo Ernst: Турэччына, зразумела, не дыктатура?? Вельмі весела.
- John McMaster: Пачакаем! На чарзе Вугоршчына, Польшча
- Steffen Lammers: Чаму б не паехаць паглядзець туды, дзе ёсьць дыктатура?
- Michael Ritterswürden: Турысты едуць у краіны-дыктатуры, бо гэта танна.
- Kadir Kay: Акрамя таго, што гэта «дыктатура», краіна больш ніяк і невядомая